Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».
Вы зь сябрамі стаялі ля вытокаў Беларускай партыі аматараў піва. Ці не шкадуеце, што гэтая арганізацыя сышла з палітычнай арэны?
Арцём, стары аматар піва
Дарагі калега, вы крыху памыляецеся: партыю аматараў ўлюбёнага напою народных масаў стваралі ня мы. Аднак сказаць, што нашая сяброўская кампанія ня мела да гэтае справы ніякага дачыненьня, таксама не выпадае.
Каляндар паказваў першую палову 1970-х. Міжнародная і ўнутраная абстаноўка была неверагодна складанай і трывожнай. У Чылі да ўлады прыйшоў Піначэт, а ў СССР распачалася ўсенародная барацьба з п’янствам і алькагалізмам.
Якраз тады на гістарычным факультэце БДУ ў глухім падпольлі і пачаў сваю дзейнасьць наш Клюб аматараў піва, альбо — дзеля кансьпірацыі — проста КАП.
Магчыма, ідэя яго стварэньня ўпершыню мільганулася ў маёй юнай галаве падчас перагортваньня сямейнага фотаальбому. На адным са здымкаў тата зь літровым кухлем у руцэ бавіўся з франтавымі таварышамі ў венскай піўніцы. Ад фатаграфіі, зробленай у траўні 1945-га, веяла разьняволенасьцю і такім адчуваньнем — няхай сабе кароткай, усяго на вечар — свабоды, што заходзілася сэрца…
Мы заснавалі Клюб аматараў піва разам з найлепшым маім сябрам і аднакурсьнікам Генадзем Кулажанкам, які празь дзесяць гадоў зьнікне бязь вестак у Аўганістане. У хуткім часе ў шэрагах КАП згуртавалася ўжо блізу тузіна сяброў. Піва там ня капала, а лілося ракой. Пра дакладную колькасьць пляшак, што выпіваліся на пасяджэньнях, лепей прамаўчу, каб не даваць дрэнны прыклад моладзі.
Ідэйнай плятформаю Клюбу стаў піваізм — новае маральна-палітычнае вучэньне, асновы якога я паспрабаваў сфармуляваць у эсэ, зьмешчаным у нашым самвыдавецкім літаратурным альманаху «Мілавіца».
Паседжаньні Клюбу аматараў піва са зразумелых прычын адбываліся на тэрыторыях, непадкантрольных партыйнаму і камсамольскаму бюро: то ў зусім нядаўна адчыненым, але ўжо легендарным шынку «Ў Лявона», то на высьпе пасярод Менскага мора. Але аднойчы кансьпірацыйная традыцыя была парушаная. Цэйтнот зімовай сэсіі, памножаны на асьмягласьць арганізмаў і вострую патрэбу інтэлектуальнай сяброўскай размовы, змусіў піваістаў сабрацца ў родным пакоі № 25 унівэрсытэцкага інтэрнату на вуліцы Сьвярдлова.
«У Германіі таксама ўсё пачыналася зь піва!» — грамавым голасам падвёў рысу дэкан.
Нас было пяцёра. Як неўзабаве высьветлілася, столькі сама бясстрашных членаў налічвала і рэйдавая група «рэктарскай праверкі» на чале з сакратаром партбюро факультэту таварышам Кошалевым, што зь пераможным лямантам уварваліся ў пакой, ледзьве ня выламаўшы дзьверы.
На камсамольскім сходзе сяброў Клюбу абвінавацілі ў сыстэматычным п’янстве. Мы пасьпелі падрыхтавацца. Я разгарнуў «Правду» з «антыалькагольнай» пастановаю і зацытаваў пункт пра неабходнасьць павелічэньня вытворчасьці піва. Шалі гайдануліся на наш бок. Тады дэкан Савачкін падняў палец угору: «Нам вядома больш! Кулажанка і Арлоў спрабуюць стварыць арганізацыю з нацыяналістычным душком…» — «Ды мы толькі піва пілі», — роспачна азваўся я. «У Германіі таксама ўсё пачыналася зь піва!» — грамавым голасам падвёў рысу дэкан.
На дзяржаўным іспыце па навуковым камунізьме падобны да недагледжанага соннага патрыцыя прафэсар Круцько, узяўшы ў рукі маю залікоўку, адразу страпянуўся: «Значыцца, піўком балуецеся…» — і, ня слухаючы адказу, закаціў мне траяк. На пытаньне, за што, прафэсар абсалютна слушна адказаў: «За тое, што вы ўва ўсё гэта ня верыце».
Той траяк урэшце памяняў колер майго ўнівэрсытэцкага дыплёму з чырвонага на сіні.
Але нашая справа не прапала. Яе працягнула ўтвораная праз два дзесяцігодзьдзі Беларуская партыя аматараў піва. Шкада, што яна хутка канула ў Лету. Наўрад ці гэтая палітычная структура мела шанцы прыйсьці да ўлады. Аднак, бываючы колькі разоў на сядзібе піваістаў новай генэрацыі, я заўсёды адзначаў нязьменную крэатыўнасьць і натхнёнасьць як яе кіраўніцтва, так і шараговых байцоў.
У кожным разе, гісторыкам партыі нельга забываць, што ейным правобразам быў КАП. А ў музэі гісторыі роднага факультэту даўно пара пачапіць нашыя партрэты.
Ці можна давяраць сучасным школьным падручнікам нацыянальнай гісторыі?
- Як шклоўскі карлік Лукашка «здаў» графа
- Ліцэй, папярэднік ліцэю
- “Блакітны ліхтар”
- Паўлаўская рэспубліка
- Юнак з Монтэвідэо
- Як мяне лічылі памерлым
- Адкрыць новае ў старажытным
- Браты, якія прараба ў трубу заварылі
- Як я зьеў манэту Жыгімонта Аўгуста
- Як мы рабілі самвыдат
- Полацкія лябірынты
- Як я быў Людачкай
- Ці звалі Каліноўскага Кастусём?
- На якой мове размаўлялі князі ВКЛ?