Някляева ня пускаюць на Ўсебеларускі народны сход

Уладзімер Някляеў

Супрацоўнікі выканкаму Ленінскага раёну Менску адмовілі Ўладзімеру Някляеву ў рэгістрацыі ў якасьці ўдзельніка сходу ўпаўнаважаных па вылучэньні дэлегатаў на Ўсебеларускі народны сход.

Гэта азначае, што спадар Някляеў ня зможа стаць і дэлегатам асноўнага форуму.

Як распавяла юрыстка Раіса Міхайлоўская, працэдура вылучэньня дэлегатаў сходу вельмі складаная і закрытая.

У апошні дзень вылучэньня так званых «упаўнаважаных» актывістам кампаніі «Гавары праўду» зь вялікай цяжкасьцю ўдалося даведацца пра мэханізм і квоты вылучэньня дэлегатаў.

27 кастрычніка (той самы апошні дзень вылучэньня «ўпаўнаважаных») яны арганізавалі сход жыхароў Ленінскага раёну на вуліцы Ракасоўскага. Гэты сход і вылучыў 9 упаўнаважаных. У тым ліку спадара Някляева.

Сам сход упаўнаважаных адбудзецца 4 лістапада, але сёньня прайшло паседжаньне аргкамітэту Ўсебеларускага народнага сходу па Ленінскім раёне. Там праводзіўся адбор упаўнаважаных. У выніку Няклява і яшчэ 8 вылучэнцаў упаўнаважаных не прызналі паўнамоцнымі, паколькі згаданы сход жыхароў на вуліцы Ракасоўскага нібыта ня меў кворуму.

Таму і дэлегатам Усебеларускага сходу Някляеў ня будзе.