Адвакат Сапелка не атрымаў ліст Аўтуховіча з калёніі

Чаму не атрымаў ліст ад Мікалая Аўтуховіча ягоны адвакат Павал Сапелка? Сваякі Уладзімера Асіпенкі спадзяюцца, што яго вызваляць не пазьней за люты 2011 году. Праз два дні пачынаецца суд над актывістам «Гавары праўду» Міхасём Башурам.

Павал Сапелка
Не ўпершыню на волю не даходзяць лісты Мікалая Аўтуховіча. Гэтым разам не атрымаў ліста ад свайго падабароннага адвакат Павал Сапелка. Паводле Сапелкі, з тэлефоннай размовы з ягоным падабаронным, якая адбылася днямі, яму стала вядома, што Аўтуховіч яшчэ 3 тыдні таму напісаў і адправіў яму ліст. Нібыта гэта быў аповед пра нейкія праблемы вязьня, таму адміністрацыя і прытрымала гэта пасланьне, мяркуе Павал Сапелка. Гэты факт не зьдзівіў адваката, улічваючы, паводле ягоных словаў, адносіны Мікалая Аўтуховіча і адміністрацыі Івацэвіцкай калёніі:

«Ніякіх подпісаў пра паводзіны на шляху выпраўленьня ён ня даў, ні ў якія сэкцыі пра падтрыманьне дысцыпліны ў калёніі не ўступіў, таму — сядзіць, як пацан».

Паводле Паўла Сапелкі, пэўных зрухаў у лячэньні Мікалая Аўтуховіча, якому патрэбна тэрміновае пратэзаваньне зубоў, няма.

Людзьміла Асіпенка кажа, што атрымала ад бацькі, Уладзімера Асіпенкі, пэўнае пацьверджаньне таго, што з яго зьнялі год паводле амністыі. Цяпер у сям’і Асіпенкаў дакладна ведаюць, што тату мусяць вызваліць у лютым будучага году, але вызваленьне можа адбыцца і раней як умоўна-датэрміновае, кажа дачка вязьня.

«Умоўна-датэрміновае вызваленьне можа адбыцца і раней, але гэта залежыць ад адміністрацыі калёніі. Могуць і да новага году. Як вырашаць».

Бацька вязьня Бабруйскай калёніі, прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі, Валер Бандарэнка ня ведае, ці выпусьцілі сына з карцэра. На мінулым тыдні Андрэя Бандарэнку пакаралі карцэрам на 7 дзён нібыта за адмову ад працы. «Сын адмовіўся працаваць на вытворчасьці, дзе ўжываюць небясьпечны газ фэнол», — казаў Валер Бандарэнка. Між тым пазьней адміністрацыя гэтага не прызнала і патлумачыла пакараньне тым, што Андрэя Бандарэнка нібыта разьвесіў над сваім спальным месцам нейкія забароненыя малюнкі і партрэты. Што дакладна было парушана, бацьку Бандарэнкі невядома, бо ад сына два тыдні няма лістоў і званкоў.

У панядзелак, 11 кастрычніка, у Савецкім судзе Менску пачынаецца суд над актывістам кампаніі «Гавары праўду» Міхасём Башурам, якога падазраюць у падробцы дакумэнтаў. Актывісту пагражае да 5 гадоў абмежаваньня волі. Паводле адваката Тамары Сідарэнкі, яе падабаронны Міхась Башура да суду падрыхтаваўся. Вінаватым сябе Башура не прызнае. Адвакат кажа, што мела месца памылка пры падліках прыбыткаў, а не наўмыснае ўвядзеньне ў зман крэдытнай установы, як кажа сьледзтва:

«Башура кажа, што ён памыліўся, і з гэтым можна пагадзіцца. Бо рэальна гэтак, што чым меней быў бы заробак паказаны ў даведцы, было б лепей. А ў яго паказаны большы заробак. І ў другой даведцы памер заробку фактычна ні на што не ўплываў. Таму можна казаць пра памылку, і я гэта буду рабіць».

Паводле адваката Тамары Сідарэнкі, на ўмовы ўтрыманьня Міхась Башура ня скардзіўся, хаця ў ягонай камэры на Валадарцы вязьняў удвая болей, чым спальных месцаў, і адпачываць даводзіцца па чарзе.

Вязьні, верасень 2010

Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў. Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады за незаконнае абыходжаньне са зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога таксама асудзілі па гэтай справе, у жніўні вызваліўся паводле амністыі пасьля году арышту.

Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка, якога асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж маёмасьці фірмы, вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуру арыштавалі 6 жніўня і трымаюць у Жодзінскім ізалятары паводле абвінавачваньня у паўторнай падробцы дакумэнтаў для атрыманьня крэдыту, што пагражае яму 5 гадамі абмежаваньня волі. Міхась Башура кажа, што нічога не падрабляў, а проста памыліўся пры падліках сваіх прыбыткаў. Калегі з «Гавары праўду» кажуць пра палітычны характар перасьледу Міхася Башуры.