Гісторыя аднаго цуду: Ігар Запрудзкі

Ігар Запрудзкі. Здымак Арцёма Канцавога.

Браты Запрудзкія зьявіліся ў Беларускай Майстроўні ад самага пачатку, у 1980-м. Старэйшы Сяргей быў адным з заснавальнікаў аб’яднаньня і прывёў туды Ігара. Абодва бачылі росквіт Майстроўні, абодва перасталі наведвацца ў яе яшчэ да яе сканчэньня. Але мяркуючы па іх сёньняшніх занятках, абодва на ўсё жыцьцё засталіся ў коле тых зацікаўленьняў, якія трыццаць гадоў таму і аб’ядналі майстроўцаў у адно. Сяргей -- мовазнаўца і старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Ігар выкладае літаратуру 19 ст. на філфаку БДУ.



Сяргей Запрудзкі вылучаўся паміж майстроўцаў сталасьцю. Узросту ўсе былі прыблізна аднолькавага, але іншых, найперш хлапцоў, у поўным сэнсе дарослымі людзьмі назваць не выходзіла. Гэта была пара юнацтва, якая яшчэ дазваляе сабе крыху больш дурасьлівасьці, нематываваных учынкаў, безадказных паводзінаў, чым у дарослым веку. Але ў вёсцы часьцяком чалавек з малых гадоў далучаны да працы разам з дарослымі і таму зь дзіцяці адразу ператвараецца ў мужчыну. Юнацтва аказваецца за рамкамі гэтага пераходу.

Майстроўня, 1981 год. Стаяць: Ігар Запрудзкі, Ларыса Сімаковіч, Вінцук і Арына Вячоркі, Гэнік Лойка, Сяргей Запрудзкі, Галя Кунцэвіч, аўтар, Сяргей Кныш. Сядзяць: Яўген Валасевіч, Наталля Лазоўская, Алена Амельчыц (Анісім), Янка Медзьвядзёў, Ірына Крук (Марачкіна).

У Майстроўні было нямала хлапцоў і дзяўчат, якія прыехалі вучыцца зь вёскі. Але ці то яны хутчэй перанялі гарадзкі кшталт дачыненьняў ці то ў вёсках іхных ужо тады гэты кшталт усталяваўся, у кожным разе Сяргей, прынамсі ў маёй памяці так, выглядаў чалавекам старэйшым і сталым. З Ігарам адбывалася тое самае. Ён быў маладзейшы і яшчэ ня “выкачаўся” ў гатовага дзядзьку, але ж і ад дзяцінства ў ім ужо не засталося нічога. Гэта значыць, што ў вясковай рабоце ён лічыўся за дарослага.

ДАРАСЬЛЕЙШЫЯ ЗА ІНШЫХ


Варта заўважыць, што такі, можа быць, архаічны кшталт незрэалізаванага юнацтва панаваў ня дзесьці ў глухім кутку Беларусі. Якраз у далёкіх ад сталіцы вёсках цывілізацыйныя зьмены адбываліся хутчэй, бо ніякі аўтарытэт вялікага гораду на тыя вёскі ня ціснуў. Патрыярхальны кшталт панаваў пад самым Менскам, у вёсцы Калініна, адкуль паходзяць Сяргей Запрудзкі і ягоны брат Ігар, герой нашай сёньняшняй перадачы.

Запрудзкі: “Бацькі вяскоўцы. Звычайныя калгасьнікі. Бацька шафёрам працаваў. Маці пэўны час пакуль выхоўвала дзяцей была хатняй гаспадыняй, затым яна на пошце працавала. Менскі раён са слуцкага боку, 18 км ад горада. Пад Менскам ёсьць такая вёска Калініна, Ігнатычы. Колісь там жыў пляменьнік вядомага пісьменьніка Аляксандра Ельскага. Гэты пляменьнік займаўся дэкаратыўнымі расьлінамі. Таксама вельмі цікавая постаць. Ну зараз мала што там засталося. Будынак яго застаўся. А сама вёска фармавалася ўжо ў савецкі час. Як там, калі пана ня стала, тут усё дагледжана, тут будзе саўгас, а не калгас”.

Дубавец: Да спэцыфікі вёскі дадаецца й спэцыфіка роду, генэтычныя асаблівасьці. Як дапытлівы гуманітарый Ігар шукаў свае карані і знайшоў гэтую самую спэцыфіку.

