Літоўцы не сьпяшаюцца ратыфікаваць пагадненьне зь Беларусьсю

Жыхары 50-кілямэтровай зоны сёлета, найверагодней, ня змогуць скарыстаць ільготны рэжым перасячэньня беларуска-літоўскай мяжы, пра які 20 кастрычніка дамовіліся міністры замежных спраў Беларусі і Літвы.

Як перадае агенцтва Regnum, 21 кастрычніка на брыфінгу ў МЗС Літвы было заяўлена, што сёлета гэтае пытаньне ў Сэйме Літвы, мабыць, абмяркоўвацца ня будзе. Няма гэтага пытаньня і ў папярэднім парадку дня Палаты прадстаўнікоў.

Гэткія самыя дамовы Беларусь на роўні міністраў замежных спраў падпісала таксама з Польшчай і Латвіяй. Што тычыцца Польшчы, то парлямэнт гэтай краіны ўжо ратыфікаваў пагадненьне. Больш за тое, дакумэнт нават падпісаў прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі. А вось беларускі бок яшчэ толькі зьбіраецца ратыфікаваць пагадненьне на восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў.

Дакумэнты ж на ратыфікацыю пагадненьня з Латвіяй у Палату прадстаўнікоў дагэтуль не паступалі. Мабыць, зыходзячы з усяго гэтага, у Міністэрстве замежных спраў Беларусі "Свабодзе" сказалі: "Мы найбольш прасунуліся на польскім кірунку".