Дзевяць супраць аднаго

10 з 11 патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі прадставілі ў выбарчыя камісіі неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч якасных подпісаў. Пра гэта "Свабодзе" сёньня паведаміў сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік. Паводле ягоных слоў, толькі прадпрымальнік зь Віцебску Ўладзімер Правальскі ня ўправіўся з заданьнем.

Хоць на сыстэматызацыю подпісаў абласным выбарчым камісіям даецца пяць дзён, яны ўправіліся з праверкай значна раней, сказаў сёньня "Свабодзе" сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

Мікалай Лазавік
"Раённыя і гарадзкія камісіі скончылі праверку подпісаў грамадзян, якія яны паставілі за патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. І ўжо адзначана — усе яны, за выключэньнем Уладзімера Правальскага, маюць неабходную падтрымку ў 100 тысяч подпісаў выбарцаў".

Такім чынам, удзельнікі гэтых выбараў ужо ўсталявалі рэкорд. Ніколі раней так шмат прэтэндэнтаў не набіралі 100 тысяч і болей подпіса, сапраўднасьць якіх пацьвердзілі б камісіі. Пра гэта гаворыць і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына:

Лідзія Ярмошына
"Калі мы возьмем выбары 1994 году, а тады была максымальная колькасьць будучых кандыдатаў, сем чалавек змаглі сабраць больш за 100 тысяч подпісаў. Зарэгістравалі тады шэсьць. Калі мы возьмем 2001 год, чатыры кандыдаты ў прэзыдэнты было зарэгістравана па выніках збору подпісаў. Гэтаксама, як у 2001, было і ў 2006 годзе".

Аналітык Вацлаў Арэшка ня лічыць такія вынікі сёлетняга збору подпісаў посьпехам дэмакратычных сілаў:

Вацлаў Арэшка
"Гэты натоўп кандыдатаў, па сутнасьці, дэвальвуе саму ідэю выбару дэмакратычнага прэзыдэнта ў Беларусі. З аднаго боку, гэта паказуха дэмакратыі для зьнешніх структураў — маўляў, у нас усё цудоўна. Хоць я думаю, што кожны, хто больш-менш уважліва сачыў за зборам подпісаў, разумее — далёка ня ўсе дзесяць кандыдатаў адэкватна сабралі гэтыя подпісы. Тут ёсьць сур'ёзны сумнеў наконт некаторых.

А з другога боку, чым больш так званых дэмакратычных кандыдатаў, тым менш галасоў набярэ кожны зь іх у працэсе галасаваньня".

Сябра сойму Партыі БНФ Вінцук Вячорка кажа, што ён прадбачыў такі варыянт рэгістрацыі:

Вінцук Вячорка
"Зьвязана гэта з памылкамі апазыцыйных прэтэндэнтаў і груповак, якія за імі стаяць. Паколькі ня быў вызначаны своечасова адзіны кандыдат, то, паводле правілаў усходніх адзінаборстваў, трэба замах праціўніка абярнуць такім чынам, каб ён быў супраць яго самога, то бок давесьці да абсурду. Вось жа шматгаловасьць прэтэндэнтаў і даведзеная да абсурду ў выглядзе шматгаловасьці кандыдатаў.

Улады тут дзейнічаюць вельмі прадумана і тэхналягічна. Простаму чалавеку, я сам быў сьведкам такіх размоваў, абсалютна нерэальна разабрацца ў шматлікіх імёнах, фатаграфіях, біяграфіях і праграмах".

Цяпер па 13 лістапада ўключна прэтэндэнты мусяць прадставіць у ЦВК заяву аб сваёй згодзе балятавацца на найвышэйшую пасаду, дэклярацыі аб прыбытку і маёмасьці ды іншыя дакумэнты. Цягам пяці наступных дзён праваахоўныя і фінансавыя структуры будуць правяраць гэтыя дадзеныя. Таму афіцыйная рэгістрацыя кандыдатаў і плянуецца на 18 лістапада.