Не сакрэт, што гэтай восеньню шмат хто зь менчукоў наракае: пры фэнамэнальным у многіх мясьцінах краіны ўраджаі яблыкаў ані ў крамах, ані на кірмашах у дастатковай колькасьці ды за прымальныя цэны тых антонавак ды каштэляў, бадай, не набыць. Акурат днямі знаёмец, што мае лецішча на Ашмяншчыне, распавёў пра тамтэйшага фэрмэра, якога ўлады не пусьцілі ў дэпутаты — пра Паўла Кулака. Той на ўласную ініцыятыву арганізаваў збор, продаж ды адгрузку садавіны са сваёй роднай Міхайлоўшчыны.
У Гальшанах, ля сельсавету, дзе мы дамовіліся зь ім сустрэцца, зайшоў напачатку да старшыні Войцеха Коўзана. Той як адрапартаваў:
Коўзан: «Яблыкі ўсюды прымаюць, усе лішкі людзі здаюць…»
Тым часам на лаўцы на мяне ўжо, ацэньваючы, глядзеў 40-гадовы, мажнаваты мужчына зь кепкай на лобе. Не камэнтуючы, паводле яго, «хлусьню», пачаў распавядаць:
Кулак: «У Міхайлоўшчыне я дапамог арганізаваць людзям здаць. Прыйшоў у сельсавет атрымаць тое, што мне па закону належыць — даведку. Адносіны такія, нібы прыйшоў папрасіць грошы на беднасьць. А ёсьць у цёткі Ганны, напрыклад, 20 мяшкоў яблыкаў. Не паедзе яна ў сельсавет, сяльпо даведкі браць — сьвіньням скорміць. А мела яна б 80 тысяч, дзяржава перарабіла б тыя яблыкі — і ў сокі, і ў джэмы, і ў віны. У Маладзечне і Барысаве робяць экстракт соку, які экспартуюць. А лянуюцца арганізаваць ды даведку выдаць. Чыноўніка адарваць ад крэсла — горш, чым трактар прыганяць. (Сьмяецца.) А старыя ж, якім па 70, ня пойдуць скардзіцца, пісаць, а цярпяць, што зерне, якое пасеялі, ім ня ўбралі. Старшыня ж сельсавету павінен кінуць крэсла, каб яны выкармілі сьвіньню, прадалі, мелі мяса, грошы, малако здаўшы…»
Пад’ехаў сябар Пашы — лясьнік Юры Клінцэвіч. Да Міхайлоўшчыны па гравійцы — не дайшоў аграгарадок — яшчэ 20 км. Так што перайшлі па дарозе да фэрмэрскіх спраў. У Кулака ў пажыцьцёвым валоданьні 22 га зямлі, зь якіх 6 аддадзена саду, дзе ёсьць плодныя дрэвы аж 70-гадовага ўзросту. Але сам кажа, што пайсьці на ўласныя хлябы спазьніўся — маўляў, трэба было да прыходу Лукашэнкі, бо пасьля 95-га пайшла «іншая хваля».
Кулак: «У 1996 годзе далі 54 млн. — кожны месяц плаціў 70 даляраў на адсоткі. Гэта тады штомесяц быка — 24 быкі за 2 гады. Атрымалася супэрнявыгадна! У мяне было 35 галоў буйной рагатай жывёлы. А як крэдыт пагасіў, засталося 6 кароў. А Юра стаў фэрмэрам і кінуў у 95 годзе — ужо ў іх ішлі, каб адмыць грошы, бізнэсмэн альбо старшыня калгасу…»
А вось і Міхайлоўшчына — паселішча, дзе засталося дзьве з паловай сотні чалавек, выцягнулася на 4 кілямэтры. Бачым, як на трактарны прычэп з гумна дзьве кабеты з мужыком грузяць мяхі з бульбай. «Камандуе» мясцовая малаказборшчыца, спадарыня Марыя Швайкоўская.
Карэспандэнт: «Пачым здаваць зьбіраецеся?»
