"Расея ані кроку ня зробіць насустрач Беларусі – без уліку сваіх інтарэсаў "

Тацяна Манёнак

Беларусь можа пагадзіцца пералічваць у расейскі бюджэт 100% экспартнага мыта на нафтапрадукты ў абмен на адмову Расеі ад экспартнага мыта на нафту для Беларусі. Пра гэта заявіў міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў. Пра гатоўнасьць Расеі адмовіцца ад экспартнага мыта на нафту для Беларусі ў абмен на ўсё мыта, якое Беларусь будзе атрымліваць ад экспарту сваіх нафтапрадуктаў, заявіў 19 кастрычніка намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў. Зь іншага боку, зьявіліся паведамленьні, што гэта пакуль з боку Расеі яшчэ не афіцыйная прапанова. Як бы там ні было, некаторыя экспэрты ўжо загаварылі пра патэнцыйную перамогу афіцыйнага Менску ў нафтавай спрэчцы. Які варыянт найбольш рэалістычны ў дадзенай сытуацыі? Чаго дабіваецца Масква сваімі дзеяньнямі? На гэтыя пытаньні адказвае аглядальніца газэты "Белорусы і рынок" Тацяна Манёнак.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
Калі Расея сапраўды адмовіцца ад экспартнага мыта на нафту, ці азначае такі варыянт перамогу Беларусі?

Манёнак: Самае галоўнае — не адмена мыта, а тое, як будзе разьмяркоўвацца прыбытак ад экспарту нафтапрадуктаў. У які бюджэт ён пойдзе, дзе гэтае мыта будзе плаціцца, ці пойдзе яно спачатку ў бюджэт Беларусі, а потым будзе пераводзіцца ў расейскі?

Гэта вельмі складанае пытаньне, і можна ўзгадаць, што ў канцы 2006 году бакі так і ня здолелі дамовіцца пра мэханізм падзелу, бо Расея заявіла, што хоча мець гарантыі. Бо калі гэта трапіць у беларускі бюджэт, невядома, ці прыйдзе яно потым у расейскі…

Цыганкоў: Але цяпер Беларусь ужо мае ня толькі расейскую нафту. Здаецца, Уга Чавэс не патрабуе, каб Беларусь дзялілася прыбыткамі ад перапрацоўкі гэтай нафты.

Манёнак: Трэба мець на ўвазе, што бакі ў любым выпадку дамовіліся аб стварэньні сумеснага прадпрыемства, беларуска-вэнэсуэльскага, дзе 75 працэнтаў належыць Вэнэсуэле і толькі 25 — Беларусі. Менавіта СП павінна разьмяркоўваць прыбыткі ад экспарту нафтапрадуктаў паміж дзьвюма краінамі. Я ня ведаю, ці працуе яно цяпер, але зусім нядаўна яно яшчэ не працавала.

Што да дамовы паміж Чавэсам і Лукашэнкам, то яна вельмі непразрыстая, і тут вельмі цяжка сказаць, якая ад яе выгада беларускаму бюджэту. Калі зыходзіць з клясычных пазыцыяў, то відавочна, што калі пастаўляць сюды нафту па сусьветных коштах, потым яе перапрацоўваць і пастаўляць, дык гэта вялікія выдаткі. Калі ўлічыць, што беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ня могуць эфэктыўна перапрацаваць расейскую нафту з мытам, то яны працуюць у гэткім зьмяшаным варыянце — крыху бязмытнай, крыху мытнай нафты.

Цыганкоў: Ці можна з гэтай прапановы Расеі, пра якую мы гаворым, вызначыць, які варыянт стаўленьня да нафтавай праблемы выбірае Масква: ці больш кампрамісны, ці яна ня вельмі жадае слухаць беларускую пазыцыю?

Манёнак: Відавочна, для Расеі зараз прыярытэт — гэта падпісаньне ўсіх пагадненьняў наконт стварэньня Адзінай эканамічнай прасторы. Важна для Масквы прадэманстраваць, што існуе такі пасьпяховы і прывабны праект для краінаў былога Саюзу.

Вядома, Расея разумее, што Беларусь не падпіша гэтыя дамовы, калі Расея ня зробіць ніякіх саступак з мытам. Наколькі я ведаю, экспэрты прапрацоўваюць такую магчымасьць — адмены мыта на нафту, і працуюць над мэханізмам падзелу экспартнага мыта. Але ў цэлым, вядома, Расея ані кроку ня зробіць насустрач Беларусі, калі пры гэтым ня будуць улічвацца яе эканамічныя інтарэсы.