Запрудзкі: “Слаўная ёсьць вёска Міраслаўка ў Бярэзінскім раёне. Чым яна слаўная? Тым, што там траціна насельніцтва Запрудзкія. Я займаўся радаводам нашым і мне пашэнціла. Высьветлілася, што пачынальнікам нашага роду быў канкрэтны адзін чалавек Анапас і ў яго была жонка Ганна. І яны зьявіліся хутчэй за ўсё спачатку 19 ст., пасьля 1806 году. Там быў фальварак Барацічы. Гэты фальварак належаў Шэмешам (з гэтага роду мастак), а затым Сьвятарэцкія, адзін з паўстанцаў. Яны ў пачатку 19 ст. набылі гэты фальварак. Хутчэй за ўсё мае продкі прыехалі разам зь імі. З сабой паны прывезьлі іх або з Запрудаў або з Запрудзьдзя, і так нарадзілася гэтае прозьвішча. Таму што калі меркаваць па інвэнтары 1844 году, у Барацічах і вёсцы былі толькі адны Запрудзкія, яны. Усе астатнія насілі іншыя прозьвішчы – Карнет, Валевіч, Чайка. А потым аказалася ў канцы стагодзьдзя – там Запрудзкіх ужо палова была. Ну і адсюль вывад – вельмі шмат хлопчыкаў нараджалася. У майго бацькі было чатыры сыны. У майго старэйшага брата было два сыны. У мяне два сыны. (Адзін на геафаку вучыцца, на трэцім курсе, другі ў трэцім класе.) У майго дзеда было чатыры браты. Ніводнай сястрычкі”.

Дубавец: Пра сваіх сыноў Ігар кажа, што старэйшы пра Майстроўню ўжо ведае, а малодшы любіць слухаць казкі, якія складае яму бацька. Вось жа каб і малодшы даведаўся пра Майстроўню, бацьку давядзецца прыдумаць пра яе казку.

ФІЗЫК, ЯКОГА МАЙСТРОЎНЯ ЗРАБІЛА ЛІРЫКАМ


Раней я назваў Ігара дапытлівым гуманітарам, і гэта праўда, але якраз у майстроўскія часы Ігар паступіў быў на фізфак БДУ. Як высьветлілася пазьней, зрабіў памылку.

Запрудзкі: “Меркавалася, што я буду астраномам. Ну а памятаеце, як у нас было за савецкім часам – ангельская мова выкладалася ў школе ніяк. І я цудоўна разумеў, што паступіць у Маскву ці Пецярбург з маім веданьнем замежнай мовы будзе нерэальна. І пляны былі такія – што я буду праз падрыхтоўчае аддзяленьне... Ну а потым дырэктар школы напісала такую характарыстыку, што я вялікі фізык і па мне плача фізфак. Я паспрабаваў паступаць і на сваё няшчасьце паступіў. І я зразумеў, што калі я давучуся да першай сэсіі, мне ўжо зваротнай дарогі ня будзе. І тады я кінуў гэты факультэт. Для бацькоў маіх, канечне, была драма сямейная. Але як зараз, то і не шкадую.

Драма была не таму што ў войска забяруць, а таму што меркавалася, што вось самастойна паступіў безь ніякіх там платаў, пратэкцыяў, бяз клопатаў. І хай бы яно было. Бацькі канечне хацелі, каб вывучылася дзіця. Тым больш, для майго бацькі была драма нават ня ў гэтым. Ён да гуманітарнай сфэры ставіўся выключна нэгатыўна. Ён лічыў, што фізыка гэта нешта рэальнае, а філялёгія – абсалютная абстракцыя, нікому непатрэбная ў прынцыпе.

Не было б той Майстроўні, быў бы зь мяне пасрэдны і вельмі пасрэдны астраном, калі б мне яшчэ пашанцавала. Таму што як я цяпер разумею, мае ўяўленьні тады пра астраномію і рэальная астраномія – гэта вельмі вялікая розьніца. Уся астраномія – гэта формулы, формулы, формулы. Ніхто на зоры ўжо не глядзіць”.



Дубавец: На зоры глядзяць літаратары і літаратуразнаўцы, кім урэшце Ігар і стаў. Але вось важная дэталь. Паступіўшы на фізыку, ён зрабіў памылку, дзякуючы якой у Майстроўні апынуўся яшчэ адзін чалавек – Сяргей Санько.

