Р.Кастусёў: Сапраўдны байкот рыхтуецца за год да выбарчай кампаніі


Госьць “Начной Свабоды” – патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які сёньня заявіў пра неабходнасьць нацыяналізацыі "Белтрансгазу". Зь ім мы гаворым пра гэтую заяву, а таксама пра яго ўдзел у сустрэчы з прэзыдэнтам і міністрам замежных справаў Літвы. Спадара Кастусёва мы адшукалі ў маршрутнай таксоўцы па дарозе зь Менску ў Магілёў.


Сяргей Абламейка:
Сёньня вы ўдзельнічалі ў сустрэчы пяці прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду з прэзыдэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце і міністрам замежных справаў Літвы Ажубалісам. На якія з заяваў на гэтай сустрэчы вы зьвярнулі найбольшую ўвагу?

ад яе мы пачулі, што на выбарах да падліку галасоў будуць дапушчаныя і назіральнікі, і прадстаўнікі кандыдатаў на прэзыдэнта, і назіральнікі будуць дапушчаныя непасрэдна да самога падліку галасоў
Рыгор Кастусёў:
Літаральна нядаўна гэтая сустрэча закончылася. На пачатку адбылася сустрэча з міністрам замежных справаў Ажубалісам, а далей пачалася сустрэча з прэзыдэнтам Грыбаўскайце. Сустрэча адбылася ў прыязнай абстаноўцы, адбыўся абмен думкамі аб маючых адбыцца выбарах прэзыдэнта ў Беларусі ў сьнежні. На сустрэчы акрамя мяне прысутнічалі яшчэ 4 прэтэндэнты – Някляеў, Саньнікаў, Рымашэўскі, Раманчук. Самае цікавае, што мы пачулі ад Грыбаўскайце, гэта інфармацыя аб яе сустрэчы з прэзыдэнтам Лукашэнкам, аб тых пытаньнях, якія яны абмеркавалі паміж сабой. З вуснаў Грыбаўскайце мы пачулі, што былі абмеркаваныя пытаньні рэгістрацыі прэтэндэнтаў, і зь яе словаў, Лукашэнка запэўніў, што будуць зарэгістраваныя ўсе кандыдаты, якія сабяруць 100 тысячаў подпісаў, і што надалей ня будзе рэпрэсіяў з боку ўлады да ўдзельнікаў выбараў.

Таксама ад яе мы пачулі, што на выбарах да падліку галасоў будуць дапушчаныя і назіральнікі, і прадстаўнікі кандыдатаў на прэзыдэнта, і назіральнікі будуць дапушчаныя непасрэдна да самога падліку галасоў. Такія рэчы мы пачулі і ад прэзыдэнта, і ад кіраўніка МЗС Ажубаліса. Мы выказалі свае хваляваньні, што гэтыя абяцаньні могуць не спраўдзіцца, і выказалі занепакоенасьць, што выбары адбудуцца ў тым жа самым рэжыме, што і раней. Адбыўся такі абмен думкамі. Як насамрэч адбудзецца, паглядзім.

Мы станоўча ўспрымаем хваляваньні прэзыдэнта Літвы і кіраўніка МЗС Літвы за лёс Беларусі, за тое, як будуць адбывацца выбары. Мы выказалі таксама і падзяку ім.

Абламейка: Як бы вы пракамэнтавалі такі допіс наведніка нашага сайту: “...Псэўда-БНФ Янукевіча вядзе людзей разам з рэжымам на фальшывыя выбары. Сапраўдны Народны Фронт на чале зь Зянонам Пазьняком заклікае да байкоту выбарчага фарсу” (канец цытаты). Не сакрэт, што лідэр КХП БНФ Зянон Пазьняк заклікае да байкоту. Як вы тлумачыце неабходнасьць удзелу ў гэтых выбарах?

Кастусёў: Я ведаю пазыцыю Пазьняка, ведаю пазыцыю КХП БНФ, але слова байкот да той сытуацыі, у якой апынулася КХП БНФ, не зусім падыходзіць. Хутчэй КХП БНФ ня ўдзельнічае ніяк у выбарчай кампаніі. Сапраўдны байкот рыхтуецца за год, а то і болей да пачатку выбарчай кампаніі, і сапраўдны байкот – гэта праца ня менш цяжкая, чым удзел у выбарчай кампаніі. Я да байкоту і неўдзелу стаўлюся адмоўна.

Я іду на выбары, Партыя БНФ ідзе на выбары, каб актыўна папрацаваць з насельніцтвам. Менавіта ўдзел у выбарчай кампаніі дае нам магчымасьць сустрэчы з грамадзянамі нашай краіны, дае магчымасьць сустракацца там, дзе мы ня мелі б магчымасьці сустрэцца з людзьмі ў іншых варунках. Пікеты Партыі БНФ, збор подпісаў на пікетах праходзіць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Калі такое было ў апошнія гады?

Пікеты Партыі БНФ, збор подпісаў на пікетах праходзіць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Калі такое было ў апошнія гады?
Апошні раз, калі Партыя БНФ брала ўдзел у выбарах у 1994 годзе, а надалей Партыя БНФ падтрымлівала іншых кандыдатаў, не сяброў Партыі БНФ. Самае кепскае з гэтага, што Партыя БНФ ад 1994 году не сама стварала сабе імідж, а ўлады стваралі імідж Партыі БНФ. І, на жаль, не заўсёды гэты імідж быў станоўчы. А хутчэй Партыя БНФ мела адмоўны імідж, дзякуючы вось такім негатыўным захадам уладам.

Зараз мы гэты негатыўны імідж усяляк адкідаем. Людзі ідуць на сустрэчы, размаўляюць з намі, людзі бачаць, што прадстаўнікі Партыі БНФ – нармальныя прыстойныя людзі, і многія пагаджаюцца падпісацца. Прыхільнікаў Партыі БНФ – 25-30 працэнтаў, і самае добрае для нас гэта тое, што ў рэгіёнах усю апазыцыю ўспрымаюць як БНФ, і не асоба Рыгора Кастусёва найбольш цікавіць людзей. Усе прэтэндэнты, я лічу, прыстойныя людзі.

Менавіта тое, што Партыя БНФ ідзе на выбары, і абрэвіятура, якая была на слыху ў 1990 гады, зноўку зьявілася на вуліцах, на пікетах, гэта вельмі станоўча ўплывае на імідж партыі, гэта мае станоўчы водгук сярод насельніцтва. У многіх рэгіёнах пытаюцца, а што Партыі БНФ яшчэ існуе? На жаль, у некаторых рэгіёнах людзі ўжо ня вераць у тое, што апазыцыя можа штосьці зрабіць. І зьяўленьне актывістаў Партыі БНФ дае ім надзею, што ў нашай краіне можна нешта зьмяніць, надае ім надзею, што ёсьць іншыя людзі, акрамя Лукашэнкі, якія могуць павесьці краіну ў іншы бок, у бок цывілізацыі, у бок Эўропы. Вось гэта станоўчае, і самае галоўнае, што Партыя БНФ уплывае на выбарчы працэс у краіне, і можа атрымаць перамогу, гэта цалкам верагодна.

Слухаць гутарку цалкам.