Швайкоўская: «Па тысячы, тон 6 прадала з 70 сотак. У мяне сястра пасадзіла 45 сотак, накапала 12 тон бульбы — 6 тон прадала, засыпала семянкі на другі год, паранкі сьвіньням і сабе — ў гэта бульба! Малака ў дзень 400 літраў зьбіраю. Выгадна — 875 рублёў за літар цяпер плацяць. З кастрычніка, кажуць, па тысячы будуць. З Расеі жа брат прыехаў — па 25 іх рублёў, ці дзьве з паловай тысячы, кіляграм бульбы, а будзе пяць. 150 іх рублёў кіляграм мяса…»
У Паўла ж Кулака зусім не аптымістычны погляд на малочныя рэкі.
Кулак: «Я тры скаргі напісаў, што пры здачы малака ад людзей трэба, каб быў добры ўлік літраў, тлустасьці. Я напісаў, як ёсьць і як трэба. Старшыня сельсавету паказаў ліст дэпутатам, мой прыйшоў на рэчку купацца — „ты апазыцыя, бэнээфавец!“ А жанчыны, якім 65–70 гадоў, каровы збываюць! Бо няма пашы, сенаваць цяжка і лічбы „круцяць“. Касілка за дзень скасіць можа 40 га, а надзелы, што ў людзей, — за 15—20 хвілін. А касілку далі калгасу за дзяржаўны ільготны крэдыт. А дзе грошы ўзяліся? З гэтых жа пэнсіянэраў!»
Дарэчы запытваю і пра яго адысэю зь невыбраньнем у дэпутаты на апошніх мясцовых выбарах.
Кулак: «У нас выбары былі такія, што быў адзін кандыдат на акругу. Я ў сельсавет — хачу быць у Міхайлоўшчыне дэпутатам. А мне ў адказ — ужо набралі! (Сьмяецца.) У Ашмянскім раёне няма ніводнай суполкі палітычнай партыі зь юрыдычным адрасам. Значыць, можа вылучыць ініцыятыўная група за 65 дзён да галасаваньня. А аб’явілі пра рэгістрацыю за 70 дзён — у мяне было 5 дзён і нуль інфармацыі. Пра гэтыя выбары хоць па тэлевізары гавораць, а пра мэханізм тых ніхто ня ведаў. Абышоў усе крамы — ніводнай кнігі пра выбары. Пайшоў у бібліятэку — не далі, „чытай тут, бо адна“. А як апошні дзень быў, прыйшоў у камісію — сакратарка сказала, што ўсе на нарадзе. Усё — выбары для мяне скончыліся. Ад Міхайлоўшчыны стаў, каго прызначылі — са мной прыяжджае сустракацца толькі ў другі чацьвер месяца, болей ня хоча…»
Карэспандэнт: «Як думаеш, на прэзыдэнцкіх выбарах тое самае паўторыцца?»
Кулак: «Кропка ў кропку! У выбарчай камісіі ня ведаюць, як усё робіцца паводле закону. Яны яго і парушаюць. Калі хто хоча ў хаце прагаласаваць, трэба, каб у камісію паведаміў. Тады камісія бярэ столькі бюлетэняў плюс адзін. На самой справе — шукаюць, каб усе прагаласавалі. Так і будзе! Хай Лукашэнку выберуць, але трэба, каб чэсна. Каб і я мог вылучыць сваю кандыдатуру і перамагчы ў справядлівай барацьбе — а потым і выконваў, што людзям абяцаў. А як ён прызначаны, дык ня хоча зь людзьмі і гаварыць…»
Падыходзім да вуліцы Маладзёжнай. Паша кажа, што назва сёньня гучыць «як зьдзек». Моладзь зь вёскі ўцякае — прычым тая, што «ад зямлі ды сахі».
Кулак: «Віця Каткоўскі ў 2 клясу хадзіў — ужо на кані езьдзіў. Цяпер мэблю зьбірае, у Маладэчна паехаў, бо палучкі няма, працы, каб і машына была, і дзе што будаваць. Дзяніс Дабрановіч купіў парсюкоў, апарат даільны — з-за таго ж пайшоў плястыкавыя вокны рабіць. Прыяжджае дахаты — яму каля скаціны прыемна. А каб якая ільгота, крэдыт, тут яму было б добра і дзяржаве — там, дзе нарадзіўся, там і прыгадаўся. Шмат хто выяжджае зь вёскі толькі з-за таго, што трэба рабіць у калгасе…»
Нас уважліва слухае, падышоўшы, былая настаўніца пачатковых клясаў, 63-гадовая, з 38-гадовым стажам спадарыня Любоў Драгун. Яе яшчэ клічуць часам падмяніць у школе, дзе не хапае маладых настаўнікаў. Але наконт палітыкі кажа, што «даўно ўсё вырашыла».
