Расейская нафта будзе канкураваць з вэнэсуэльскай

У беларускім урадзе заяўляюць, што могуць прыняць прапанову Расеі аб адмене мыта на нафту пры ўмове вяртаньня ёй мыта на нафтапрадукты. Аднак афіцыйна гэтая прапанова беларускаму боку не паступала.

Паводле намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Еўдачэні, беларускі ўрад пакуль не разглядае ў якасьці афіцыйнай прапанову, якую агучыў намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў. Той заявіў, што Расея гатовая ў 2011 годзе адмовіцца ад экспартнага мыта на сырую нафту для Беларусі. Але пры ўмове, што гэта будзе кампэнсавана ўсім мытам, якое Беларусь атрымлівае ад экспарту сваіх нафтапрадуктаў. Гэтае мыта на нафтапрадукты павінна трапляць у расейскі бюджэт. Адначасова мяркуецца падвысіць расейскае экспартнае мыта на нафтапрадукты да 85—90% ад нафтавага, каб не датаваць беларускую нафтаперапрацоўку.

Прадстаўнік Міністэрства фінансаў Расеі Андрэй Матвееў паведаміў карэспандэнту "Свабоды", што да заявы Сяргея Шаталава ёсьць адзін камэнтар:

"Такая пазыцыя абмяркоўваецца, і гэта адзін з вэктараў руху. Усё. Гэта не канчаткова, проста адзін з варыянтаў, адзін з магчымых вэктараў руху".

Прэс-сакратар канцэрну "Белнафтахім" Марына Касьцючэнка патлумачыла, што ў канцэрне будуць падлічваць, наколькі прыймальная прапанова расейскага боку:

"За ўвесь беларускі бок мы ня можам гаварыць, безумоўна. Мы бяром удзел толькі ў якасьці сяброў камісіі, якая вядзе перамовы па пытаньнях, зьвязаных з Мытным саюзам. Колькасныя і фінансавыя моманты, безумоўна, будуць падлічвацца. І тады будзе прымацца пэўнае рашэньне беларускім бокам".

Памочнік міністра фінансаў Беларусі Павал Ладзік адзначыў, што "пакуль усё гэта ў працы".

МЗС Беларусі не пацьвярджае, што гэтая прапанова паступіла афіцыйна.
"Усе гэтыя прапановы пакуль абмяркоўваюцца. Ёсьць каму абмяркоўваць, няхай дамовяцца, а потым будзем глядзець. Наколькі я разумею, МЗС Беларусі не пацьвярджае, што гэтая прапанова паступіла афіцыйна".

Спадар Ладзік не адказаў на пытаньне, ці давядзецца ў выніку нафтавых прапаноў пераглядаць бюджэт на 2011 год. Таксама ён нічога не паведаміў пра цэны на газ, закладзеныя ў бюджэт, бо яшчэ, маўляў, ня скончыўся перамоўны працэс.

Паводле міністра эканомікі Беларусі Мікалая Снапкова, афіцыйны Менск пагодзіцца на гэтую прапанову, бо ў яе аснове — роўныя ўмовы гаспадараньня. Маўляў, наконт пытаньняў нафтавага мыта цяпер ідуць перамовы.

Эканаміст Барыс Жаліба адзначае, што ацэнкі расейскай прапановы пакуль няма, бо трэба займацца падлікамі. Ён мяркуе, што беларускі бок можа не пайсьці на гэты варыянт вырашэньня нафтавай спрэчкі.

Калі будзе бязмытнай сырая нафта, то трэба будзе вярнуць мыта на нафтапрадукты.
"Сёньня, каб падтрымаць нафтаперапрацоўчыя заводы, мыта, якое ўтрымліваецца ў цане на нафтапрадукты, ліквідавана. І гэта дае магчымасьць існаваць больш-менш рэнтабельна. Калі будзе бязмытнай сырая нафта, то трэба будзе вярнуць мыта на нафтапрадукты. Ёсьць меркаваньне, што гэта пазбавіць беларускі бок магчымасьці рабіць не зусім чыстыя камбінацыі з нафтагандлем і вытворчасьцю нафтапрадуктаў. Беларускі бок цяпер займаецца разьлікамі, што гэта дасьць".

Спадар Жаліба мяркуе: прапанова расейцаў выгадная беларускаму боку тым, што нафта будзе ўсё ж бязмытнай.

Я думаю, што беларускі бок ня пойдзе на гэтую прапанову.
"І тут закладзеныя такія хітрыкі. Бо размова ідзе пра тое, а што будзе з вэнэсуэльскай нафтай? У пэрспэктыве пастаўкі дасягнуць 10 мільёнаў тон. Гэта ж палова магутнасьці нашых заводаў. А гэтая нафта па ўсясьветных цэнах утрымлівае гэта мыта. Тона каштуе звыш 600 даляраў. А расейская бязмытная нафта — разы ў два таньнейшая. Тады што рабіць з вэнэсуэльскай нафтай? Ужо ёсьць кантракты на тры гады. Я думаю, што беларускі бок ня пойдзе на гэтую прапанову. Хоць яна па сутнасьці выгадная, і ня трэба гэтай вэнэсуэльскай нафты".