Запрудзкі: “Я паступіў на фізфак, там Сяргей Санько. Мы зь ім вучыліся ў адной групе, езьдзілі ў Быхаўскі раён на лён.

Тады пачала ўтварацца структура гэтая на філфаку, гэта 1980 год, восень. І адпаведна старэйшы брат мой меў да гэтага непасрэднае дачыненьне, мы жылі зь ім разам. І я да гэтага таксама прыцягнуўся.

Я цудоўна памятаю, як гэта ўсё пачыналася на ўзроўні адраджэньня культуры менавіта. Я памятаю Сімаковіч Ларысу, якая прыйшла і ўзяла ў свае невялікія прыгожыя, але цьвёрдыя рукі ўсю гэту схему. Перад ёй стаяла грандыёзная задача, умоўна кажучы, зь нікога зрабіць штосьці. І яна цудоўна з гэтай задачай справілася. Прычым яно як бы само аўтаматычна станавілася апазыцыйным. Таму што проста нават сьпяваць беларускія песьні на філфаку – гэта ўжо была апазыцыя.

Было там ядро кіраўнічае, ясная справа. Уваходзіў Вінцук, Арына, Сокалаў, брат Сяргей, Іра Марачкіна. І была такая завядзёнка: пасьля рэпэтыцыі зьбіраліся ў пад’езьдзе Вінцуковага дому і там абмяркоўвалі. Я канечне там быў выпадковы, старэйшы брат мой быў у гэтых размовах. Абмяркоўвалі самыя розныя аспэкты. У тым ліку і палітычныя. Палітычны аспэкт там прысутнічаў. Як нейкая нязьдзейсьненая далёкая мара. Магчымая пэрспэктыва.

Тады наладзілася сувязь з тэатральна-мастацкім інстытутам, уліўся яшчэ творчы патэнцыял мастакоў. І былі Каляды. І гэтыя Каляды, канечне, зрабілі фурор. Таму што ў гэтым дэнацыяналізаваным Менску, які нібыта быў ужо абсалютна інтэрнацыянальным горадам, і такое сьвята! І яно не выклікае варожасьці, непрыняцьця. Як на Каляды і павінна быць, яно выклікае радасьць, нейкае спачуваньне, шчодрасьць. Але і ўзровень падрыхтоўкі гэтых Калядаў... Гэта ж не было проста так. І салісты, якія сьпявалі, гэта былі адмысловыя людзі. Рыгора Панцялеева, да прыкладу, прыгадаць. Ён такі яркі голас меў выдатны. Адным словам, гэта былі амаль што прафэсіянальныя калядоўшчыкі падрыхтаваныя”.

СЬПЯВАЦЬ!


Дубавец: Трыццаць гадоў таму Майстроўня іншы раз запісвала на магнітафон свае рэпэтыцыі, а аднойчы запісалася нават у студыі Беларускага радыё. Тады ж запісы множыліся, але на сёньня адшукаць іх нам пашчасьціла толькі ў аднаго майстроўца – Міколы Сасноўскага. Ёсьць там і песьня, якую запяваў мастак Рыгор Панцялееў.



Сьпявалі ў Майстроўні і браты Запрудзкія. “Там за садамі” – так называлася песьня, якую пачынаў старэйшы брат Сяргей.



Ігар Запрудзкі сьпяваў у Майстроўні, сьпявае і сёньня. Стараецца захаваць гэтую традыцыю сьпеваў у сваім асяродку.

Запрудзкі: “Сьпяваем на любых імпрэзах, дзе зьбіраюцца людзі. У мяне сям’я даволі сьпеўная, сёстры стрыечныя, браты стрыечныя асабліва. Гэта сьвятая справа. Якое б там вясельле ні было, “Курачка” – гэта фірменная песьня, якую сьпяваюць усе сваякі, а тыя, хто ня ведае, будуць, хочуць ці ня хочуць, падпяваць.

Мой рэпэртуар нават сёньняшні працэнтаў на 70, калі ня 80, складаецца з тых песень, якія былі мною засвоеныя падчас Майстроўні, ён застаецца і зараз базавым”.

ІЗНОЎ: ЦУД ЦІ НЯ ЦУД?