Драгун: «Я заўсёды галасую датэрмінова. Я прыкінула кандыдатаў — усё-ткі буду галасаваць за Лукашэнку, хоць усіх іх ня ведаю. Некаторыя незадаволеныя, а я думаю, што Аляксандар Рыгоравіч унік ва ўсе сфэры прамысловасьці ды сельскай гаспадаркі…»
Карэспандэнт: «Унік ці захапіў?»
Драгун: «Мо й захапіў — трэба некаму захапляць. Але як жа санітарка можа высунуць сваю кандыдатуру ці беспрацоўны чалавек?»
На ўскраіне вёскі адзіная тут фэрма на паўтысячы кароў. Дояць тут па 8 тысяч літраў малака ад каровы і, кажуць, фэрма лічыцца ці не найлепшай на Гарадзеншчыне. Зрэшты, 22-гадовы даглядчык Дзіма Наўмец, якога адзінага знайшоў у перапынку паміж раздачай кармоў, ня надта гэта адчувае.
Наўмец: «Паклалі 600. Я канчаўшы на зваршчыка, трактарыста, але на трактары не хачу — рабіў тут амаль год. Машына як корч — болей гадоў, чым мне, ламалася кожны дзень. Запчастак не даюць, заробак ня вельмі — звольніўся. Рабіў у Лідзе, Маладэчне. Думаю ў Міхайлоўшчыне заставацца — не люблю жыць у гарадах. Ня сьпіцца, хачу ў лес — там ня пойдзеш нікуды. Пакуль жа яшчэ нежанаты…» (Сьмяецца.)
Карэспандэнт: «А галасаваць пойдзеш на выбары?»
Наўмец: «Пайду, напэўна. Пра кандыдатаў ня чуў — тэлевізар не асоба…»
Карэспандэнт: «А як будзеш вызначацца — за каго скажуць?»
Наўмец: «Не! Калі так будзе, наогул ні за кога ня буду. Скажуць ісьці галасаваць за Лукашэнку — дакладна так не зраблю…»
* * *
Ля аўтобуснага прыпынку спыняемся ля двух мужыкоў, аднаго зь якіх мне прадстаўляюць як тутэйшага старэйшыну вёскі. Спадар Гізулеўскі на маіх вачах закідвае апошні келіх гарэлкі.
Гізулеўскі: «Спаткаліся з другам і троху выпілі. Я атрымліваю прыстойную пэнсію — 200 даляраў, вялікая справа. У гаспадарцы дзьве каровы, сьвіней чацьвёра. А трактар — дык дадуць прывезьці дроў…»
Карэспандэнт: «А ты дзе працуеш?»
Спадар: «Я п’яніца! Ня лезь у прыватнае жыцьцё…»
Карэспандэнт: «А колькі вы па часе старэйшына?»
Гізулеўскі: «А я ня ведаю — ані старшыня калгасу, ані старшыня сельсавету не гаварылі. Толькі што езьдзілі на сырзавод у Быкаўшчыну з мужыкамі зь вёсак і там частавалі сырамі, каму які спанаравіцца. Пажарнікі хадзілі, дык кажуць — стараста, павінен камандаваць. Я дык не хачу ім быць — хто будзе падпарадкоўвацца таму старэйшыну? Ніякіх правоў…»
Іван Іванавіч сядае на ровар ды ад’яжджае, як кажа, «ад граху». Мае ж суразмоўцы камэнтуюць:
Кулак: «Тут 70 кароў пасецца цэлае лета. А плошча гектараў 15. А трэба па паўгектара на карову — гэта тры такія палеткі. А не — трэба касіць. І во Юрка кожны дзень на ровары езьдзіць і ўсе старыя…»
Клінцэвіч: «Гэта ў тыдзень таму палын падкасілі, а травы як не было, так і няма, бо за месяц яе каровы зьелі. І яна не пасьпявае падрастаць…»
Карэспандэнт: «А прасілі ў старшыні калгасу дадатак?»
