Расейскія разьведчыкі, высланыя ЗША, атрымалі ўзнагароды

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў узнагародзіў супрацоўнікаў Службы зьнешняй выведкі, у тым ліку і тых, што працавалі ў ЗША і былі высланыя ў Расею сёлета. Пра цырымонію ўзнагароджаньня вышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі, якая адбылася сёньня ў Крамлі, паведаміла журналістам прэсавая сакратарка Мядзьведзева Натальля Цімакова.

Сёлета ў канцы чэрвеня ў ЗША былі арыштаваныя 10 закансьпіраваных расейскіх шпіёнаў, якія пазьней былі абмененыя на чатырох “амэрыканскіх шпіёнаў”, затрыманых у Расеі.

Найбольшую папулярнасьць у мэдыях пасьля раскрыцьця шпіёнскага скандалу набыла расейская агентка Анна Чапман. Як паведамляецца, у Расеі яна знайшла працу ў “Фордсэрвісбанку”. Яна піша кнігу пра рэсурсы інтэрнэту, а таксама займаецца “культуралягічным праектам, зьвязаным з космасам” і была нядаўна заўважаная на Байкануры.