Мінуўшчына і будучыня Агінскага канала

Выганашчы, Івацэвіцкі раён

Ідэя злучыць водныя артэрыі паміж Чорным і Балтыйскім морам, напэўна, існавала ад нараджэньня гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Але ажыцьцявіць гэтую ідэю патрапілі напрыканцы 18 стагодзьдзя. Пінскі негацыянт Мацей Бутрымовіч стварыў і абгрунтаваў, кажучы сёньняшняй моваю, такі грандыёзны праект, як злучэньне каналам Шчары і Ясельды. Ідэю падтрымаў Сойм Рэчы Паспалітай, а сродкі выдаткаваў магнат Міхал Казімір Агінскі. У 1804-м годзе прыгожая ідэя стала яваю. І складаная артэрыя зь дзесяцьцю шлюзамі запрацавала на поўную магутнасьць. Шляхам ад Дняпра да балтыйскіх партоў пачалі перапраўляць тоны лесу, збожжа ды іншых тавараў.


Калі ехаць ад мястэчка Целяханы да Выганашчанскага возера, дык уздоўж дарогі ўвесь час цягнецца маленькая, зарослая рачулка. Ледзь не ручаёк. Літаральна ў мэтар шырынёй. Цяжка ўявіць, што гэты зарослы хмызьняком ручаёк і ёсьць легендарны канал Агінскага, па якім некалі хадзілі караблі і сплаўлялі лес. Пра тое, што гэта непрыродная артэрыя, кажа толькі яе ідэальная просталінейнасьць. Вёска Выганашчы ляжыць па абодва берагі каналу. Канал з мосьцікамі робіць Выганашчы падобнымі да Вэнэцыі. Тая ж канфігурацыя. Толькі замест маўрытанскіх палацаў уздоўж берагоў цягнуцца вясковыя хаты. Каля адной зь іх сумуе старая. Выганашчанка Ганна любіць пастаяць на беразе. Яна памятае канал зусім іншым.

Карэспандэнт: «Канал такі самы быў пры паляках?»

Ганна: «Чысты быў. Вунь там быў жалезны мост. Адкрываўся і закрываўся. Пры паляках тут чысьціня была. Параходы хадзілі. Ідуць па канале, спрэс музыка грае. А дзеці ўсьлед бягуць. І на лодачках такіх…»

Карэспандэнт: «На байдарках».

Ганна: «Езьдзілі. Прыгожа было».

Карэспандэнт: «А калі ж ён так зарос?»

Ганна: «О! Ужо 70 гадоў, як вайна скончылася».

Карэспандэнт: «Пасьля вайны ён і зарос?»

Ганна: «Так. Ужо сталі рускія. Расея заняла. У нас людзі не жылі заможна. Бо не было, чым разжыцца».

Карэспандэнт: «А з рыбы жылі?»

Ганна: «Тут рыба такая ня была, як цяпер. Быў карась чырвоны, чырвоны. Ды тлусты быў які! А рыбу лавілі тут у канаве сеткамі. Лавілі. Цікава было б, каб і далей так было. Але ж бачыш, чорт наеўся. Гэты немец. Ну яго. А хто вінаваты? Вайна вінавата. Хто яго ведае, як далей было б».

Да вёскі далятаюць гукі працуючай цяжкай тэхнікі. Гэта працуюць землеснарады. Рэчышча старога каналу пашыраецца на вачах. Але дарога да Выганашчанскага возера перагароджаная шлягбаўмам. За магчымасьць праехаць на возера трэба заплаціць дзьве тысячы рублёў. Сівы брамнік усё жыцьцё прарабіў у Выганашчах.


Карэспандэнт: «Вам бы з турызму жыць».

Брамнік: «Ня едуць турысты. Я ўсё жыцьцё прарабіў на возеры. Калісьці немцы вельмі шмат езьдзілі. Няма тых зьвяроў ужо».

Карэспандэнт: «А, яны езьдзілі на паляваньне».

Брамнік: «Так. Мала езьдзяць. Вельмі цяжкая ўся гэтая перавозка зброі. Самі робяць такую кепскую абстаноўку нашы ўлады. Каб прасьцей быў пераезд, людзі, можа б, і езьдзілі».

Карэспандэнт: «Карацей, пра турызм балбочуць».

Брамнік: «Балбочуць, а ня робяць».

Карэспандэнт: «А самі выганашчанскія? Ці шмат тут паляўнічых?»