Кулак: «Гізулеўскі дык не прасіў, а мы паедзем да Ядзі Мадэкшы, дык яна зьвярталася і ў адміністрацыю прэзыдэнта…»
39-гадовая гаспадыня, спадарыня Мадэкша ўжо нас чакала. Тут жа распавяла сваю гісторыю, якую сама назвала «звычайнай вясковай беларускай трагедыяй».
Мадэкша: «Нам за малако выдзялялі сенакос бясплатна. У гэтым годзе не сказалі, а вылічылі за сена. Калгасная касілка скасіла — плаціце 2 тысячы за сотку. А ў мяне 2 га — сёлета выгарала ўся трава, ёсьць сьведкі, што сена мы там ня бралі. А яны налічылі амаль 700 тысяч. Пачала абурацца — „нічога мы ня ведаем“. Во мая скарга — каб я ведала, сказала б, каб забіралі. Навошта плаціць за голую зямлю?»
Карэспандэнт: «660 тысяч — гэта 600 дармовых літраў малака?»
Мадэкша: «Так, гэта вельмі шмат! З адміністрацыі сказалі, што ня маюць права браць грошы, бо з калгасам я не заключала дамовы. Грошы не вярнулі, а два месяцы працягваюць утрымліваць, хоць я нідзе не расьпісвалася…»
Карэспандэнт: «А чаго ў суд не падаеш — яшчэ і маральную кампэнсацыю атрымаеш?»
Мадэкша: «Сапраўды, у мяне ёсьць сьведкі — так недачалавечна дзеляць ад дарогі выгаралую траву. А ад лесу трава добрая — калгас пакінуў сабе на падкормку. Старшыня наш Праўко заеўся. Тая ж лазьня — мыемся ў хаце ў тазах! 3 чалавекі — у хаце выплюхваецца мора. Чаго не зрабіць калгасную лазьню — тут жа і шматдзетныя сем’і…»
Не вытрымлівае і ўступае ў гаману муж Андрэй.
Андрэй: «Бацька мой быў на пэнсіі, папрасілі выйсьці на палеткі, сказалі, што зерне дадуць. А ён памёр прама на працы — і не далі нічога! А зараз просім дапамагчы — „каб ніводзін мэханізатар Мадэкшам не дапамог, бо звольню“. З-за падманлівых абяцаньняў старшыні звольніўся з працы — зваршчыкам каля 12 гадоў прапрацаваў за 300 тысяч…»
Карэспандэнт: «Будзеш пасьля сваіх пакутаў за гэтую ўладу галасаваць?»
Мадэкша: «Калі нідзе не даб’юся праўды, навошта галасаваць? Тры гады мяне пратрымалі на біржы. А праца трэба, у мяне дзіця, я на ўліку ў траўматоляга з хворымі нагамі. Во і сяджу ў хаце гаспадыняй толькі дзякуючы малаку. Хто дзе крапчэйшы, імкнецца ўдзерці з калгаса ў горад — жывем на выжываньне!»
Пры канцы Паша Кулак вырашае паказаць падмурак сваёй сьветлай мары ды надзеі на цікавую ды заможную будучыню. Мы ля шчыльна складзенага, каменнага, двухпавярховага будынка з надпісам «Гарцэльня-1907». Тады тут месьціўся сьпіртзавод, пабудаваны шваграмі, мясцовымі панамі Бушэўскім ды Шкіндэрам. Гэта толькі адзін з будынкаў, які Паша супольна з партнэрамі хоча набыць пад агратурыстычную гаспадарку.
Карэспандэнт: «І колькі „гарцэльня“ прастойвае?»
Кулак: «Ужо 15 гадоў, хоць шмат хто хацеў купіць. Калі ў чалавека грошы, можна боўлінг, кавярню, тэнісны корт зрабіць. Сама цяпер трэба перадаваць — бачыце, дах забурыўся і з таго боку будынак рушыцца…»
Карэспандэнт: «А чаму дзяржава жлобіцца аддаць?»
Кулак: «Улады на месцах баяцца — лепш ня зробяць нічога, чым зробяць няправільна, каб не спадабацца каму вышэй. І — тое ж няведаньне законаў. Зрабіць каб прыносіла даход — мо б і Амэрыку дагналі!» (Сьмяецца.)