Дубавец: Я зноў вяртаюся да правакацыйнага слова “цуд”, якім акрэсьліў нараджэньне Майстроўні. Часьцяком са мною не пагаджаюцца, маўляў, гэта была неабходная дзейнасьць і ўсё такое. Тое самае кажа і Ігар Запрудзкі – пра заканамернасьць. Але я працягваю стаяць на сваім, бо па-першае, усялякае нараджэньне ёсьць цуд, як і жыцьцё, бо вера ў цуд тлумачыцца недахопам інфармацыі пра тое, што гэта такое – жыцьцё. Па-другое, вынік дзейнасьці Майстроўні і тое, чым яна стала, шматкроць пераўзыхоліць тое, якой яна задумлялася ў пэрыяд свайго нараджэньня. Проста немагчыма было ў 1980-м годзе прадбачыць, што ва ўмовах савецкага застою ўзьнікне публічная арганізацыя, якая будзе вызнаваць нацыянальную ідэю, расьці колькасна проста на вачах, а ўрэшце ператворыцца ў масавы нефармальны рух. З тым, што гэта сапраўднае дзіва, пагаджаюцца, здаецца, усе майстроўцы.

Запрудзкі: “Гэта цуд ці ня цуд? Гэта заканамернасьць, па майму меркаваньню. Таму што цуд – гэта канечне патасна, мэтафарычна, я ніякім чынам не хачу прынізіць таго, што там адбылося, але адбылося гэта ў пэўнай ступені заканамерна. Па якіх прычынах? Я ўсё ткі як гісторык літаратуры нейкія аналёгіі мушу праводзіць з сацыяльнымі зьявамі і працэсамі. Першая сытуацыя была зьвязаная з тым, што тое, што потым абазвалі застоем, яно было рэальнасьцю. А беспэрспэктыўны стан грамадзтва найбольш адчувае моладзь. Вялікая колькасьць маладых людзей былі ў прынцыпе патэнцыяльна ўжо... я б не сказаў, што яны апазыцыйна да ўладаў ставіліся, але яны ставіліся да многіх гэтых мерапрыемстваў і такіх арганізацыйных структур, як камсамол, даволі скептычна. Гэта была глеба, якая ў значнай ступені згуртавала гэтых людзей. І патрэбны быў нейкі цэнтар, да якога гэтыя людзі сталі цягнуцца.

Гэта адзін момант. Другі момант, я мяркую, быў зьвязаны яшчэ з адной справай. Знаёмства маё з гэтай суполкай пачалося з таго, што старэйшы брат, які вучыўся на філфаку, прывёз нелегальнае выданьне “Люстра дзён”. Я гэты “Люстра дзён” пачытаў. І паколькі ў мяне ўжо скептычнае стаўленьне да ўладаў сфармавалася пасьля таго, як я папрацаваў у калгасе на камбайне памочнікам. Я ўбачыў, што адна справа, што ў нас гаворыцца па тэлевізары, і зусім іншая рэальнае жыцьцё. Уласна тут пераацэнка каштоўнасьцяў была. І тут трапляецца “Люстра дзён”. Там невялічкі артыкульчык, я памятаю, пра тое, што беларуская школа загнаная ў вёску.

Я нават уяўляю цяпер, хто быў аўтарам таго наіўнага ў прынцыпе артыкула. Высьветліць аўтараў не было ніякай складанасьці. Там было, напрыклад, напісана, у “Люстры дзён”, у адным з нумароў пра тое, што шапік “Белсаюздрук” быў перайменаваны ў “Союзпечать”. І гэты шапік знаходзіўся насупраць тэатра Янкі Купалы. Гэта дзе цяпер спуск у мэтро. І вось гэты шапік быў названы “наш”. Значыць я адназначна магу сказаць, што гэты аўтар жыў недзе ў гэтай пэрыфэрыі. Вячорка Вінцук жыў, гэта яго шапік. Ясная рэч, што гэтая арганізацыя была пад наглядам. Ясная справа, што яе курыравалі, але яе не прыкрылі.

Чаму? Таму што к гэтаму часу, к васьмідзясятым гадам у нас кіруючыя эліты партыйныя памяняліся. У 1950-я гады ў асноўным гэта былі тыя, хто прыехалі аднекуль, кіраўнікі нашай рэспублікі. А ўжо к 1980-м гадам былі такія бацькі, як бацька Вінцука. Ці той жа бацька Дубаўца. Эліта памянялася. І гэта іх дзеці ўжо пераасэнсоўвалі тое, што было. Прычым гэта дзеці функцыянэраў, як я разумею. І мне здаецца, што гэта не было так лёгка вырашана па гэтай прычыне. Недзе падсьвядома яны ўжо іначай глядзелі на гэтыя ўсе рэчы. І скепсіс у грамадзтве да тых ідэалаў набыў ужо іншыя формы. Яны маглі быць пасьпяховымі функцыянэрамі і ў той жа час яны цудоўна разумелі наяўны стан рэчаў. Кіруючая эліта памянялася. Яна тут нарадзілася, яна тут выгадавалася, яна была тутэйшая. Яна не прыехала з Урала, не прыслалі яе з Украіны. У прынцыпе яны настолькі агрэсіўна да беларускага, як той жа Цанава, не маглі ставіцца”.

