У Грузіі арыштаваныя 20 падазраваных у шпіянажы на карысьць Расеі

Паведамляецца, што ўсе арыштаваныя 29 кастрычніка – грамадзяне Грузіі. Мяркуецца, што яны стварылі шпіёнскую сетку і перадавалі сакрэтную інфармацыю ў Расею.

МУС Грузіі адмовілася пацьвердзіць альбо абвергнуць гэтую інфармацыю. “Мы ўстрымліваецца ад камэнтараў проста цяпер. Афіцыйнае паведамленьне будзе зробленае на прэсавай канфэрэнцыі 5 лістапада”, – заявіў прадстаўнік міністэрства Шота Ўціяшвілі.

Расея, як і ўсе краіны сьвету, мае права весьці разьведвальную дзейнасьць там, дзе лічыць патрэбным, – гэтак пракамэнтаваў паведамленьне Ўладзімер Жарыхін, намесьнік дырэктара Інстытуту краін СНД. – Асабліва такая дзейнасьць патрэбная ў краінах, якія прадстаўляюць патэнцыяльную небясьпеку для Расеі. Да такіх краін, безумоўна, належыць Грузія”, – падкрэсьліў сп. Жарыхін.
Ён не выключае, што паведамленьне пра арышт расейскіх шпіёнаў у Грузіі – піяр-кампанія, якая мае на мэце азмрочыць хуткую паездку прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева на саміт НАТО.

Сытуацыю з арыштамі абвінавачаных у шпіянажы мы папрасілі пракамэнтаваць экспэрта ў пытаньнях бясьпекі, супрацоўніка грузінскай службы нашага радыё Кобу Ліклікадзэ

Ліклікадзэ: МУС Грузіі правядзе афіцыйную прэсавую канфэрэнцыю па гэтым пытаньні. Але агенцтва InterPressNews сёньня распаўсюдзіла інфармацыю, што сярод арыштаваных – грамадзяне Грузіі Армэн Геваркян і Рубэн Шыкаян. Агенцтва спасылаецца ад адваката падазраваных. Геваркян быў кіраўніком нафтавай кампаніі. Калі Аджарскай аўтаноміяй кіраваў Аслан Абашыдзэ, Геваркян быў лідэрам мясцовай армянскай грамады. У інфармацыі таксама называецца імя яшчэ аднаго з затрыманых – Руслан Галогры, які таксама належаў да бліжэйшага атачэньня Аслана Абашыдзэ, былога кіраўніка Аджарыі, які знаходзіцца на выгнаньні ў Маскве.

Дракахруст:
Некаторыя расейскія экспэрты лічаць, што гэты скандал – "паляваньне на вядзьмарак", што справа “высмактаная з пальца” і што скандал адмыслова распачаты менавіта зараз, каб азмрочыць візыт Мядзьведзева на саміт НАТО. Ці згодны вы з такімі тлумачэньнямі?

Ліклікадзэ: Я б пачакаў 5 лістапада, калі МУС зробіць афіцыйнае паведамленьне. Было заяўлена, што гэта была шпіёнская сетка. Калі ёсьць сетка, то імаверна, што іх нехта пакрываў ва ўрадавых колах.

А пакуль можна выказваць любыя вэрсіі. Некаторыя грузінскія экспэрты выказваюць меркаваньне, што шпіёнскай справай урад Грузіі хоча адцягнуць увагу ад тых выступаў пратэсту, якія адбудуцца ў лістападзе. Шэраг апазыцыйных партый кажа, што гэта будзе апошняя восень Міхаіла Саакашвілі.