Грыбаўскайце заклікала апазыцыйных кандыдатаў выбраць адзінага


Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце заклікала апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты аб’яднацца і выбраць адзінага кандыдата. У Менску адбылася сустрэча Грыбаўскайце і міністра замежных справаў Літвы Ажубаліса зь пяцьцю патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі – Рыгорам Кастусёвым, Уладзімерам Някляевым, Яраславам Раманчуком, Віталём Рымашэўскім і Андрэем Саньнікавым. Пра ўражаньні ад гэтых сустрэч распавялі Радыё Свабода патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі і Яраслаў Раманчук.



З высокімі літоўскімі гасьцямі сустракаліся 5 з 15-ці магчымых кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, калі не лічыць Аляксандра Лукашэнку, які сустракаўся з Даляй Грыбаўскайце ў якасьці дзейнага кіраўніка краіны. Да спадароў Раманчука і Рымашэўскага мне ўдалося дазваніцца адразу пасьля сустрэчы, якая, як яны паведамілі, адбылася са значным спазьненьнем. Віталь Рымашэўскі станоўча ацаніў размову з кіраўнікамі Літвы.

"Я станоўча ацэньваю таксама і пазыцыю нашых суседзяў. Яна адкрытая да Беларусі і ў той жа час досыць цьвёрдая ў выкананьні дэмакратычных стандартаў. Нам паведамілі, што была выказаная цьвёрдая пазыцыя аб выкананьні ўсіх дэмакратычных стандартаў адносна выбараў. Мне спадабалася, што нашы суразмоўцы разумеюць сытуацыю ў Беларусі, што, як яны казалі, ня будуць легітымізаваць рэжым Лукашэнкі зь нейкіх прагматычных інтарэсаў. А будуць, па-першае, праводзіць адкрытую палітыку адносна Беларусі, па-другое, будуць патрабаваць выкананьня дэмакратычных стандартаў у Беларусі. Толькі вітаць можна такую пазыцыю".

Паводле Віталя Рымашэўскага, сузаснавальніка партыі БХД, падчас сустрэчы падымалася і праблема з гэтай партыяй, якая шмат гадоў ня можа атрымаць рэгістрацыі ў Беларусі,. Віталь Рымашэўскі са спасылкай на высокіх літоўскіх суразмоўцаў паведаміў, што праблема нерэгістрацыі БХД нібыта закраналася і падчас размовы кіраўнікоў Беларусі і Літвы.

Намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук у ацэнцы сустрэчы, якая адбылася, быў больш стрыманы.

"Сустрэчы была вельмі кароткая. Літоўская дэлегацыя спазьнілася на 1,5 гадзіны з-за таго, што на 4 гадзіны зацягнуўся абед у Лукашэнкі. Міністар замежных спраў Літвы перадаў словы спадарыні прэзыдэнта Літвы пра неабходнасьць дэмакратычных выбараў, на што Аляксандар Лукашэнка абяцаў, што зробіць усё, каб гэтыя выбары адбыліся. Што людзей дапусьцяць да камісій, што зарэгіструюць усіх кандыдатаў. Па сутнасьці, адбыўся абмен камплімэнтамі, які быў і да таго. Для мяне так і засталася незразумелаю асноўная мэта візыту спадарыні Грыбаўскайце ў Менск. Гэта быў візыт у межах двухбаковых адносін ці ў рэчышчы палітыкі Эўразьвязу? Паглядзім, бо зноў Лукашэнка выдаў шмат абяцанак, якія, мяркую, ня будуць выкананыя. Лукашэнка зноў атрымаў магутны піяр, а мы бачым, што Захад адносна яго ня мае агульнай пазыцыі".

Яраслаў Раманчук таксама ня выключыў, што асноўныя тэмы размовы Аляксандра Лукашэнкі з Даляй Грыбаўскайце не афішуюцца. Паводле спадара Раманчука, гэта маглі быць эканамічныя пытаньні. Вось што пра гэта думае магчымы кандыдат на прэзыдэнта Яраслаў Раманчук:

"Магчыма, яны былі той тэмай, якая і ўзбуджае аптымізм літоўскага кіраўніцтва адносна таго, што Лукашэнка зьменіць свае адносіны да дэмакратыі ў нашай краіне".

Удзельнікі сустрэчы паведамілі таксама пра тое, што спадарыня Грыбаўскайце заклікала іх аб'яднацца і выбраць адзінага кандыдата, які зможа супрацьстаяць на выбарах Аляксандру Лукашэнку.