Андрэй Расінскі: “Масакра” — адыход ад кінапартызаншчыны, якая надакучыла”

Андрэй Расінскі

Ці ня самай прыкметнай падзеяй на XVII Міжнародным кінафэстывалі «Лістапад» сталася прэм’ера фільма беларускага рэжысэра Андрэя Кудзіненкі «Масакра». Праўда, першы беларускі містычны трылер выклікаў абурэньне расейскіх гледачоў — за зьдзек зь вялікага Пушкіна і «несяброўскія» згадкі пра паўстаньне Кастуся Каліноўскага. Пра «лістападаўскія» падзеі мы пагутарылі з кінакрытыкам Андрэем Расінскім.
Міхась Скобла: «Андрэй, кінафэстываль „Лістапад“ доўжыцца ўжо тры дні. Я ня буду казаць, што ўсе ягоныя шаснаццаць папярэднікаў прайшлі незаўважна, але, як мне думаецца, „Лістападу“ заўсёды бракавала нейкіх знакавых падзеяў. Ці ёсьць на фэстывалі такія падзеі сёлета?»

Андрэй Расінскі: «Безумоўна. Больш за тое, кінафэстываль ледзьве не ўпершыню набыў уласны твар і ўласную канцэпцыю. Дагэтуль „Лістапад“ быў даволі млявым і нявыяўленым. Ён ня меў свайго акрэсьленага твару. Цяпер сытуацыя зьмянілася. Прыйшла новая маладая каманда. І была акрэсьленая даволі жорсткая канцэпцыя: „Лістапад“ — гэта фэстываль кіно Цэнтральнай Эўропы. Упершыню акрэсьліваецца, што для фэстывалю цікавая пост-сацыялістычная прастора і тыя праблемы, той кінематограф, які паўстае на гэтай прасторы. Гэта адзін накірунак, які вызначае адбор карцін і ракурс. Другі накірунак фэсту — гэта маладое кіно. Маладое кіно на фэстывалі абсалютна неабмежаванае, ёсьць карціны і з Лацінскай Амэрыкі, і з Азіі, вельмі цікавыя стужкі. Гэта тое, што пашырае фэстываль па-за межы пост-сацыялістычнай прасторы, надае яму вельмі сур’ёзны маштаб. Так што з „Лістападу“ атрымліваецца вельмі сур’ёзная кінематаграфічная пляцоўка. Сёлета фэстываль мае даволі моцную праграму. Я вылучыў бы, напрыклад, карціну рэжысэра Сяргея Лазьніцы „Шчасьце маё“, якая выклікала фурор у Канах. Дарэчы, Лазьніца — нараджэнец Баранавічаў, ён вельмі добра ведае беларускую культуру. У карціне „Шчасьце маё“ здымаўся беларускі актор, там працаваў беларускі гукарэжысэр. А адзін з ключавых эпізодоў карціны падказаў Сяргею Лазьніцу Васіль Быкаў.
Адзін з ключавых эпізодоў карціны падказаў Сяргею Лазьніцу Васіль Быкаў.
У фільме ёсьць эпізод, дзе партызаны прыходзяць да настаўніка, які вучыў дзетак падчас вайны. Спачатку вячэраюць у яго, а потым яго забіваюць — пасьля таго, як настаўнік сказаў, што якая б ні была ўлада, а вучыць дзетак трэба. Партызаны ня могуць дараваць яму такой калябарацыі… На „Лістападзе“ прадстаўленая вельмі цікавая польская карціна „Рэвэрс“ Барыса Лянкоша — такая гульня ў нуар, прычым, вельмі адмысловы пост-сацыялістычны нуар. Я б зьвярнуў увагу таксама на тое, што на фэстывалі адбылася прэм’ера „Масакры“ Андрэя Кудзіненкі».

Скобла: «Пра „Масакру“ мы яшчэ пагаворым. Калі вызначаць па рэпэртуары, па зорных імёнах, то „Лістапад“ да якіх фэстываляў бліжэй — да Канскага, да Венэцыянскага, ці да тых, якія праводзяцца на ўсход ад нас, скажам, у Ханты-Мансійску?»

