Ці праваліўся Правальскі?

8-га лістапада – апошні дзень праверкі якасьці подпісаў, сабраных у сваю падтрымку патэнцыйнымі кандыдатамі на прэзыдэнта Беларусі. Гэтай працай займаюцца раённыя і гарадзкія выбарчыя камісіі. Аднак канчатковыя вынікі праверак стануць вядомыя толькі праз пяць дзён.

Паводле закону, прэтэндэнт павінен сабраць 100 тысяч якасных подпісаў. Ня будзе такой колькасьці, значыць ня будзе і афіцыйнай рэгістрацыі. А падставаў для выбракоўкі подпісаў выбарчае заканадаўства прадугледжвае каля дзесятка. Напрыклад, падпісант не зьяўляецца грамадзянінам Беларусі, хаця і жыве ў краіне. Альбо падпісанту няма яшчэ 18 гадоў, нават калі да гэтай даты не хапае ўсяго аднаго дня.

На праверку аркушы з подпісамі перадалі 11 кандыдатаў. Увечары 5 лістапада, скарыстаўшыся з прысутнасьці на паседжаньні Цэнтравыбаркаму, я запытаўся ў Лідзіі Ярмошынай, як праходзіць праверка падпісных аркушаў?

"Ад кожнага кандыдата, калі не лічыць спадара Правальскага, адсеялася пэўная колькасьць падпісных аркушаў. Гэта – альбо ксэракопіі, альбо здадзеныя не на тых тэрыторыях, дзе подпісы зьбіраліся. То бок кожны кандыдат згубіў дзесьці па некалькі тысяч. Тым ня менш, пакуль у кожнага зь іх застаецца больш за 100 тысяч подпісаў. Акрамя спадара Правальскага. Паводле дадзеных тэрытарыяльнай камісіі, у яго застаецца ўсяго каля 700 подпісаў. А ўсё астатняе гэта – копіі гэтых 700".
у кожнага зь іх застаецца больш за 100 тысяч подпісаў


Уладзімер Правальскі, зь якім я размаўляў 6 лістапада, сказаў, што толькі з мэдыяў ведае пра тое, што ў ягоных падпісных аркушах ўсяго каля 700 арыгінальных подпісаў, а ўсё астатняе гэта ксэракопіі гэтых подпісаў. І ніякіх афіцыйных дакумэнтаў з Цэнтравыбаркаму на гэты конт ён не атрымліваў, -- кажа Ўладзімер Правальскі:

"Заявы Ярмошынай ў мяне няма. Учора я асабіста наведаў Цэнтральную выбарчую камісію. Адвёз туды ўсе астатнія дакумэнты для афіцыйнай рэгістрацыі мяне кандыдатам у прэзыдэнты: біяграфію, дэклярацыі маёмасьці – сваю і жонкі, даў пісьмовую згоду балятавацца ў прэзыдэнты...У мяне іх прынялі супрацоўнікі ЦВК. І яны мне абсалютна нічога пра подпісы не сказалі. Па выразу іх твараў я бачыў вельмі добразычлівае да мяне стаўленьне".
яны мне абсалютна нічога пра подпісы не сказалі


Уладзімер Правальскі кажа, што ягоная ініцыятыўная група здала ў рэгіянальныя камісіі 109338 подпісаў.

А што вядома пра якасьць здадзеных подпісаў кандыдатам у прэзыдэнты? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да Паўла Севярынца -- кіраўніка выбарчага штабу Віталя Рымашэўскага. Суразмоўцу выбраў невыпадкова. Менавіта каманда спадара Рымашэўскага падала на праверку ў выбарчыя камісіі найменшую колькасьць подпісаў – 105318. Таму для яе гэта пытаньне найбольш балючае.

Спадар Севярынец кажа, што дадзеныя пакуль у яго пераважна з буйных гарадоў:
бракуецца ад некалькіх подпісаў да некалькіх дзесяткаў


"Там бракуецца ад некалькіх подпісаў да некалькіх дзесяткаў. У Ленінскай раённай камісіі Магілёву забракавана 16 подпісаў з 3300. У Чыгуначнай камісіі Віцебску -- некалькі подпісаў. Гэтаксама і ў Жодзіне. Але разам з такімі аптымістычнымі вынікамі праверкі ў камісіях ёсьць і факты ціску на тых людзей, якія падпісваліся за Рымашэўскага. Патрабуюць, каб яны адмовіліся ад сваіх подпісаў. Такое адбываецца, напрыклад, у Мёрах, Рэчыцы".