“Санкцыі працягнутыя адносна тых асобаў, якія і раней былі ў сьпісе”

Сёньняшняе рашэньне міністраў замежных справаў краін Эўразьвязу працягнуць візавыя санкцыі адносна беларускіх урадоўцаў камэнтуюць палітыкі і палітолягі.

***

Рашэньне Эўразьвязу мы папрасілі пракамэнтаваць кіраўніцу брусэльскага офісу “За дэмакратычную Беларусь” Вольгу Стужынскую.

Cтужынская: Сёньняшняе рашэньне ні для кога не было сюрпрызам. Усе дыскусіі, якія вяліся наконт супрацоўніцтва паміж Беларусьсю з Эўразьвязам, зводзіліся да таго, што яно застанецца такім, якое ёсьць на сёньня. І таму рашэньне, было прынятае, яно зьявілася проста працягам таго, што было раней. Санкцыі былі працягнутыя яшчэ на год і на іх быў уведзены мараторый за выключэньнем усіх вядомых пэрсонаў.

Што тычыцца дыскусіі, то раней некаторыя краіны ЭЗ выказваліся за тое, каб санкцыі былі пакінутыя яшчэ на год, а мараторый на іх – толькі на 6 месяцаў. Гэта зьвязана і з прэзыдэнцкімі выбарамі, і з сытуацыяй з правамі чалавека. Але рашэньне было прынятае такім, якім было прынятае.

Карэспандэнт: Вольга, у нас зьявілася інфармацыя, што Дзьмітры Паўлічэнка выключаны са сьпісу асобаў, адносна якіх санкцыі працягваюць дзейнічаць.

Стужынская: Паводле маёй інфармацыі з Рады Эўразьвязу, якую я атрымала ад вельмі вартай даверу крыніцы, пытаньне пра прозьвішчы наагул не стаяла, пытаньне стаяла пра працяг санкцый у дачыненьні да тых людзей, якія і раней былі ў сьпісе. Таму я ня думаю, што гэта праўда, нібыта спадар Паўлічэнка быў выключаны з гэтага сьпісу.

Карэспандэнт: А ці абмяркоўваўся на пасяджэньні Рады Эўразьвязу новы плян супрацоўніцтва зь Беларусьсю, які распрацавала Эўракамісія?

Карэспандэнт: : Наколькі я ведаю, гэтага абмеркаваньня яшчэ не было, Эўракамісія толькі цяпер павінна была перадаць свае прапановы ў Раду. Так што дыскусія яшчэ наперадзе. І я ня думаю. што канструктыўная дыскусія па гэтым дакумэнце адбудзецца да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Бо плян плянам, але Эўразьвяз вельмі пільна сочыць за тым, як праходзіць выбарчая кампанія, і будзе вельмі пільна сачыць за падлікам галасоў.

***

Мы таксама атрымалі камэнтар да рашэньня міністраў замежных справаў Эўразьвязу ад дэпутата нямецкага Бундэстагу ад фракцыі зялёных, сябра камітэту нямецкага парлямэнту па міжнародных справах Марылюізэ Бэк.

Яна лічыць цяперашняе рашэньне слушным і важным. Спадарыня Бэк адзначыла, што “падобнае статус-кво трэба захаваць да правядзеньня выбараў, паколькі эўрапейскім палітыкам неабходна паназіраць за тым, як будуць праходзіць гэтыя выбары. Ёсьць пэўныя нэгатыўныя адчуваньні адносна разьвіцьця, а таму гэткае рашэньне міністраў можа стаць пэўным ціскам на рэжым, у тым ліку падчас правядзеньня выбараў. Наколькі гэтага ўдасца дасягнуць, можна будзе меркаваць толькі пасьля выбараў. Карацей, наступныя месяцы дадуць пэўную карціну. Рабіць нейкія прагнозы цяпер немагчыма.

Як і большасьць эўрапейскіх палітыкаў, нямецкія зялёныя надаюць вялікае значэньне мэтанакіраваным санкцыям. У тым выпадку, калі яны могуць быць выкарыстаныя, яны зьяўляюцца вельмі карысным інструмэнтам. Але нярэдка санкцыі не дасягаюць мэты і ня маюць жаданага эфэкту.

ЭЗ заўсёды адкрыты для будаваньня сваіх дачыненьняў зь Беларусьсю і да спыненьня парушэньняў правоў чалавека ў гэтай краіне. Разам з тым ЭЗ незалежна ад палітычных адносін імкнецца заахвочваць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі. Перш за ўсё мы лічым неабходным палегчыць працэдуры атрыманьня візаў для грамадзянаў Беларусі”, – гаворыцца ў заяве дэпутаткі Бундэстагу Марылюізэ Бэк.

***

Сёньняшняе рашэньне міністраў замежных справаў ЭЗ пракамэнтаваў таксама дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Юстас Палецкіс.

Палецкіс: Я не прысутнічаў на пасяджэньні, але я мяркую, што сутыкненьне меркаваньняў было, былі тыя, хто прапаноўваў наагул скасаваць санкцыі і ўжо не вяртацца да іх. Я мяркую, што зараз не гучалі галасы вярнуць санкцыі ў поўным аб'еме, не гучалі з прычыны вядомага канфлікту паміж Масквой і Менскам.

Найбольш лягічным было даць Беларусі яшчэ адзін шанец, даць магчымасьць уладам у Менску зрабіць неабходныя крокі, каб гэты дамоклаў меч не вісеў больш і каб Беларусь і ЭЗ перайшлі б да плённага супрацоўніцтва, дыялёгу, які цяпер, зразумела, немагчымы.

Карэспандэнт: Тое, што такое рашэньне было прынятае цяпер, у разгар выбарчай кампаніі – ці ня можа яно аказацца на руку афіцыйнаму Менску, аднаму з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта – Аляксандру Лукашэнку?

Палецкіс: У пэўнай ступені гэта так. Але не было важкіх прычын дзейнічаць інакш. З другога боку, зразумела, усе разумеюць, што калі б нават цяпер Беларусь за няпоўныя два месяцы здолела перайсьці да эўрапейскіх стандартаў правядзеньня выбараў (гэтага, зразумела, ня будзе), то і ў гэтым гіпатэтычным выпадку перамог бы цяперашні прэзыдэнт. Так што вашае пытаньне – больш тэарэтычнае.

Карэспандэнт: Гэта агульнае меркаваньне ў Эўрапарлямэнце і ў Эўразьвязе – што Лукашэнка ўсё роўна б перамог?

Палецкіс: Так, я мяркую, што гэта прызнаецца. Сытуацыя была б зусім іншая, калі б у Беларусі былі свабодныя СМІ, калі б тэлебачаньне, радыё, газэты былі даступныя ўсім, у тым ліку і апазыцыі, калі б у парлямэнце была апазыцыя, калі б не перасьледаваліся няўрадавыя арганізацыі і апазыцыя –тады вынік выбараў мог бы быць і іншым.