Расінскі: «Спачатку „Лістапад“ быў даволі вялым фэстывалем для краінаў — рэспублікаў колішняга Савецкага Саюзу. Цяпер, з акрэсьленай канцэпцыяй, з прафэсійным журы, якое будзе вызначаць карціны-пераможцы, з новымі гасьцямі, робіцца крок да таго, каб стаць фэстывалем клясу „А“, увайсьці ў міжнародную кагорту фэстываляў. Куды ўваходзяць і Канскі, і Венэцыянскі, і Маскоўскі фэстывалі. Гэта вельмі сур’ёзная заяўка. Выбачаюся, я не назваў яшчэ адзін вельмі цікавы кірунак фэстывалю. Гэта дакумэнтальнае кіно. На „Лістападзе“ прадстаўленыя сапраўды адборныя, вартыя стужкі, напрыклад, польская карціна „Лісты да запатрабаваньня“ — прыпавесьць пра жыцьцё. Грузінская карціна „Прытулак“ ужо атрымала прыз фэсту „Maгніфікат“. Адбыўся паказ нямецкай карціны „Жанчына зь пяцьцю сланамі“ — пра старэнькую жанчыну-перакладчыцу, якая перакладае Дастаеўскага. На фэстывалі пройдзе таксама конкурс маладога дакумэнтальнага кіно, і там будуць прадстаўленыя сярод іншых і беларускія стужкі. Напрыклад, стужка Андрэя Куцілы „Днюка“, стужка „Да веку“ рэжысэркі Махавай. Увогуле, усе фільмы, якія прадстаўленыя на „Лістападзе“, ужо былі на міжнародных фэстывалях, яны ўжо выклікалі ўвагу публікі да сябе, выклікалі ўвагу журы, многія маюць міжнародныя ўзнагароды».

Скобла: «Адным з ганаровых гасьцей менскага кінафэстывалю стаў Вахтанг Кікабідзэ, вядомы апошнім часам сваімі антырасейскімі заявамі. Ці ня стала яго запрашэньне ў Менск пэўным палітычным крокам, як і інтэрвію па БТ Міхаіла Саакашвілі?»

Расінскі: «Кікабідзэ — вядомы творца, і называць яго выказваньні антырасейскімі я б не адважыўся. Яны — прагрузінскія, яны — проста прачалавечыя. Ён — выдатны сьпявак, актор. Вельмі добра, што яго запрасілі».

Паддчас фільмаваньня «Масакры».
Скобла: «На „Лістападзе“ нарэшце адбылася прэм’ера „Масакры“ — фільму, які мае распачаць „новую эру беларускага кіно“, як пішуць на рэклямных плякатах. Дык ці апраўдала гэтая стужка надзеі, якія на яе ўскладаліся?»

Расінскі: «Масакра» — вельмі сур’ёзны крок у бок новага беларускага кіно і беларускага жанравага кінематографу. Карціна, якая можа выклікаць абурэньне аматараў занадта фэстывальнага кіно, таму што гэта здрада нізавому жанру — «разудалай» мэлядраме. З другога боку, карціна можа выклікаць незадаволенасьць чыпсаедаў, таму што яна мае некалькі сэнсавых паверхаў, там ідзе гульня з жанрамі, абыгрываньне жанраў. Але «Масакра» будзе мець вельмі ўдзячную аўдыторыю. У яе будуць вельмі ўдзячныя гледачы, якія паглядзяць гэтую стужку некалькі разоў.
«Масакра» мае шанец стаць эўракультавым фільмам, гэта значыць, жанравай карцінай эўрапейскага кіно.
«Масакра» мае шанец стаць эўракультавым фільмам, гэта значыць, жанравай карцінай эўрапейскага кіно, якія вельмі любіць аўдыторыя, якая захапляецца жанравым кіно. «Масакра» — рашучы адыход ад кінапартызаншчыны, якая ўжо надакучыла«.

Скобла: Слова «масакра» перакладаецца з ангельскай мовы як разьня, пабоішча. У фільме шмат забойстваў…"

Расінскі: «Няшмат. Сем з паловаю».

Скобла: «Гэта нямала. Ці не спазьніліся беларусы з такімі адкрыцьцямі на ўсясьветны кінарынак?»

Расінскі: «Не спазьніліся. Тут ня спозьнісься. Дарэчы, нягледзячы на тое, што ў фільме сем з паловаю забойстваў, усе гэтыя забойствы абыграныя вельмі цнатліва, вельмі па-майстэрску, з дапамогай мантажу, ракурсаў, крыкаў, вынаходніцтваў у тым ліку. Я думаю, што сцэна забойства ў саламяным пакоі ўвойдзе ў кінаанталёгіі».

Скобла: «Я невыпадкова згадаў пра ўсясьветны кінарынак. Ёсьць варыянт „Масакры“ на ангельскай мове. Ці мае яна шанцы на пасьпяховы пракат у замежжы?»

