З Абхазіі ў Грузію з заездам у СІЗА

Маладая пара зь Беларусі, якая ў судзе грузінскага горада Зугдзідзі 21 кастрычніка была асуджана на 1 год зьняволеньня ўмоўна, вернецца дадому не раней як праз два тыдні. Жыхары Берасьця Сямён і Ірына Дзьячак ад 2 кастрычніка ўтрымліваліся ў сьледчым ізалятары паводле абвінавачаньня ў парушэньні правілаў уезду ў Грузію праз акупаваныя тэрыторыі.

Міністэрства замежных спраў Беларусі запэўнівае: беларускія грамадзяне, якія сталі закладнікамі грузінскіх законаў, на пачатку лістапада вернуцца на радзіму. Падставай для затрыманьня маладых людзей, як удакладняе МЗС, стала тое, што афіцыйны Тбілісі разглядае ўезд у Абхазію зь любой тэрыторыі, апроч грузінскай, як крымінальнае злачынства. А гэта караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да 4 гадоў ці буйным штрафам.

Галіна Хатэнка, маці Ірыны Дзьячак, расказвае, што ад моманту затрыманьня ёй так і не ўдалося пагаварыць зь дзецьмі. Паколькі беларускага дыппрадстаўніцтва ў Грузіі няма, сувязь зь ёй падтрымліваў адзін з супрацоўнікаў амбасады Беларусі ў Армэніі. Праўда, паводле суразмоўніцы, ён толькі ўсё нагадваў бацькам, каб тыя маральна рыхтаваліся да выплаты немалога штрафу — фігуравала сума ў 1100 даляраў за кожнага. Спадарыня Галіна лічыць, што беларуская дзяржава яўна недаацаніла сур'ёзнасьць сытуацыі:
Увогуле такое стаўленьне з боку чыноўнікаў — абуральнае ...

"Дзеці ўчора з намі зьвязваліся. Ірына тэлефанавала Сямёнавай маме, каб тая больш не хвалявалася, бо ляжыць у шпіталі. І ў інтэрнэце пачыталі, як Сямён інтэрвію даваў... Але ўвогуле я толькі ад вас учора даведалася, што іх судзілі. Толькі дзякуючы журналістам мы атрымалі інфармацыю, а так бяз вас нічога і ня ведалі б, бо ніхто нічога не паведамляў, поўнае маўчаньне. Увогуле такое стаўленьне з боку чыноўнікаў — абуральнае. Але дзякуй Богу і за гэта, што мы яшчэ можам зрабіць? Мяне зьдзівіла, што самы заўзяты чалавек зь беларускай амбасады ў Ерэване, які пастаянна званіў і патрабаваў, каб я рыхтавала грошы на штраф, зараз замаўчаў увогуле. Так зашыўся, што цікава: чаго ж ён мне цяпер не тэлефануе? Мне падалося, што ён проста вельмі хацеў дагадзіць Грузіі ці яшчэ камусьці".

Сямён і Ірына Дзьячак яшчэ ў жніўні выправіліся ў паломніцтва па сьвятых мясьцінах Расеі, Грузіі, Турэччыны, Сырыі, Эгіпту ды іншых краін. Аднак на сярэдзіне маршруту падарожжа спынілася: наведаўшы манастыр у Новым Афоне на тэрыторыі Абхазіі, за "парушэньне правілаў уезду ў Грузію" яны былі затрыманыя і перапраўленыя ў сьледчы ізалятар у Зугдзідзі. Дзьячакі нават ня ведалі, што летась Міністэрства замежных спраў Беларусі папярэдзіла сваіх грамадзянаў: у Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, якія ў выніку расейска-грузінскага ўзброенага канфлікту 2008 году былі прызнаныя Масквой як незалежныя дзяржавы, можна ўяжджаць толькі з тэрыторыі Грузіі. У выпадку транзытнага перасячэньня мяжы згаданых рэспублік з боку Расеі замежнікам у Грузіі пагражае буйны штраф альбо турма.

Але папярэджаньне з розных прычынаў дайшло не да ўсіх. Да таго ж, як кажа адзін зь беларускіх турыстаў, які таксама меў непрыемнасьці з грузінскімі памежнікамі і мусіў заплаціць буйны штраф, турфірмы наўмысна ці ад няведаньня рэдка папярэджваюць пра магчымыя наступствы:
Самае небясьпечнае ў гэтай сытуацыі, што ніякай папераджальнай інфармацыі практычна няма ...

"Зараз турыстычныя агенцтвы прапануюць танны адпачынак у Абхазіі. І ў бальшыні выпадкаў паездка ажыцьцяўляецца ня з боку Грузіі, як гэта павінна быць паводле грузінскіх законаў, а праз Расею. І я ведаю, што гэта тычыцца пераважнай колькасьці прапаноў. Адпаведна, усе гэтыя людзі, якія адпачывалі ў Абхазіі, калі яны выпадкова ці мэтанакіравана рушаць у Грузію, будуць арыштаваныя. Самае небясьпечнае ў гэтай сытуацыі, што ніякай папераджальнай інфармацыі практычна няма. Турфірмы калі штосьці і ведаюць, то не папярэджваюць. То бок спакойна прадаюць квіткі. Мы абтэлефаноўвалі агенцтвы і ўцямнага адказу нідзе не атрымалі".

Паказальна, што падобныя інцыдэнты ўжо мелі месца летась: у траўні 2009 году за незаконнае знаходжаньне на тэрыторыі Грузіі грамадзянка Беларусі правяла ў грузінскай турме блізу 50 дзён. Вызваліць дзяўчыну ўдалося толькі пасьля ўмяшаньня дыпляматаў.

Празь месяц намесьнік кіраўніка дабрачыннай арганізацыі "Бачыць сэрцам" Мікалай Кванталіяні быў затрыманы ў тбіліскім аэрапорце і пакараны штрафам у памеры больш за 1200 даляраў паводле таго ж артыкула Крымінальнага кодэксу — незаконны ўезд на акупаваную тэрыторыю.

Што тычыцца Ірыны і Сямёна Дзьячакаў, то бліжэйшыя два тыдні ім давядзецца правесьці ў адным з праваслаўных манастыроў Грузіі — да таго часу, пакуль ня будуць падрыхтаваныя дазвольныя дакумэнты на ад'езд з тэрыторыі Грузіі.



Неўзабаве пасьля расейска-грузінскага канфлікту кіраўніцтва Беларусі паабяцала Крамлю прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Летась на гэта зьвярнула ўвагу і Міністэрства замежных спраў Абхазіі, зьдзіўленае пазыцыяй зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі, якое раптам пачало гуляць на карысьць Тбілісі. Абхаскія чыноўнікі заяўлялі, што рэкамэндацыі беларускага МЗС супярэчаць абяцаньням прызнаць незалежнасьць рэспублік.