Парлямэнцкія выбары ў ЗША і “Рух Чаяпіцьця”

Акцыя пратэсту “Руцу Чаяпіцьця”

2 лістапада ў ЗША праходзяць прамежкавыя выбары: амэрыканцы будуць пераабіраць увесь склад ніжняй палаты Кангрэсу – палаты прадстаўнікоў, траціну Сэнату і губэрнатараў шэрагу штатаў. Адна з галоўных інтрыгаў выбараў – уплыў створанага летась правапапулістычнага “Руху Чаяпіцьця”, які ўвасабляе сабой рэакцыю на кіраваньне прэзыдэнта Барака Абамы.

Усе апытаньні сьведчаць пра тое, што выбары зьменяць расстаноўку сілаў у Кангрэсе – паводле прагнозу, дэмакраты страцяць большасьць у палаце прадстаўнікоў, але, магчыма, захаваюць невялічкую перавагу ў Сэнаце.

Няспраўджаныя надзеі на Абаму


Што зьмянілася ў параўнаньні з 2008 годам, калі Барак Абама выйграў прэзыдэнцкія выбары, а Дэмакратычная партыя – Кангрэс, на хвалі надзеі і энтузіязму? На думку экспэртаў прычына – як раз у няспраўджаных завышаных надзеях.

Гаворыць экспэрт у справах выбарчых кампаній, прафэсар Каліфарнійскага ўнівэрсытэту Брус Кэйн:

“Эканаміка аказалася больш складанай задачай, чым думала каманда Абамы. Яны меркавалі, што змогуць перамагчы беспрацоўе пакетам эканамічных стымулаў. Але, як паказаў досьвед і іншых краінаў, нават пры выкарыстаньні гэтых мераў узровень беспрацоўя застаецца дастаткова высокім. У выніку людзі левых поглядаў мяркуюць, што пакет стымуляцыйных мераў быў замалы, людзі правых поглядаў – што ён няправільна ўжываўся”.

Беспрацоўе ў ЗША застаецца на вельмі высокім узроўні – каля 10%, што на думку многіх зьяўляецца асноўнай прычынай незадавальненьня палітыкай дэмакратычнага прэзыдэнта Абамы. Нават некаторае ажыўленьне эканомікі не прыводзіць пакуль да істотнага зьніжэньня беспрацоўя – бізнэс абыходзіцца меншай колькасьцю занятых.

Апытаньні выяўляюць імкненьне амэрыканцаў абіраць новых людзей з новымі падыходамі: 57% выказваюць гатовасьць галасаваць за кандыдатаў з малым палітычным досьведам, а чвэрць апытаных заявіла, што гатовая галасаваць за палітыкаў, чые погляды выглядаюць экстрэмісцкімі.

“Рух Чаяпіцьця” – новая зьява на палітычнай сцэне

Многія з гэтых радыкальных кандыдатаў належаць да “Руху Чаяпіцьця” (Tea party), які ўзьнік у ЗША летась. Назва ідзе ад знакамітай падзеі амэрыканскай гісторыі – так званага Бостанскага чаяпіцьця (1773). Тады актывісты арганізацыі “Сыны свабоды”, пратэстуючы супраць адвольнага абкладаньня падаткамі жыхароў амэрыканскіх калёній, напалі на брытанскія караблі з грузам чаю і выкінулі тоны чаю ў воды Бостанскага порту. Меры ў адказ імпэрскага ўраду ў Лёндане прывялі нарэшце да амэрыканскай вайны за незалежнасьць.

З тае пары Бостанскае чаяпіцьце стала сымбалем пратэсту супраць высокіх і адвольных падаткаў. Цяперашні рух “Чаяпіцьця” выступае супраць павелічэньня ролі дзяржавы, супраць яе ўмяшаньня ў эканоміку, супраць шырокіх сацыяльных праграмаў, у тым ліку і праграмы мэдычнага страхаваньня, якую адстойвае прэзыдэнт Абама, і зразумела – супраць падвышэньня падаткаў.

Для ўдзельнікаў руху “Чаяпіцьця” Абама зьяўляецца ўвасабленьнем таго, супраць чаго яны выступаюць.

Што стаіць за “Чаяпіцьцем”?


Напачатку да новага грамадзкага руху ставіліся паблажліва, разглядаючы яго прыхільнікаў як нейкіх дзівакоў-радыкалаў. Але посьпехі кандыдатаў ад руху на мясцовых выбарах, на давыбарах у Кангрэс, на праймэрыз напярэдадні сёньняшніх выбараў прымусілі ставіцца да Tea party сурьёзна.

