Куды вядзе камэрцыялізацыя музэяў?

Камэрцыялізацыя музэйных аб'ектаў набірае абароты. Цяпер зарэгістраваць шлюб ці арганізаваць банкет можна нават у літаратурных музэях, гарадзкіх ратушах ці на тэрыторыі сядзібна-паркавых комплексаў. Добра гэта, ці наадварот — непатрэбная вольнасьць?

Сёлетнім жніўнем у Доме-музэі Адама Міцкевіча ў Наваградку запачаткаваная традыцыя росьпісу маладых. У Нясьвіжы арганізуюць вясельлі ў адмысловых строях у старадаўнім стылі. У сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага ў Залесьсі ледзьве не на палову лета затрымалася кіназдымачная група. Натуральна, усе гэтыя задавальненьні — ня жэст дабрачыннасьці, а спосаб папоўніць сьціплыя музэйныя рахункі.

Не адстае ад новых веяньняў і Дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах пад Менскам. Зьвезеныя з усёй Беларусі ўзоры драўлянага дойлідзтва і дагэтуль траплялі ў кліпы беларускіх сьпевакоў, але цяпер адчуць сябе артыстам у масавым спэктаклі тут можа кожны.

Выходныя ў Строчыцах — гэта какафонія самых разнастайных гукаў. На невялікім пятаку зямлі сканцэнтраваліся ня толькі гандляры сувэнірамі ды "карабейнікі", але і шматлікія ўдзельнікі самастойных мерапрыемстваў. На імправізаванай сцэне — плянавы "Восеньскі фэст": няхітрыя конкурсы з перабіраньнем бульбы на хуткасьць, пераапрананьне ў пана Быкоўскага і т.п. На гэтым тле — важная вясельная працэсія, якая ненадоўга затрымалася ў царкве, а потым перадыслякавалася ў галоўны пункт прызначэньня, карчму. Арганізатары запэўніваюць, што расцэнкі для такога мерапрыемства прымальныя:

"Калі вы жадаеце сытна накарміць сваіх гасьцей, каб яны ўсе засталіся задаволеныя і пад уражаньнем, дзесьці 90 тысяч рублёў на чалавека каштаваць будзе. І калі ёсьць жаданьне зрабіць вясельле ў стараверскім стылі, то такі выбар, натуральна, адназначны. Усе гэтыя мерапрыемствы ладзяць прафэсіяналы, работнікі музэя".

Тым часам паміж “музэяфікаванымі” хатамі і пунямі віруе асобнае жыцьцё. Нейкая расейская студыя здымае чарговы фільм. Пад акампанэмэнт воклічаў "камэра, матор!" па чарзе выпускаюць барадатых мужыкоў зь мяхамі на сьпіне, бабаў з граблямі ды перапуджаных кароў, якія ад падвышанай увагі пачынаюць губляць усялякую арыентацыю на мясцовасьці. Колькі каштуе кожны здымачны дзень — адміністрацыя не ўдакладняе, бо гэта ўжо прэрагатыва больш высокіх інстанцый.

Тым, хто трапіў на гэтае сьвята жыцьця выпадкова (зь першапачатковай мэтай пабыць недалёка ад горада, але ў цішы), усё гэта рэзала і зрок, і вуха:

"Наогул, месца тут файнае, вельмі прыгожа. Але намешана ўсяго занадта. З аднаго боку — восеньскі фэст, гармонік разрываецца. Зь іншага боку расейцы нейкае кіно здымаюць, тут жа сьвяткуецца вясельле з працэсіяй гасьцей. Беларускае тэлебачаньне, якое здымае невядома што, — першае, другое ці трэцяе. І ўсё гэта разам: цётухны ў нацыянальных строях, гламурныя дзяўчаты з маленькімі сабачкамі на тле старых хатаў, цэркваў выклікае пачуцьцё нейкага абсурду... Самае кляснае — гэта старыя арэлі, усталяваныя на ўскраіне. Зь вялізным задавальненьнем пагушкаліся на іх зь дзецьмі".



Дарэчы, чым далей ад цэнтральнай часткі, тым большы заняпад. Некаторыя "трафэйныя" збудаваньні разбураныя напалову, што выклікае лягічнае пытаньне: ці варта было іх здымаць з наседжаных месцаў, каб давесьці да такога стану?



Колішні супрацоўнік музэю народнай архітэктуры і побыту Антон Астаповіч кажа, што "камэрцыялізацыя" музэйных установаў — прыхамаць дзяржавы. Таму яна і адказная за ўвесь бэдлам, які адбываецца ў гэтай сфэры:

"Музэйная ўстанова, згодна ўсіх мэтодык, згодна закону аб музэях і музэйным фондзе Рэспублікі Беларусь — гэта ў першую чаргу "банк дадзеных". Дзе, па-першае, сабраныя прадметы як носьбіты інфармацыі пра матэрыяльную культуру (бо аснова любых музэяў — гэта фонды). Па-другое, экспазыцыі, таму што фонды павінны быць даступныя і выстаўленыя на агляд. І трэцяе — навукова-асьветніцкая праца. Менавіта навукова-асьветніцкая папулярызацыя, а не камэрцыйная. Камэрцыйная папулярызацыя выкліканая тым, што ў нас ідзе дурацкае плянаваньне, па-іншаму назваць не магу. Кожнай установе культуры даводзіцца плян выкананьня платных паслугаў, які штогод падвышаюць у сярэднім на 15% у супастаўных коштах. Па выніку атрымліваецца, што кожны год гэты плян падвышаецца на добрых 30-35%. Гэта вельмі заганная сытуацыя, якая вымушае навукова-культурныя ўстановы рабіцца камэрцыйнымі. Там, дзе супрацоўнікі не займаюцца непасрэднымі абавязкамі па навуковай апрацоўцы матэрыялу і яго навуковай папулярызацыі, яны выступаюць у якасьці, скажам так, клоўнаў на музэйнай тэрыторыі, якія зарабляюць грошы на па-за бюджэтны рахунак. Гэта жахлівая сытуацыя".



Напачатку кастрычніка праблема неапраўданай камэрцыялізацыі музэйнай галіны абмяркоўвалася падчас круглага стала ў Палаце прадстаўнікоў, за якім сабраліся як сябры парлямэнцкай камісіі па адукацыі, культуры і навукова-тэхнічным прагрэсе, так і прадстаўнікі недзяржаўных грамадзкіх аб'яднаньняў. У працэсе разгляду праекту плятформы недзяржаўных арганізацый на разьвіцьцё нацыянальнай культуры з боку прафсаюзаў работнікаў культуры прагучала прапанова: скасаваць заганны плян платных паслугаў. Сыстэматызаваны праект будзе ўзгоднены на аналягічным круглым стале ў лістападзе, пасьля чаго пойдзе на разгляд у Грамадзка-кансультатыўную раду пры адміністрацыі прэзыдэнта.