“Беларусы спажываюць дзесьці на 10-11 працэнтаў болей, чым вырабляюць”

Леанід Злотнікаў

Прырост валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў студзені-верасні 2010 году склаў 6,6% у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам пры гадавым прагнозе 11-13%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Наколькі можна давяраць афіцыйным статыстычным дадзеным? Ці адпавядае рост даходаў насельніцтва росту валавога ўнутранага прадукту? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.
Цыганкоў: Спадар Злотнікаў, вы неаднаразова на старонках эканамічнай прэсы вялі спрэчкі зь беларускімі чыноўнікамі наконт дакладнасьці беларускай афіцыйнай статыстыкі. Ці лічыце вы, што сёньня можна давяраць афіцыйным дадзеным?

Злотнікаў: Я тут згадваю нядаўні выступ Аляксандра Лукашэнкі на зьезьдзе прафсаюзаў, дзе кіраўнік Беларусі разважаў над пытаньнем «чаму ў нас так усё хутка расьце, але мы жывем небагата?» Вось тут і адказ. Калі верыць беларускай афіцыйнай статыстыцы, сплюсаваць іхныя дадзеныя год за годам, то мы ўжо павінны быць даўно наперадзе Расеі па ВУП на душу насельніцтва. А на самой справе мы далёка ззаду Расеі, а тым больш Польшчы, Літвы.

Так што, на самой справе ёсьць праблемы са статыстыкай. Паводле маіх дадзеных, афіцыйная статыстыка павялічвала рост ВУПу ў 1,5-1,8 разу.

Цыганкоў: Але ці настолькі важныя лічбы росту ВУП для дабрабыту шараговага грамадзяніна? Ці заўсёды гэта азначае, што даходы насельніцтва растуць у такой самай прапорцыі?

Злотнікаў: Даходы насельніцтва складаюцца ня толькі з таго, што вырабляцца ў краіне, але таксама і за кошт крэдытаў, што даюцца замежнымі краінамі і арганізацыямі, а таксама крэдытаў, што бяруць прадпрыемствы і банкі. Дык вось, паводле дадзеных за першую палову гэтага году, беларусы спажываюць дзесьці на 10-11 працэнтаў болей, чым яны вырабляюць у ВУПе. Так што, мы можам жыць крыху лепш, чым мы зарабляем. Але гэта доўга працягвацца ня можа.