У Сэрбіі судзяць меркаваных памочнікаў Раткі Младзіча

Сэрбская пракуратура запатрабавала суровых прысудаў для дзесяці асобаў, абвінавачаных у дапамозе ваеннаму злачынцу Ратку Младзічу хавацца ад правасудзьдзя ад 2002 да 2006 году. Абвінавачаньне палягае ў тым, што яны хавалі Младзіча ў Бялградзе і забясьпечвалі яго ежай і мабільнай сувязьзю.

Гаагскі трыбунал абвінаваціў Младзіча ў арганізацыі забойства каля 8 тысячаў мусульманскіх мужчын і хлопцаў у 1995 годзе ў Срэбраніцы, а таксама ў трохгадовым мінамётным абстрэле Сараева войскамі басьнійскіх сэрбаў падчас Басьнійскай вайны 1992-1995 гадоў. Абвінавачаныя адхіляюць усе абвінавачаньні. Ім можа пагражаць да васьмі гадоў турмы.