Кандыдат у прэзыдэнты сабраў усе свае подпісы ў адной вобласьці


Ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі працягваюць шукаць прыхільнікаў. Каб афіцыйна зарэгістравацца, прэтэндэнтам неабходна набраць сама меней 100 тысяч подпісаў у сваю падтрымку. Як рухаюцца справы ў ініцыятыўных групаў?

Своеасаблівы рэкорд выбарчай кампаніі паставіў кандыдат у прэзыдэнты, прадпрымальнік зь Віцебску Ўладзімер Правальскі. Усе свае подпісы — а гэта больш за 60 тысяч — ён сабраў на тэрыторыі адной Віцебскай вобласьці. Цікаўлюся, як справы за межамі вобласьці? У адказ чую:

«Там не зьбіраем. Мы адмовіліся ад такіх плянаў».

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік кажа: парушэньня закону ў гэтым няма:

«Выбарчае заканадаўства прадугледжвае: кандыдат у прэзыдэнты вылучаецца ў тым выпадку, калі ён сабраў 100 тысяч подпісаў выбарцаў. Прычым ня мае значэньня, дзе ён сабраў гэтыя подпісы — па ўсіх рэгіёнах прапарцыйна ці ў якімсьці адным горадзе. Пры выбарах прэзыдэнта ствараецца адна агульная акруга. І няважна, у якім месцы гэтай акругі сабраныя неабходныя сто тысяч подпісаў».

Два кандыдаты на вышэйшую пасаду ўжо заявілі пра перавыкананьне пляну. Першым гэта зрабіў Аляксандар Лукашэнка. За ім — Уладзімер Някляеў. Сёньня ў размове са «Свабодай» спадар Някляеў сказаў, што кантроль за зборам подпісаў пасьля выкананьня нормы зрабіўся слабейшы:

«Таму цяпер ніхто ў нас гэтым так шчыльна, як раней, не займаецца. Таму што мы здалі ўжо амаль 102 тысячы, пра што і казалі ў чацьвер на прэзэнтацыі. Але збор подпісаў працягваецца. І за гэты час, відаць, яшчэ тысяч 10-20 назьбіралася».

А вось кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка называе абсалютна дакладную лічбу:

«74857. І гэта без уліку апошніх дадзеных зь дзьвюх абласьцей — Магілёўскай і Берасьцейскай».

Спадар Цярэшчанка ўпэўнены: да заканчэньня тэрміну 100 тысяч подпісаў будуць сабраныя.

Да запаветнага рубяжу набліжаецца і кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук. Старшыня выбарчага штабу Леў Марголін адзначае:

«91,5 тысячы подпісаў — гэта тое, што на руках у нашых каардынатараў. А яшчэ нейкая колькасьць — на руках у зборшчыкаў. Гэтыя подпісы ўжо ёсьць, але яшчэ ня здадзеныя».

Яраслаў Раманчук, як вядома, родам з Гарадзеншчыны. Але найбольшую колькасьць подпісаў за яго сабралі ў Магілёўскай вобласьці.
Яраслаў Раманчук, як вядома, родам з Гарадзеншчыны. Тут ён два гады таму балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў. Але вось што дзіўна: у рэгіёнах найбольшую колькасьць подпісаў за яго сабралі ў Магілёўскай вобласьці, кажа спадар Марголін:

«Мы таксама спадзяваліся на Гарадзеншчыну. Але факты, як кажуць, упартая рэч».

Падобная сытуацыя і ў вылучэнца ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Ён сам з Магілёўшчыны. Але найбольшую колькасьць подпісаў за яго сабралі ў іншых рэгіёнах, кажа кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта Аляксей Янукевіч:

«Лідэры — гэта Менск і Гарадзенская вобласьць. Усяго ў нас сабрана 67 400 подпісаў».

Кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч кажа:

«72 тысячы было на ўчорашні дзень. А найбольшую колькасьць подпісаў сабралі на Магілёўшчыне».

Мікола Статкевіч — і кандыдат у прэзыдэнты, і кіраўнік сваёй ініцыятыўнай групы:

«Я думаю, што дзесьці каля 70 тысяч прыблізна. Але гэта прыблізныя дадзеныя, паколькі штодзень тузаць людзей наконт лічбаў мы ня можам. Робім гэта раз на некалькі дзён».

Павал Севярынец — кіраўнік ініцыятыўнай групы вылучэнца ад партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага — кажа, што на ўчорашні дзень сабралі больш за 60 тысяч подпісаў. Аднак такі вынік выбарчы штаб не задавальняе:

«Мы кожны дзень праводзім плянэркі. Думаем над тым, як узмацніць збор подпісаў. На другой палове дыстанцыі нам патрэбны рывок».

А вось у камандзе лідэра грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэя Саньнікава дакладных дадзеных па-ранейшаму не называюць. Пра ўсё даведаецеся тады, калі мы здадзім падпісныя лісты ў ЦВК, кажа актывіст штабу Віктар Івашкевіч:

«Лічбы, якія нам кажуць па тэлефоне з рэгіёнаў, ёсьць. Аднак мы іх правяраем, выбракоўваем, адсылаем назад на дапрацоўку. Ідзе працэс, і мы рашылі — лепш не займацца спаборніцтвам называньня лічбаў».

Збор подпісаў пачаўся 30 верасьня і будзе доўжыцца да 29 кастрычніка ўключна. Ініцыятыўным групам для рэгістрацыі свайго кандыдата ў прэзыдэнты неабходна сабраць ня менш як 100 тысяч подпісаў.