Размова ідзе пра значную частку амэрыканскага насельніцтва – паводле апытаньняў, “Руху Чаяпіцьця” сымпатызуюць 18-20% амэрыканцаў, а 4% удзельнічаюць у акцыях руху і ахвяруюць грошы на яго дзейнасьць.
Рух ня мае ні адзінага цэнтру, ні выразнага лідэра. Як і ў іншых краінах, у гэткіх выпадках узьнікаюць пытаньні: хто ж за гэтым стаіць і адкуль грошы. Адказы знаходзяцца – называюцца імёны багатых кансэрватыўных бізнэсоўцаў, выказваюцца меркаваньні, што рухам кіруюць правыя колы Рэспубліканскай партыі.

Тлумачэньне наконт грошай некалькіх бізнэсоўцаў выглядае ўсё ж недастатковым, каб патлумачыць зьяўленьне руху, які ахоплівае сотні тысячаў, калі не мільёны людзей. Як кажа ангельская прымаўка – можна падвесьці каня да вады, нельга прымусіць яго піць. Рэальнасьць амэрыканскага жыцьця – ня толькі расчараваньне ў спадзевах, якія ўскладаліся на Абаму, ня толькі праблемы, спароджаныя крызісам, але і абурэньне кансэрватыўнай Амэрыкі палітыкай прэзыдэнта, якую яна лічаць спаўзаньнем да ненавіснага сацыялізму. Менавіта гэта, а не чыесьці грошы, сталі падмуркам стварэньне руху Tea party.

“Чаяпіцьце” і старыя партыі

Што да Рэспубліканскай партыі, то “Чаяпіцьцю”, зразумела, больш блізкія пазыцыі рэспубліканцаў. Але патас руху накіраваны супраць традыцыйнага вашынгтонскага істэблішмэнту наагул, і рэспубліканскага ў тым ліку.

Адзін з куміраў Tea party – былая кандыдатка на пасаду віцэ-прэзыдэнта на апошніх выбарах Сара Пэйлін. Удзельнікаў руху прываблівае яе патрыятызм, прыхільнасьць традыцыйным амэрыканскім каштоўнасьцям і выразная радыкальна кансэрватыўная пазыцыя ў пытаньнях унутранай палітыкі. І зьнешняй таксама – варта прыгадаць, што ў 2008 годзе падчас расейска-грузінскай вайны Пэйлін выказалася за ўвядзеньне санкцый супраць Расеі.

Але тая самая Пэйлін – кумір “Чаяпіцьця”, але не яго лідэр. У Рэспубліканскай партыі неадназначнае стаўленьне да новага руху: ня ўсе рэспубліканцы прытрымліваюцца настолькі радыкальных пазыцый, як рух, “Чаяпіцьце” накідае свае працэдуры прыняцьця рашэньняў і вылучэньня кандыдатаў, наагул кажучы, адрозныя ад партыйных. Акрамя таго, некаторыя экспэрты не выключаюць, што правы радыкалізм руху можа паспрыяць мабілізацыі дэмакратычнага электарату, частка яго расчаравалася ў Абаме, але на фоне актыўнасьці “Чаяпіцьця” яны могуць вырашыць, што лепш ужо Абама і дэмакраты, чым гэтыя.

Моц грамадзянскай супольнасьці

Але ў любым выпадку “Рух Чаяпіцьця” – бадай што самая цікавая зьява ў амэрыканскай палітыцы апошняга году. Гэта дэманстрацыя моцы амэрыканскай грамадзянскай супольнасьці, пра якую знакаміты францускі сацыёляг Алексіс дэ Таквіль пісаў у XIX стагодзьдзі ў сваім клясычным творы “Дэмакратыя ў Амэрыцы”:

“Як толькі некалькі жыхароў ЗША пачынаюць адчуваць тое самае пачуцьцё альбо прыходзяць да аднолькавых ідэяў, зь якімі яны хацелі б азнаёміць грамадзтва, яны шукаюць аднадумцаў і, знайшоўшы іх, аб'ядноўваюцца. Тады яны перастаюць быць асобнымі індывідамі, а становяцца прыкметнай сілай, дзеяньні якой служаць прыкладам, калі яны кажуць, да іх прыслухоўваюцца.

У дэмакратычных краінах здольнасьць ствараць аб'яднаньні –першааснова грамадзкага жыцьця”