У Чылі ратаўнікі падымаюць гарнякоў

У Чылі працягваецца апэрацыя па эвакуацыі 33-х гарнякоў, якія правялі больш за два месяцы глыбока пад зямлёю пасьля абвалу на шахце. Выратавальнікі даставілі наверх ужо 13 шахтароў пры дапамозе спэцыяльнай капсулы, у якой пацярпелых па адным дастаўляюць на паверхню зямлі. Сярод выратаваных – самы малады (19 гадоў) і самы стары (63 гады) з пацярпелых. Прэзыдэнт Чылі Сэбаст'ян Піньера знаходзіцца на месцы падзеяў і вітае ўратаваных шахтароў.

Выратавальнікі адмыслова прасьвідравалі асобную шахту глыбінёю 625 мэтраў. 5 жніўня пасьля абвалу на шахце для золатаздабычы гарнякі лічыліся загінулымі. Толькі праз 17 дзён пасьля здарэньня яны здолелі падаць на паверхню зямлі паведамленьне, што ўратаваліся ў аварыйным падземным памяшканьні.