Расінскі: «Яна мае шанцы на тое, што яе будуць шукаць калекцыянеры для хатніх праглядаў, для сваёй асалоды. Я думаю, стужка сябе акупіць. Безумоўна, беларускі рынак пры любым раскладзе — маленькі для пракату. Важна, каб стужка пайшла ў іншых краінах. Я думаю, што яна можа добра сябе акупіць менавіта пасьля міжнароднага выпуску на DVD, на ангельскай мове. Стужку ўжо запрашалі на фэстывалі адмысловага жанравага кіно, і там ёй самае месца».

Скобла: «Значыць, у „Масакры“ самая аптымістычная будучыня?»

Расінскі: «Аптымістычная. Але гэта не абсалютна простае і абсалютна лінейнае галівудзкае кіно, дзе ўсё спрошчана. У „Масакры“ некалькі паверхаў, гульня з жанрамі і цытатамі. Калі ўсё гэта ведаеш, то атрымліваеш вялікую асалоду. Калі ня ведаеш — трэба паспрабаваць расшыфраваць усё гэта. Назаву галоўных стваральнікаў фільма: рэжысэр — Андрэй Кудзіненка, сцэнарысты — Аляксандар Качан і Андрэй Кудзіненка, галоўныя ролі выконваюць Дзьмітры Мілер, Мая Курдзіневіч. У фільме зьняліся таксама Сьвятлана Зелянкоўская і Аляксандар Колбышаў — акторы-талісманы Кудзіненкі…»

Скобла: «Вядомыя яшчэ па фільме «Акупацыя».

Расінскі: «Так-так. Дарэчы, там ідзе спасылка на „Акупацыю“, нават абыгрываюцца асобныя сцэны зь яе. У абедзьвюх стужках — гульня з тытрамі, можа, нават ненаўмысна так атрымалася, беларуская мова ў гэтых фільмах мае такі партызанскі характар, і гэта добра абыгрываецца. Мантаж рабіў Аляксандар Дэбалюк, які быў прадусарам „Акупацыі“. Так што можна сказаць: на „Масакры“ працавала старая каманда. Дарэчы, часам даводзіцца чуць: чаму ўсё ж Андрэй Кудзіненка запрасіў расейскіх актораў на галоўныя ролі? Справа ў тым, што ён шукаў беларускіх актораў на гэтыя ролі. Трэба было сыграць графа, шляхцянку. Шукаў і — не адшукаў. Знайшліся расейскія акторы, дарэчы, расейскія крытыкі думалі, што гэта беларускія акторы — яны без акцэнту па-беларуску размаўлялі. Дарэчы, тыя самыя крытыкі абураліся, што ў „Масакры“ навідавоку зьдзек зь вялікай расейскай літаратуры. Там герой, малады авантурнік, абсалютна недарэчы цытуе Пушкіна. У нас гэта выклікае сьмех, а расейцы абураліся. Таксама ім былі незразумелыя нейкія гістарычныя намёкі на паўстаньне Кастуся Каліноўскага. Яны ж пра яго нічога ня ведаюць, і ім гэта не зразумела. Для нас, вядома ж, усё зразумела».



Скобла: «Ваенная тэма, якая, як і за савецкім часам, ізноў дамінуе на „Беларусьфільме“, не дапамагла стварыць беларускае нацыянальнае кіно. А містыка паспрыяе?»

Расінскі: «Наконт ваеннай тэмы ня ўсё так адназначна. Усё ж ваенныя фільмы ў Беларусі былі дастаткова моцнымі. Напрыклад, стужкі Віктара Турава, ці працы Валянціна Вінаградава, які быў, фактычна, забаронены ў Беларусі. А тая ж «Акупацыя».

Скобла: «Акупацыя» здымалася не на «Беларусьфільме».

Расінскі: «Так, не на „Беларусьфільме“, але гэта беларускае кіно. Хутчэй за ўсё, будзе яшчэ адна ваенная стужка, якую здыме на „Беларусьфільме“ Сяргей Лазьніца. Ён зьбіраецца экранізаваць „Балота“ Васіля Быкава… Але жанр, які абсалютна пасуе для Беларусі — гэта жанр містычнага трылеру. Містычны трылер, або, як кажа Андрэй Кудзіненка, бульбахорар — гэта абсалютна беларускі жанр, таму што ён дазваляе тыя сацыяльныя і палітычныя выказваньні, якія ў іншым жанры немагчымыя. Напрыклад, у фільме „Масакра“ мядзьведзь задзірае расейскага генэрала. Што дазволена містычным пэрсанажам, тое не дазволена пэрсанажам іншым».