Дубавец: Ігар Запрудзкі найлепей запомніў самы пачатак Майстроўні, позьнюю восень 1980 году. Недзе ў той час ён і наважыўся кінуць сваю фізыку. Да вясны яшчэ папрацаваў у Менску, пасьля зьехаў у родную вёску да бацькоў і на Майстроўні бываў толькі спарадычна, наездамі. Але добра запомніў тую вясну 1981 году, калі Майстроўня ставіла народную драму “Цар Максімілян”. Цара ў гэтай драме граў брат Ігара Сяргей.

“Цар Максімілян”. Сяргей Запрудзкі і Вінцук Вячорка, 1981 год.

Запрудзкі: “Я брату нават карону рабіў, як цяпер памятаю. Яна з фальгі меднай была. А так пастаноўка была, я б сказаў, авангардовая для таго часу.

На той час я глядзеў на гэта як на выключны шэдэўр. Шэдэўр тэатральнага мастацтва. Я быў гледачом. Затое прысутнічаў на рэпэтыцыях. Сутнасьць ідэі і выбар гэтага твору мне быў зразумелы і блізкі. Хоць, баюся, далёка ня ўсе разумелі, пра што яна.

А пра тое, што была такая кумірыцкая царыца. І яна хацела, каб маліліся яе багам. І як лёгка, аказваецца, можна здрадзіць сваім багам, сваёй культуры, свайму народу, сваёй гісторыі і пачаць маліцца на дыктытуру пралетарыята, будучы мітычны камунізм”.

КАНЦЭПТУАЛЬНЫ ЎПЛЫЎ


Дубавец: На тагачаснай кінахроніцы, якую здымаў Ігар Марачкін, я знаходжу Ігара Запрудзкага на майстроўскім сьвяце праводзінаў зімы на менскім стадыёне “Арляня”. Гэта пачатак 1983 году. Пасьля Ігара забяруць у войска, а калі ён вернецца, Майстроўні ўжо ня будзе. Застануцца толькі ўспаміны, асэнсаваньне, ацэнкі. І ўсё наступнае жыцьцё, якое кацілася й коціцца так, быццам Майстроўня не сканчалася ніколі.

Майстроўскае Купальле, 1982 год.

Запрудзкі: “Справа ўся ў тым, што далёка ня кожны чалавек, жывучы вось у гэтай штодзёншчыне, уяўляе ступень свайго ўплыву на будучыню. Ён ня можа ўявіць і прадказаць. Так і з Майстроўняй. Я ўпэўнены, што чыста візуальна можа ўяўляцца так, што Майстроўня паўплывала толькі такім чынам, што ўтварыўся цэлы шэраг структур вакол яе, арганізацыйных розных. Я думаю, што яна ў канцэптуальным пляне паўплывала на ўсё наша грамадзтва. Таму што тое, што ўжо ў пачатку 1990-х гадоў зьдзейсьнілася, калі пачалася беларусізацыя... Я думаю, такая моладзевая суполка як Майстроўня зрабіла ў гэтым пляне значна больш за многіх нашых уганараваных дзеячоў культуры. Проста гэта незаўважны ўплыў.

Я выкладчык філялягічнага факультэта. Профіль мой – беларускай літаратура 19 ст. Гэта сфэра прафэсійных зацікаўленьняў. Пэрыядычна займаюся бягучым літаратурным працэсам.

Я ўмею рабіць усё, я ў вёсцы жыву. У мяне дом свой. Ясна, што з гадамі стасункі мяняюцца, калі раней трэба было гаспадарку глядзець, цяпер трэба газон касіць. Па 15-20 разоў. Жыць у вёсцы і раней і зараз – гэта вялікія абавязкі”.

УСЕ ПЕРАДАЧЫ СЭРЫІ “ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЦУДУ”

Сувязь з аўтарам праз dubaviecs@gmail.com.