"Трэба аб'ядноўвацца і рабіць такія рэчы разам"

Андрэй Дзьмітрыеў

Госьцем “Начной Свабоды” стаў кіраўнік выбарчага штабу прэтэндэнта на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева, Андрэй Дзьмітрыеў, які дзяжурыў ля перадвыбарчага намёту на праспэкце Незалежнасьці ў Менску, побач з ГУМам, дзе круглыя суткі зьбіраюць подпісы за Някляева.
Соўсь: Сябры ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева адкрыта гавораць, што намёт блізу Кастрычніцкай плошчы перад выбарамі можна расцэньваць як сымбаль будучай плошчы. Вось ён ужо трэція суткі спакойна стаіць, начуюць людзі, ідзе агітацыя. Як вы мяркуеце, чаму ўлады ня робяць ніякіх крокаў, каб прыбраць намёт?

Дзьмітрыеў: Таму што ўлады спрабуюць гуляць у лібэралізацыю і паказваць Эўропе і ЗША, што, маўляў, яны тут ня робяць ніякіх перашкодаў. Гэта, я думаю, будзе адзін з аргумэнтаў улады, каб потым казаць, што былі празрыстыя і чэсныя выбары.

Соўсь: Як бы вы, як паліттэхноляг, ацанілі выбарчыя кампаніі іншых кандыдатаў у прэзыдэнты? Якія ідэі вам падаліся цікавымі? Што найбольш спрацоўвае?

Дзьмітрыеў:
Мне спадабалася сёньняшняя акцыя “Праспэкт нацыянальнага сьцягу”, якую зладзіў спадар Кастусёў. Наколькі я ведаю, там і Рымашэўскі да яго далучыўся, і некалькі нашых людзей там было. Гэта нешта цікавае і паказвае людзям нейкую альтэрнатыву. Але такія рэчы трэба рабіць ня толькі тут, але і па рэгіёнах. Мы сёньня кармілі людзей ня толькі ў Менску, але і па ўсіх абласных гарадах. Гэта трэба рабіць ня толькі тут. Трэба аб'ядноўвацца і рабіць такія рэчы разам. Да гэтага мы заклікаем у прынцыпе ўсіх кандыдатаў.

Соўсь: Вы кажаце, што будзеце працягваць карміць людзей ў розных гарадах. А як вы будзеце адказваць на пытаньне адкуль чырвоная ікра на бліны?

Дзьмітрыеў: Гэта ж толькі тут у Менску было. У Горадні, наколькі я ведаю, быў плоў, у Гомельскай вобласьці нейкая іншая страва -- суп, здаецца. Гэта толькі ў Менску нас так пачаставала адна з рэстарацыяў, за што ёй вялікі дзякуй. З тых, хто еў, ніхто не пакрыўдзіўся.


Слухаць гутарку цалкам: