“Праспэкт нацыянальнага сьцяга”: краіне патрэбныя перамены

Актывісты ініцыятыўнай групы па вылучэньні Рыгора Кастусёва кандыдатам у прэзыдэнты ад Партыі БНФ зладзілі ў Менску мэгапікет пад назвай «Праспэкт нацыянальнага сьцяга». Мэтай акцыі быў збор подпісаў у падтрымку Рыгора Кастусёва, а таксама папулярызацыя бел-чырвона-белага сьцяга.



Каля трох дзясяткаў чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі пашыхтаваліся абапал дарогі на праспэкце Незалежнасьці ад плошчы Перамогі да скрыжаваньня з вуліцай Казлова. Каля стэндаў з партрэтамі Рыгора Кастусёва яны зьбіралі подпісы. Навошта абрана гэткая форма перадвыбарчай кампаніі, адзін з ініцыятараў акцыі Сяржук Семянюк патлумачыў наступным чынам:

«Мэта — паказаць грамадзтву, што партыя БНФ стаіць на народных і нацыянальных інтарэсах. Мы дэкляруем, што калі нашым прэзыдэнтам будзе Рыгор Кастусёў, то гэты сымбаль будзе неадкладна вернуты».

Падтрымаць акцыю паплечнікаў у дэмакратычным руху прыйшлі таксама прадстаўнікі іншых партый. У прыватнасьці, ад руху «За свабоду» — Віктар Карняенка, ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі — кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі. Каля дзясятка паплечнікаў, якія прыйшлі разам зь ім, несьлі партыйныя сьцягі. Сваё стаўленьне да перадвыбарчай акцыі фронтаўцаў ён пракамэнтаваў гэтак:

«Я лічу, што гэта добры прыклад, як трэба не баяцца і падтрымліваць нацыянальную сымболіку. Людзі нават са зьдзіўленьнем глядзяць — ці не дэманстрацыя гэта і ці ня выскачыць зараз аднекуль міліцыя. Варта карыстацца гэтым часам, пакуль Лукашэнка змагаецца з Расеяй, і варта ўздымаць нацыянальныя сымбалі на належны ўзровень».
Варта карыстацца гэтым часам, пакуль Лукашэнка змагаецца з Расеяй, і варта ўздымаць нацыянальныя сымбалі на належны ўзровень.


Цягам гадзіны, пакуль трываў пікет, за яго ходам пільна сачылі супрацоўнікі сілавых структураў у цывільным. Яны фільмавалі акцыю, але не перашкаджалі. Тым часам аўтамабілі ўвесь час сыгналілі, вітаючы ўдзельнікаў падзеі, а мінакі падпісваліся, размаўлялі зь пікетоўцамі пра выбары і вось як выказваліся пра ўбачанае:

Спадарыня: «Я падтрымліваю такія акцыі. Калі людзі хочуць нешта выказаць, то няхай выказваюць».

Спадарыня: «Як я да гэтага стаўлюся? Хто як можа, так і робіць — у залежнасьці ад магчымасьцяў кандыдатаў. Некаторыя могуць штодня на экране быць, а ў іншых такіх магчымасьцяў няма, таму хто як можа, так і працуе».

Спадарыня: «Я лічу, што павінны быць зьмены — больш я нічога сказаць не магу. Зьмены ў нас павінны быць».

Свае адносіны да бел-чырвона-белага сьцяга адна сямейная пара прадэманстравала, узяўшы ў пікетоўцаў маленькі сьцяжок і прымацаваўшы яго да дзіцячага вазка. А невядомы юнак праехаў па праспэкце на скутэры з разгорнутым бел-чырвона-белым сьцягам. Рыгор Кастусёў на заканчэньне пікету падсумаваў яго вынік:

«Я акцыяй вельмі задаволены: паглядзіце, колькі бел-чырвона-белых сьцягоў на праспэкце. Такой акцыі апошнім часам, здаецца, нават не было. Я вельмі задаволены, у мяне добры настрой і ў людзей добры настрой таксама».

Як паведаміў Рыгор Кастусёў, падобныя акцыі актывісты ініцыятыўнай групы па ягоным вылучэньні на прэзыдэнта плянуюць праводзіць таксама і ў іншых гарадах Беларусі.


Да акцыі далучыўся й адзін зь лідэраў руху «За свабоду» Віктар Карняенка (зьлева).
Рыгор Кастусёў (БНФ) і Віталь Рымашэўскі (БХД)