А. Класкоўскі, Я. Мінчанка, П. Якубовіч: Беларуска-расейскія ростані

Чаму беларуска-расейскія стасункі дасягнулі на гэтым тыдні бадай што піку вастрыні? Якія мэты ставіць перад сабой Расея адносна Беларусі? Які ўплыў робіць канфлікт паміж Менскам і Масквой на выбарчую сытуацыю ў Беларусі? Па гэтых тэмах у “Праскім акцэнце” вядуць спрэчку: зь Менску - кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі Белапан Аляксандар Класкоўскі і галоўны рэдактар газэты “Советская Белоруссия – Беларусь сегодня» Павел Якубовіч, з Масквы - дырэктар Міжнароднага інстытуту палітычнай экспэртызы Яўген Мінчанка.

Слухайце перадачу ў нядзелю, 10 кастрычніка, а 18 гадзіне.

Прапануем вам некалькі фрагмэнтаў перадачы.


Аляксандар Класкоўскі
Класкоўскі: Я абсалютна нязгодны з тым, што гэта кан'юнктурны канфлікт, гэта канфлікт сыстэмны, гэта крызіс мадэлі "братэрскай інтэграцыі"...Абвешчанае партыяй БНФ змаганьне на два фронты - супраць Лукашэнкі і супраць "кандыдата Крамля" – гэта прыкрыцьцё канцэптуальнай разгубленасьці гэтай часткі апазыцыі... Напачатку сьмяяліся з гэтай нафты ад Чавэса, а сёньня эканамісты пралічылі, што яна выгадная. Бо Чавэс не бярэ мыта, а Масква бярэ...


Павел Якубовіч
Якубовіч: Я мяркую, што гэта быў пік канфлікту і бакі зараз вернуцца да спакойнага тону... Я прасіў бы калегу не карыстацца выразамі “калі Беларусь ляжа пад Захад”, размова ідзе пра краіну, а не пра нешта непрыстойнае... Стужкі НТВ – гэта забава для інтэлектуалаў, якія гэтыя фільмы робяць. Гэта ўсё мітусьня, яны ня робяць ніякага электаральнага ўзьдзеяньня на Беларусь і нічога не даюць у Расеі... Беларусь не гатовая да ідэалягічнага супрацьстаяньня з расейскім істэблішмэнтам, бо патрэбы ў гэтым няма...


Яўген Мінчанка
Мінчанка: Я лічу абсалютна неэтычнымі паводзіны калегі Якубовіча, трэба казаць пра факты і абыходзіцца без асабістых выпадаў. Кастрычніцкае абвастрэньне любові Лукашэнка да Расеі тлумачыцца разрывам паміж элітай і беларускім насельніцтвам, якое ў масе сваёй настроенае на пазытыўныя стасункі з Расеяй... Калі Беларусь будзе “класьціся” пад Захад, баюся, што Аляксандра Рыгоравіча чакае лёс Мілошавіча... Расеі яшчэ некалькі гадоў давядзецца мець справу з Лукашэнкам, бо ў апазыцыі моцных лідэраў няма...