Раманчук прапануе адзіную праграму для апазыцыйных кандыдатаў

  • БелаПАН
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Яраслаў Раманчук прапануе дэмакратычным прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы падпісаць адзіную праграму прыхільнікаў перамен. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай прэс-службай палітыка заяве.

Раманчук лічыць, што адзінага кандыдата ад апазыцыі на выбарах не будзе: няма яўнага лідэра, а ёсьць лідэры са сваімі структурамі, рэсурсамі і аўтарытэтам. Немагчымы і агульны байкот, паколькі занадта розныя людзі апынуліся ў ліку прэтэндэнтаў. У той жа час, адзначае ён, 50% грамадзян яшчэ не вызначыліся, за каго галасаваць.

У гэтай сытуацыі Раманчук прапануе, на яго думку, "самы рэалістычны, правільны і надзейны спосаб кансалідацыі ўсіх дэмакратычных палітычных сіл". "Нас можа аб'яднаць адзіная праграма прыхільнікаў перамен. Прапаную ўсім патэнцыяльным кандыдатам як мага хутчэй пачаць яе распрацоўку і ўзгадненьне. З улікам каштоўнасьцяў і інтарэсаў зацікаўленых асоб я абавязуюся да 15 лістапада 2010 года прадставіць на абмеркаваньне праект такой праграмы. Яе пяць базавых каштоўнасьцяў — свабода, незалежнасьць, дэмакратыя, законнасьць і рынкавая эканоміка".

Раманчук лічыць, што да 24 лістапада праграма можа быць узгодненая і прынятая кансэнсусам. "У гэтым выпадку хто б ні быў зарэгістраваны, абавязуецца выкарыстаць яе ў якасьці сваёй прэзыдэнцкай праграмы. Выбаршчыкі пачуюць ад усіх прыхільнікаў перамен адно і тое ж", — сказаў ён.