Брамнік: «Ёсьць браканьеры. Я калісьці мог рыбіну злавіць. Сеткі ставілі. Строга было таксама. Але ж такіх пакараньняў не было. Зловіць рыбнагляд — заплаціш дваццаць рублёў. А цяпер дадуць мільёнаў дзесяць».

Карэспандэнт: «Людзі ня вешаюцца?»

Брамнік: «Вешаюцца. Але ўсё роўна лезуць. Вунь там пабачыце хату, вецер сарваў дах. Гасьцініца. Дом Машэрава. Будавалі для Машэрава. Але, як ён разьбіўся ў 80-м, ён нават ня быў у гэтым доме. Была гонта. Пад гонту прыбіты шыфэр. А зараз гэты шыфэр сьвеціцца. Безгаспадарчасьць».


Калі будзеце ў тых краях, дык не пашкадуйце тых невялікіх грошай, каб даехаць да возера. Празь пяць кілямэтраў вам адкрыецца адзін з найцудоўнейшых беларускіх краявідаў. Бераг упрыгожаны пірсам, ля якога стаіць белы цеплаход, і драўляным церамам. Гэта паляўнічы дамок, у якім не пашэнціла адпачыць Пятру Машэраву, але дзе ўсяго за 70 тысяч рублёў можа адпачыць любы жадаючы. Мясцовы супрацоўнік бачыў тут гасьцей розных нацыянальнасьцяў.


Карэспандэнт: «А хто Вам больш падабаецца?»

Служачы: «Усе аднолькавыя».

Карэспандэнт: «А чаявыя даюць?»

Служачы: «Я аднаму італьянцу машыну памыў, дык 25 эўра даў».

Карэспандэнт: «А хто самыя шчодрыя?»

Служачы: «Італьянцы».

Карэспандэнт: «А браты расіяне?»

Служачы: «Анічога не даюць. Галовы пазабіралі нават зь дзікоў. Эўрапейцы ж едуць на паляваньне, дык бяруць толькі трафэі — рогі. А мяса пакідаюць.

Канал моцна пацярпеў падчас польска-савецкай вайны 1920-га году. Але ў 1928-м годзе, дзякуючы польскім уладам, ізноў ажыў, зрабіўшыся аб’ектам турыстычнага паломніцтва. Вольга Палячкова, 80-гадовая вясёлая кабета, памятае, якая была ў канала глыбіня.


Вольга: «Я памятаю, як я купалася. Як я тапілася добра памятаю. На беразе была зламаная адна калодзіна. І мы называлі „на зламанае“. „Хадзем на зламанае купацца“. Канал быў глыбокі. Гэта не канал, гэта казка была».

Карэспандэнт: «У чым была казка?»

Вольга: «Чысты, акуратны. „Бічэўнік“ быў, дзе людзі хадзілі на шпацыр. Цяпер датуль ня зойдзеш. Цяпер жа людзі сталі нейкія варвары. А тады людзі неяк адно аднаго паважалі. Адно да аднаго хадзілі. Цяпер ніхто ня ходзіць адно да аднаго. Зь Пінску прыяжджалі. Было такое сьвята „Сьвентэ можэ“. І на каяках прыяжджалі зь Пінску. Байдаркі гэты. Плялі вяночкі, сьвечку ставілі. І пускалі на ваду. Гэта я вельмі добра памятаю».

Карэспандэнт: «І ўсё возера было…»

Вольга: «Вельмі прыгожае. Цяпер я ня ведаю, дзе моладзь ходзіць. А то па бічаўніку лавачкі стаялі. Сядзеш і папяеш. Сустрэнесься са сваім кавалерам. А цяпер дзе яны сустракаюцца і што робяць? Мы заўсёды на канал ішлі».

І цяпер моладзь часта можна сустрэць на канале. Што праўда, зьбіраюцца толькі адны кавалеры. Без цудоўных сваіх палавінак. І на дзяжурнае пытаньне журналіста «як жыцьцё?», даюць кароткі і вычарпальны адказ.


Карэспандэнт: «Добры дзень, мужыкі».

Мужык: «Якія праблемы?»

Карэспандэнт: «Як жыцьцё ў Выганашчах?»

Мужык: «… (лаянкавае слова)».

Карэспандэнт: «А чаму?»

Мужык: «Няма працы. Бяз працы ўжо колькі гадоў. І колькі моладзі бяз працы сядзіць. Куды хочаш, туды і дзявайся. Раней калгас другое месца ў раёне трымаў. А цяпер усё развалілі».