Працягваем падарожжа разам з 63-гадовым Францам Ляўковічам, вартаўніком. Былы панскі маёнтак побач з алеяй векавечных ліпаў, па якой пан рабіў у карэце ранішні мацыён. Ходзім па мяккай лістоце, аглядаючы цуды навакольля, вядзем нясьпешную гаману пра «былое і думы».
Ляўковіч: «Школу купіў нейкі зь Менску, зону адпачынку будзе рабіць — год ніхто не купляў за 99 мільёнаў, потым за 25 спусьцілі. Але ўжо два гады ні храна. Зрэшты, як і дзяржава, 250 плаціць. Я працаваў дагэтуль зваршчыкам у Ашмянах, там у мяне кватэра, а тут бацькоўскі дом — даглядаў іх і застаўся. Лепей у Міхайлоўшчыне — і возера, і ў грыбы схадзіў, а што ў тых Ашмянах на бальконе рабіць?! (Сьмяецца.) Трымаў карову, сьвіньні, цяпер каня і сьвінку — цяжка. У школьным садзе Паша арганізаваў збор яблыкаў — сабраў тону зь нечым на 200 тысяч. Міхайлоўшчына была засьценкамі. Кожны каля зямлі ставіў хаты. А на засьценкі сялілі пасьля 1861-га — некаторыя і па 10 гектараў мелі, пан даваў у арэнду. А камуністы ў вёску ўсіх загналі…»
Кулак: «Прыйшлі бальшавікі ў 39-м — тутака пра іх ніхто ня ведаў. Тады немец. І разважалі так: напрыклад, Івашкевіча хацелі раскулачыць, бо тры каровы, два кані. Усё з хаты да сястры панёс. А тады прыходзіць — дзеці, разьбірайце клункі, немцы прыйшлі. Пра немцаў добра гаварылі — у Маргантах немец, як прынясеш 10 яек, зубы палечыць…»
Ляўковіч: «Свае былі партызаны — бандзюгі! Партызанамі былі тыя, што не хацелі ісьці ані на фронт, ані куды — павылазілі і абіралі людзей. У Стафаноўскага было 24 авечкі, бараны — усіх зьелі. Немцы да таго прыйшлі — убачылі парсюка, дзьве сьвіньні — „гут, гут, маткі будуць!“ (Сьмяецца.) А бальшавікі ў 44-м закалолі ўсіх трох і нічога не казалі…»
Карэспандэнт: «Што да аграсядзібы — гатэльчык у школе, некалькі хатак па 100 гадоў — уся матэрыяльная база?»
Ляўковіч: «У школе і чалавек 50 паселіцца, можна і більярдзік паставіць…»
Кулак: «Во прырода — сад, рэчка чыстая, у якой вядзецца стронга, ракі. Там лес праз 300 мэтраў — велічныя дубы. Во гумно было — паставіць дзьве казы, дзьве авечкі, дзьве сьвіньні, дзьве каровы, каня, запруду зрабіць, масток — і сажалка будзе. Праз 2-3 гады ўсё гэта зробім!»
Карэспандэнт: «Дзядзька Франак, а ці ведаеце каго з кандыдатаў у прэзыдэнты?»
Ляўковіч: «Гайдукевіча і Лукашэнку. Сказалі, што 17 кандыдатаў, але я не запомніў. Я за Лукашэнку — ён пэнсіянэрам памагае…»
Карэспандэнт: «Табе ж яблыкі здаць ня ён — Паша дапамог! (Сьмяюцца.) Каб людзей шмат прыяжджала, мо ізноў кароўку б завёў і сьвінчо — і прыбытак бы меў?!»
Ляўковіч: «Мо й завёў!» (Сьмяецца.)
Карэспандэнт: «І Міхайлоўшчына б не памерла?»
Разам: «Не!.. Не памерла…»
http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&hl=en&msa=0&msid=103600678178428685206.00046355b62ab3e327e28&ll=53.696706,28.125&spn=5.46559,11.57959&z=6&output=embed
Паглядзець іншыя «Падарожжы Свабоды» ва ўвесь экран.