Учора ўвечары пачаўся візыт прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса ва Ўкраіну. Адна з галоўных тэмаў яго перамоваў з украінскім кіраўніцтвам – магчымасьць паставак вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь па нафтаправодзе “Адэса-Броды”.
Падчас свайго прэзыдэнцтва Чавэс 5 разоў наведваў Беларусь, 9 разоў – Расею, ва Ўкраіне ён упершыню. З Кіева ён накіруецца ў Тэгеран.
Зброя і транзыт нафты ў Беларусі – такімі, на думку экспэртаў, будуць галоўныя тэмы перамоваў Чавэса з прэзыдэнтам Віктарам Януковічам.
Падчас візыту ў Менск, адкуль Чавэс прыляцеў у Кіеў, вэнэсуэльскі лідэр паведаміў, што замест цяперашніх 4 мільёнаў тон нафты за год, Каракас у будучым годзе накіруе ў Беларусь 10 мільёнаў тон паліва.
Уга Чавэс заявіў, што “Вэнэсуэла мае самыя вялікія запасы нафты, і беларускім НПЗ хопіць нафты яшчэ на 200 гадоў". “Тут няма даўжнікоў – мы таварышы, і мы разам будуем альтэрнатыву імпэрыялізму", – заявіў у Менску Чавэс.
На працягу гэтага году ў Адэсу прыйшлі ўжо пяць танкераў з нафтай для Беларусі. Але дагэтуль яна дастаўляецца з порту ў Беларусь па чыгунцы. Зручней было б дастаўляць яе па трубаправодзе “Адэса – Броды”, які цяпер працуе ў рэвэрсным рэжыме, пампуючы расейскую нафту на Адэсу.
Паводле Лукашэнкі, Расея супрацьдзейнічае павароту трубапроваду ў авэрс, што дало б магчымасьць дастаўляць вэнэсуэльскую нафту ў Беларусь па трубе.
Аднак, нягледзячы на цёплыя цяперашнія адносіны паміж Кіевам і Масквой, Украіна не зьбіраецца адмаўляцца ні ад дадатковых даходаў, ні ад самастойнай палітыкі.
Міністар паліва і энэргетыкі Ўкраіны Юры Бойка з гэтай нагоды заявіў, што гэтае пытаньне можа быць вырашана:
«Мы маем права выбіраць маршруты эканамічна выгадныя нашай краіне і яе контрагентам, гэтак жа як расейскія партнэры. Таму любыя пытаньні, якія датычаць паставак энэргарэсурсаў і якія маюць вялікае значэньне для эканомікі і палітыкі іншых краін, мы вырашаем шляхам кампрамісаў, але на першае месца ставім свае нацыянальныя інтарэсы ».
Як паведаміў раней спадар Бойка, у лістападзе Ўкраіна плянуе зрабіць пробны пуск 80 тысяч тон вэнэсуэльскай нафты праз нафтаправод “Адэса – Броды” на Мазырскі НПЗ.
На думку экспэртаў, Чавэса могуць зацікавіць магчымасьці вайсковага супрацоўніцтва з Украінай, у прыватнасьці, закупка танкаў, а таксама магчымасьці ўкраінскага авіяпраму. Падчас візыту вэнэсуэльскі лідэр наведае авіятэхнічны комплекс імя Антонава.
Сытуацыю з магчымасьцю павароту нафтаправоду "Адэса Броды" пракамэнтавала экспэрт у пытаньнях энэргетыкі ўкраінскай службы нашага радыё Тацяна Ярмашчук:
"Украіна ня мае ніякіх юрыдычных абавязкаў, з прычыны якіх яна не магла б гэта зрабіць. Гэта расейскі ціск. Міністар паліва і энэргетыкі Юры Бойка яшчэ да візыту Чавэса заяўляў, што калі будзе дастатковы аб'ем вэнэсуэльскай нафты, якую трэба перапампоўваць у бок Беларусі, то Ўкраіна можа запусьціць "Адэса – Броды" ў авэрсным рэжыме, як гэта, уласна, і плянавалася.
Хаця сытуацыя тут выглядае досыць неадназначна. Авэрс "Адэса – Броды" ўжо неаднаразова рабіўся аб'ектам палітычных спэкуляцый, у тым ліку і з боку ўкраінскай улады. Размовы пра паварот вядуцца даўно, і гэтая перспэктыва неаднаразова была прадметам канфлікту паміж прэзыдэнтам Віктарам Юшчанкам і тагачасным прэм'ерам Юліяй Цімашэнкай. Але да справы так і не дайшло.
І цяпер усё залежыць ад палітычнай волі. Міністар Бойка сказаў, што з расейскім бокам можна дамовіцца. Але цяпер паміж Кіевам і Масквой вядуцца перамовы па ўсім спэктры энэргетычных праблемаў – газавых, ядзерных і нафтавых. І цяжка сказаць, якімі будуць вынікі гэтых перамоваў. Лёс "Адэса – Броды" залежыць ад усяго комплексу энэргетычных пытаньняў”.