Карэспандэнт: «А як вы глядзіце тэлевізар? Пра адраджэньне вёскі».

Мужык: «Во пастух. Спытай, колькі ён атрымлівае. Колькі ты атрымліваеш?»

Пастух: «Пяцьсот тысяч».

Пра сярэднюю зарплату ў 500 даляраў у мужыкоў ёсьць сваё меркаваньне.

Мужык: «Гэта хітрая штука. Дырэктара, старшыню, старшыню райвыканкаму… Дык трэба браць раба асобна, а ўсіх гэтых… Дык 500 даляраў трэба будзе чакаць сто гадоў.

Мужык: «Лукашэнка сам ня ведае. Зараз за яго адны пэнсіянэры пойдуць галасаваць. Моладзь ня пойдзе. Бо моладзь не атрымлівае. І беспрацоўныя таксама супраць яго ідуць. Адны пэнсіянэры толькі за яго пойдуць. Вось тут яму і разьлік».

Карэспандэнт: «А хто замест яго?»

Мужык: «А там некага другога выбіраюць…»

Карэспандэнт: «А як яго завуць, вы ведаеце?»

Мужык: «Ня знаю».

Гэты селянін ужо не давярае Лукашэнку. Але працягвае наіўна верыць, што ягоны голас будзе падлічаны. Дарэчы, я ня ў першыню чую з вуснаў вяскоўцаў слова «раб».

Другая сусьветная вайна прынесла каналу разбурэньні, але не фатальныя. Канчаткова дабілі артэрыю ў 60-я гады, калі былі ўзарваныя ўсе шлюзы і была праведзеная мэліярацыя. Але што чакае Агінскі канал заўтра? Па адказ я зьвярнуўся да дырэктара Выганашчанскага ляндшафтнага заказьніка Сяргея Габеца.


Сяргей: «Гэта быў водны гандлёвы шлях. У саракавым годзе па ім праходзіла дзьве з паловай тон грузаў. Плюс прыяжджалі турысты. У асноўным з цэнтральнай Польшчы».

Карэспандэнт: «Сёньня, гледзячы на гэты ручаёк, цяжка паверыць, што па ім магло нешта сур’ёзнае хадзіць. Наколькі рэальна аднавіць тое, што было раней?»

Сяргей: «Калі нашыя продкі 250 гадоў таму зрабілі гэты шлях, то нам будзе сорамна яго не аднавіць. Улічваючы тое, што Беларусь накіраваная на тое, каб паболей было турыстаў, паболей у бюджэт ішло грошай, для гэтага трэба нешта рабіць».

Карэспандэнт: «Калі рэальна можна будзе прыехаць у Выганашчы, і як турысту пракаціцца? Празь пяць гадоў, празь дзесяць?»

Сяргей: «Ужо стаіць цеплаход „Паланэз“. І ўжо ў гэтым годзе праводзіліся экскурсіі на дзясяты шлюз. Яшчэ Агінскі канал не працуе. Шлюзы не працуюць. Таму працягласьць маршруту невялікая».

Карэспандэнт: «А плянуецца да Целяханаў?»

Сяргей: «У плянах зьдзейсьніць маршрут ад Аўгустоўскага каналу па рацэ Нёман, па Шчары і Ясельдзе да Прыпяці. Такі закальцаваны водны турыстычны маршрут, які злучыць Заходнюю Эўропу зь Беларусьсю. Калі падлучыць ня толькі грошы беларусаў, але і грошы заходніх інвэстараў, то, я думаю, гэтую справу можна паскорыць».


Спадар Сяргей ускладае вялікую надзею на грошы замежных інвэстараў і даходы ад турыстаў. Але мне здаецца, трэба кіравацца міжваенным досьведам аднаўленьня каналу. Ня толькі дзеля прыбытку Агінскі канал мусіць быць адроджаны. Помнікі гісторыі ня трэба мераць матэрыяльнай мэтазгоднасьцю. Адраджаць трэба зь любоўю да сваёй гісторыі і дзеля сваіх дзяцей. Зрэшты, думка гэтая настолькі відавочная, колькі і ня новая…

http://maps.google.com/maps/ms?hl=en&ie=UTF8&oe=UTF8&msa=0&msid=103600678178428685206.00046355b62ab3e327e28&source=embed&ll=52.782831,26.045837&spn=0.581435,1.447449&z=9&iwloc=lyrftr:msid:103600678178428685206.00046355b62ab3e327e28,00049429de745b9d15561,52.61639,25.916748,0,-32&output=embed
Падарожжы Свабоды