Андрэя Бандарэнку пратрымалі ў карцэры 16 дзён

Андрэй Бандарэнка

Вязень Бабруйскай калёніі Андрэй Бандарэнка патэлефанаваў дамоў пасьля адсідкі ў карцэры. Сябры Мікалая Аўтуховіча зьбіраюцца зьвярнуцца ў пракуратуру паводле фальшаваньня справы аб тэрарызьме. Супраць сьледчай Сьвятланы Байковай рыхтуюць новыя абвінавачаньні.

Навіной тыдня стала вызваленьне актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуры, якога суд прызнаў вінаватым ў падробцы даведкі аб заробку, але вызваліў з-пад варты, прызначыўшы яму штраф у 500 мінімальных заробкаў. Вось як Міхась Башура па выхадзе на волю патлумачыў свай арышт.:

«Скажу так, што асноўная прычына майго ўтрыманьня — гэта дзейнасьць ў кампаніі „Гавары праўду“. І сьледчыя, між іншым, гэтага не хавалі. Яны казалі, што ўсё ведаюць пра мяне ўсё, чым я займаюся і дзе працую».

Міхась Башура заявіў, што будзе і далей займацца грамадзкай дзейнасьцю.

Вязень Бабруйскай калёніі прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка пасьля болей як двухдзённага маўчаньня змог патэлефанаваць дамоў. Бацька вязьня, Валер Бандарэнка, распавёў пра сына, які адбыў у турэмным карцэры 16 дзён:

«Адзваніўся ў панядзелак Андрэй. Сказаў, што з карцэра яго выпусьцілі, але пакуль нічога не дазваляюць. Размова была кароткай. Пасьля гэтага я зьвязаўся з адвакатам, недзе на наступным тыдні Андрэя наведае адвакат, прыкладна ў аўторак-сераду».

Пра тое, як пачуваецца сын пасьля карцэру Валер Бандарэнка ня ведае. Бацька мяркуе, што нават калі нешта зь сынам дрэнна, ён не прызнаецца. Андрэй Бандарэнка прасіў даслаць яму лекі і абяцаў выслаць ліст з пералікам патрэбных мэдыкамэнтаў, але ліст дагэтуль не дайшоў. Валер Бандарэнка не выключае, што ягонага сына зноў пасадзілі ў карцэр, знайшоўшы нейкае парушэньне парадку. Як гэта было з Андрэем Бандарэнкам ў Бабруйскай калёніі ўжо некалькі разоў.

Зьвестак ад Мікалая Аўтуховіча з Івацэвіцкай калёніі ягоныя сябры ня маюць. Праваабаронца Алег Воўчак кажа, што Мікалай стаў дасылаць лісты зрэдку. Ты часам сябры зьбіраюць подпісы, каб зьвярнуцца ў пракуратуру. Яны хочуць прыцягнуць да адказнасьці сьледчых, якія сфальшавалі, як лічыць Воўчак зь сябрамі, справу супраць Аўтуховіча паводле артыкулу аб тэрарызьме:

«Зьбіраем подпісы, каб завялі справу супраць сьледчых, якія завялі справу па тэракце, а яна ў судзе рассыпалася. Каб яны панесьлі адказнасьць за свае дзеяньні».

24 кастрычніка канчаецца тэрмін утрыманьня пад хатнім арыштам сьледчай пракуратуры Сьвятланы Байковай. Назіральны за справай пракурор мусіць альбо падоўжыць гэтую меру стрыманьня, альбо замяніць яго.

Між тым зьявіліся зьвесткі, што КДБ распачаў у дачыненьні да Байковай яшчэ некалькі крымінальных спраў. Не выключаецца, што па зноў распачатых справах могуць абраць новую меру стрыманьня, і Сьвятлана Байкова зноў можа апынуцца за кратамі. Адвакат Байковай ад камэнтару з гэтай нагоды ўстрымліваецца. Нагадаем, Сьвятлану Байкову затрымалі ў канцы лютага паводле абвінавачаньня ў службовых злоўжываньнях. Між тым у Беларусі шмат хто лічыць, што са сьледчай паквіталіся за настойлівасьць у выкрыцьці карупцыі сярод высокапастаўленых супрацоўнікаў КДБ, мытні і памежнага камітэту.

Вязьні, кастрычнік 2010

Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў, Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады за незаконнае абыходжаньне з зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога таксама асудзілі па гэтай справе, у жніўні вызваліўся паводле амністыі пасьля году арышту.

Актывіст «Гавары праўду» Міхась Башура быў затрыманы 6 жніўня, пазьней яму выставілі абвінавачаньне ў паўторнай падробцы дакумэнтаў, за што яму пагражала да 5 гадоў абмежаваньня волі. 19 кастрычніка суд пакараў Міхася Башуру штрафам у 15,5 мільёна рублёў.

Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. Прадпрымальніка асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж маёмасьці фірмы.