“Уладзімер, я паеду, мяне Лукашэнка ўжо чакае”

18 кастрычніка падчас візыту ва Ўкраіну прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса былі падпісаныя дамоўленасьці аб транспарціроўцы вэнэсуэльскай нафты праз Украіну. Украінскі прэзыдэнт і ягоны госьць заявілі, што дасягнутае пагадненьне не супярэчыць інтарэсам Расеі.

Падчас свайго прэзыдэнцтва Чавэс пяць разоў наведваў Беларусь, дзевяць разоў – Расею, ва Ўкраіне ён упершыню. З Кіева ён накіруецца ў Тэгеран.

На супольнай прэсавай канфэрэнцыі з Чавэсам украінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч сказаў наконт дасягнутых ў Кіеве дамоўленасьцяў аб транспарціроўцы ў Беларусь вэнэсуэльскай нафты праз тэрыторыю Украіны наступнае:

"Я ні разу ня чуў, каб Расея перашкаджала гэтыя пытаньні вырашаць. Лічым, што рашэньне такога пытаньня для Беларусі не супярэчыць інтарэсам Расеі".

Януковіч дадаў, што сёньня такая транспарціроўка адбываецца ў цыстэрнах, але ў найбліжэйшым часе нафта будзе транспартавацца па нафтаправодзе.

Ужо ў лістападзе Ўкраіна плянуе зрабіць пробны пуск 80 тысяч тон вэнэсуэльскай нафты па нафтаправодзе “Адэса – Броды” на Мазырскі НПЗ.

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве, што калі б пагадненьне зь Беларусьсю і магчымыя пагадненьні з Украінай складалі пагрозу для каго-небудзь, то такія ініцыятывы не прымаліся б.

Чавэс распавёў, што падчас візыту ў Расею на мінулым тыдні "вячэраў з прэм'ер-міністрам Расеі Уладзімірам Пуціным”, зь якім яго зьвязваюць “ужо доўгія гады дружбы". "Не такія, як зь Віктарам Януковічам, мы ўжо 10 гадоў сябруем з Пуціным. Мы вячэралі, гутарылі, у Маскве было вельмі халодна, была поўнач, і я яму сказаў: "Уладзімір, я паеду, мяне Лукашэнка ўжо чакае", – распавёў Чавэс.

Паводле яго прэм'ер Расеі прасіў "перадаць Лукашэнку цёплае прывітаньне".

У.Чавэс таксама паведаміў, што меў чатырохгадзінную гутарку з Пуціным і не адчуў ніякай заклапочанасьці ў пытаньні транспарціроўкі вэнэсуэльскай нафты. Прэзыдэнт Вэнэсуэлы дадаў, што падчас візыту ў Маскву ён сустракаўся з прэзыдэнтам РФ Дзьмітрыем Мядзьведзевым і гутарыў зь ім сем гадзінаў.

Падчас візыту ў Менск, адкуль Чавэс прыляцеў у Кіеў, вэнэсуэльскі лідэр паведаміў, што замест цяперашніх чатырох мільёнаў тон нафты за год, Каракас у будучым годзе накіруе ў Беларусь 10 мільёнаў тон паліва.

Уга Чавэс заявіў, што “Вэнэсуэла мае самыя вялікія запасы нафты, і беларускім НПЗ хопіць нафты яшчэ на 200 гадоў".

Чавэс і Януковіч сёньня заявілі, што Расея ня мае ніякіх пярэчаньняў супраць транзыту вэнэсуэльскай нафты праз Украіну. Аднак Лукашэнка падчас прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў 30 верасьня казаў, што Расея супрацьдзейнічае павароту трубапроваду “Адэса – Броды” ў авэрс, што дало б магчымасьць дастаўляць вэнэсуэльскую нафту ў Беларусь па трубе.

Наяўнасьць праблемы і расейскае супрацьдзеяньне гэтаму праекту ускосна пацьвердзіў днямі і міністар паліва і энэргетыкі Ўкраіны Юры Бойка, які заявіў, што пытаньне павароту можа быць вырашанае:

«Мы маем права выбіраць маршруты, эканамічна выгадныя нашай краіне і яе контрагентам, гэтак сама, як расійскія партнэры. Таму любыя пытаньні, якія датычаць паставак энэргарэсурсаў і якія маюць вялікае значэньне для эканомікі і палітыкі іншых краін, мы вырашаем шляхам кампрамісаў, але на першае месца ставім свае нацыянальныя інтарэсы ».