Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка не выключае магчымасьці стварэньня ў Беларусі сыстэм абавязковага мэдыцынскага страхаваньня. Аб гэтым ён заявіў сёньня, наведваючы Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі ў Бараўлянах. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што заробак дактароў павінен у першую чаргу залежыць ад іхняга прафэсійнага ўзроўню. Чаму менавіта на мэдыкаў і настаўнікаў апошнім часам зьвернутая асаблівая ўвага кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі? Якія катэгорыі насельніцтва застаюцца пакуль абдзеленымі ўвагай кіраўніка дзяржавы? Якія перадвыбарчыя крокі могуць быць зробленыя ў дачыненьні да іншых сацыяльных групаў? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг, намесьнік рэдактара «Белгазеты» Віктар Марціновіч.
Цыганкоў: Ці варта расцэньваць як перадвыбарчыя сёньняшнія заявы Лукашэнкі пра зьмены ў сыстэме аплаты аховы здароўя і пра магчымае ўвядзеньня страхавой мэдыцыны? Чаму менавіта да мэдыкаў і настаўнікаў (якім нядаўна падвысілі заробкі) кіраўнік дзяржавы найбольш уважлівы?
Марціновіч: Відавочна, што на мэдыкаў і настаўнікаў робіцца пэўны разьлік у сэнсе таго, што яны часта ўваходзяць у выбарчыя камісіі. У прынцыпе, усё, што робіцца ў Беларусі за паўгода да выбараў, гэта перадвыбарчая кампанія Аляксандра Лукашэнкі.
Магчыма, кіраўнік дзяржавы палічыў, што ідзе насустрач мэдыкам, сярод якіх нібыта існуе чаканьне страхавой мэдыцыны. Але мне здаецца, гэта не зусім так. Мне здаецца, сярод мэдыкаў асэнсаваньне таго, што пераход да страхавой мэдыцыны павялічыць іхнія заробкі, ня вельмі вялікае. Хутчэй такое асэнсаваньне ёсьць у лібэральных эканамістаў.
Відавочна, што на мэдыкаў і настаўнікаў робіцца пэўны разьлік у сэнсе таго, што яны часта ўваходзяць у выбарчыя камісіі.
Таму гэтыя словы Лукашэнкі можна патлумачыць наступным чынам: ён разумее, што мэдыцына перажывае вялікі крызіс. Часы бясплатнай мэдыцыны — у мінулым, таму трэба прапанаваць нейкае выйсьце. Выбары — гэта час казаць пра будучыню. У межах размовы пра будучыню Лукашэнка і выказаў прапанову пра страхавую мэдыцыну, прапанову, якая яму наагул не пасуе і не ўласьціва.
Цыганкоў: Якія сацыяльныя групы і пласты насельніцтва мусяць быць ахопленыя Лукашэнкам? Хто яшчэ застаўся непакрытым ягонай увагай?
Марціновіч: Я б не сказаў, што ўсе мэдыкі будуць галасаваць за Лукашэнку толькі таму, што ён сустрэўся зь некаторымі мэдыкамі ў Бараўлянах. Я б не сказаў, што моладзь адразу вырашыла галасаваць за Лукашэнку пасьля таго, як ён правёў сустрэчу з моладзьдзю на мінулым тыдні. Таму трэба казаць не пра тое, з кім яму трэба сустрэцца, а пра тое, якія крокі яму трэба зрабіць, каб перацягнуць на свой бок пэўныя групы…
Цыганкоў: Вайскоўцы, прадпрымальнікі, чыноўнікі?
Марціновіч: Для ўсіх рыхтуюцца нейкія крокі. Для прадпрымальнікаў рыхтуецца дырэктыва аб лібэралізацыі, пад якую будуць сустрэчы і нейкія абяцаньні. Пад ваенных таксама нешта рыхтуецца. Хаця, калі літаральна пералічваць усе тыя прафэсіі, зь якімі трэба замірыцца Лукашэнку, то пералік будзе занадта доўгі.
Аднак варта сказаць, што без вырашэньня сытуацыі ў сілавых ведамствах, бяз працы зь міліцыяй для Лукашэнкі ня вельмі бясьпечна падыходзіць да гэтых выбараў.