Як жыць, калі прыбіральня працуе з 8.00 да 20.00?

Новая прыбіральня працуе толькі да 20-й.

Мікалай Пятрэнка, жыхар дому-барака на менскай вуліцы Філімонава адмаўляецца ісьці на прэзыдэнцкія выбары, пакуль ня вырашаць праблему з грамадзкай прыбіральняй, якая ноччу не працуе.

Калі вы праходзіце па менскай вуліцы Філімонава і раптоўна захацелі ў прыбіральню, то вам, можна лічыць, пашанцавала. Бо адразу за баракамі пад нумарам 11 корпус 1 і 2 знаходзіцца платная сучасная прыбіральня. Але майце на ўвазе, што прыбіральня працуе толькі з 8 раніцы да 8 вечара. Таму позна ўвечары ці ўраньні вам прыйдзецца бегчы ў іншую прыбіральню. Бясплатную, але старую і праз вуліцу. Як гэта робяць жыхары пяці суседніх баракаў, дзе хатніх прыбіральняў няма. Жыхар аднаго з баракаў Мікалай Пятрэнка паставіў пытаньне рубам: альбо выбары, альбо нармальнае адсяленьне ці хаця б кругласутачны туалет побач з домам.

Філімонава, 11/2
Тая самая прыбіральня.
Пятая з чатырох кабінак у мужчынскай палове заўсёды не працуе.

Мікалай распавядае пра звычайныя ранішнія прыгоды, а ягоная суседка Тамара Кавальчук яго падтрымлівае.

Пятрэнка: «Прыходзіш туды — і чарга стаіць. Што вы хочаце: чатыры „ачкі“, а людзі ідуць зь пяці дамоў, у кожным — па 40 кватэр. І стаіць чарга. Вось так мы жывем».

Кавальчук: «І зь дзецьмі ідуць».

Пятрэнка: «Так, даводзіцца праз дарогу ноччу і зь дзецьмі хадзіць, бо гэты камэрцыйны туалет працуе паводле раскладу. Зьвярнуліся ў адміністрацыю, а там усё круцяць-муцяць. Нас ня лічаць за людзей. Нам кажуць гэтак: усе нармальныя людзі ўзялі крэдыты і пабудаваліся. Такім чынам мы, паводле гэтага, ненармальныя. Адны нармальныя толькі ў выканкаме сядзяць».

Старая прыбіральня.

Зазначу, што ў адміністрацыі Партызанскага раёну дамагліся, каб жыхароў прылеглых баракаў суседняя камэрцыйная прыбіральня абслугоўвала бясплатна. Але кругласутачна яна не працуе. Супрацоўніцы прыбіральні кажуць, што жыхары баракаў самі вінаватыя — набралі кватарантаў, таму і не хапае на ўсіх туалетаў.

«Столькі гадоў жылі, і ўсё было ціха. І тут ім захацелася, каб другі туалет яшчэ і ноччу працаваў! Вы ўявіце, колькі тут працаўнікоў трэба! Хто гэта ноччу тут будзе для іх працаваць?!»


Жанчыны атрымліваюць за сваю працу ў платнай прыбіральні па 400 тысяч рублёў і кажуць, што калі б іх прымушалі працаваць начамі, дык звольніліся б адразу.

Жарсьці вакол баракаў на Філімонава падагравае і праблема з адсяленьнем іх жыхароў. Баракі ўжо шмат гадоў як мусілі зьнесьці, а людзей перасяліць у новыя дамы. Большасьць сапраўды атрымала новае жытло, але ня ўсіх задавальняе тое, што прапаноўвае Партызанскі райвыканкам. Вось у Мікалая Пятрэнкі 28 кастрычніка з выканкамам суд. Тут у бараку ён жыве з сынам у асобнай аднапакаёўцы, і былая жонка са сваім сынам — у аднапакаёўцы, на іншым паверсе. У новы дом у мікрараёне Каменная горка іх засяляюць пад адзін дах, у трохпакаёўку. Мужчына кажа, што гэта незаконна, і высяляцца адмаўляецца.

Мікалай Пятрэнка чытае ліст з раённай адміністрацыі пра суд па справе высяленьня.

У Партызанскім райвыканкаме на яго падалі ў суд, патрабуючы прымусовага высяленьня. Людміла Шастакова, загадчыца аддзелу жыльлёвай палітыкі выканкаму, патлумачыла, што двум сем’ям даюць адну кватэру на падставе дзеючага закону.

Шастакова: «Цяпер гэта адбываецца на падставе дамовы аб найме. Паводле гэтай дамовы аб найме жыльля з дзяржаўнага фонду, ён займае каля 12 мэтраў у доме, дзе толькі халодная вада і прыбіральня на дварэ. Для адсяленьня яму даецца, з улікам яго, сына і жонкі трохпакаёвая кватэра».

Карэспандэнт: «Там два сыны. У кожнага па сыне».

Шастакова: «Магчыма два, я ўжо ня памятаю».

Заўтрашні працоўны дзень Мікалай Пятрэнка прапусьціць з-за суду, хаця не сумняваецца ў ягоным выніку. Пятрэнка кажа, што ў верасьні ўжо быў такі ж працэс, які пастанавіў прымусова выселіць яго. Але на тым працэсе самога Пятрэнкі не было. Мужчына кажа, што яго ніхто не папярэдзіў. Пасьля скаргаў суд прызначыў паўторны разгляд ягонай жыльлёвай праблемы.