“Хто ведае, як яно лепей — гаварыць ці маўчаць…”

На першы погляд мястэчка Барбароў — звычайнае паселішча, якіх на Беларусі тысячы. Тыповая вясковая крама. Тыповая аднастайная забудова аграгарадка. Але калі збочыць на самую старую вуліцу мястэчка, што ідзе ўздоўж Прыпяці, то міжволі спынісься ў захапленьні. Проста пасярод звычайнай вуліцы стаяць шырокія калёны шыкоўнай брамы ў антычным стылі. Адмысловыя карункі з цэглы, чыгунныя вазоны над калёнамі, каваныя вароты. Як гэтая старасьветчына не гарманіруе з навакольлем! Каля брамы сядзяць дзьве старыя. Якія яшчэ памятаюць, што за брамай ніякай вуліцы не было. А былі бэзавыя прысады. Якія праз дэкаратыўны мураваны масток упіраліся ў шыкоўны палац.


Карэспандэнт: «Вы памятаеце сам палац?»

І старая: «Я тады хадзіла ў школу, дык нас прымушалі цэглу ўбіраць. Зносілі яго ўжо. Ён быў разбураны».

Карэспандэнт: «Гэта ў якім годзе?»

І старая: «Недзе ў 50-м. Там ход пад ракой ажно ў Юравічы».

Карэспандэнт: «А вы верылі ў гэта?»

І старая: «Верылі. Бо туды дзеці лазілі, посуд знаходзілі».

Карэспандэнт: «А людзі ўспаміналі Горватаў?»

І старая: «У нас нават сельскіх некаторых дражняць у гонар гэтага пана».

ІІ старая: «Цяпер такіх няма нікога…»

Карэспандэнт: «А што пра яго казалі?»

І старая: «Ён быў някепскі, мама казала. У лес, у ягады хадзілі ды паненкам прыносілі. Дык яны ім і стужкі давалі, і цукеркі давалі. Забаранялі ў лес хадзіць. Хадзілі так, каб ніхто ня ведаў».

ІІ старая: «Памешчыкі і кулакі — гэта былі самыя харошыя людзі. Яны працалюбівыя. Не такія, як нашы. Ад зары да зары працавалі, таму і нажылі вось такое».

Шляхціцы Горваты на працягу 19-га стагодзьдзя былі на Мазыршчыне, напэўна, найбагацейшым родам. Іх палацы і паркі раскінуліся ў Нароўлі і Галоўчыцах. У Барбарове Горватам належала шмат зямлі, 4 вадзяныя млыны, паромная пераправа. Дзейнічала школа для сялянскіх дзяцей. Палац славіўся сваёй калекцыяй жывапісу. Тут былі карціны Рэмбранта, Рубэнса, Дамеля і Ваньковіча. Ад колішняга палаца засталіся толькі зарослыя травой падмуркі. А ў колішняй карэтнай вучацца барбароўскія дзеці.

Дырэктарка школы Тацяна наладзіла мне невялікую экскурсію па парку.

Карэспандэнт: «А дзеці самі разумеюць, што яны вучацца ў не зусім звычайным месцы?»

Тацяна: «Разумеюць. Таму што да нас зараз вельмі часта прыяжджаюць людзі, якія зацікаўленыя гісторыяй. Зь Менску прыяжджалі экскурсіі. Былі з Польшчы. Можа, радня якая-небудзь знойдзецца».

Карэспандэнт: «Горватаў?»

Тацяна: «Чаму і не? Вось гэта наша школа. Гэта і была карэтная. Тут стаялі калёны».

Я ніяк не магу зразумець гэтую манію дробных начальнічкаў — пазбавіць старадаўні будынак індывідуальнасьці, каб і сьледу не засталося ад былога клясыцызму. Калёны і порцік зьніклі ў 60-я гады. Засталіся толькі старыя муры.


Тацяна: «Сьцены 95 сантымэтраў. Вось гэта яшчэ панская плітка. Беражом як зрэнку вока. Зьдзіўляюцца ўсе, што ніводнай зазорынкі паміж плітачкамі».


Нягледзячы на ўсе стараньні калгасных уладаў, шляхецкая сядзіба ня страціла свайго шарму. Возера за палацам чаруе вока. Масток праз колішні замкавы роў так і просіцца на мастакоўскае палатно. Але яшчэ пару гадоў таму можна было пабачыць яшчэ адзін помнік. Домік брамніка. Надзвычай зграбны ўзор сядзібнага клясыцызму, упрыгожаны порцікам з чатырма калёнамі. Пэнсіянэрка Ніна Ігнатовіч жыве якраз насупраць таго месца, дзе стаяў той флігель. За саветамі ў ім быў дзіцячы садок.

Ніна: «Калі згарэў садзік, прайшло гадоў 15. Згарэў толькі дах. Пасьля будынак быў нічыйны. Як усё ў Савецкім Саюзе было. У 90-я гады ён нікому не патрэбны быў. Дажджы ішлі. Дрэвы сталі прарастаць І ён стаў разбурацца. Пасьля абвалілася столь. А пасьля Дворнік умяшаўся. „Якая, — кажа — гэта гістарычная памяць? Там нічога не засталося“. Хто будзе яго аднаўляць? Раскідалі, дый усё. Выкапалі катлаван. Закапалі, разраўнялі, дый усё».

Карэспандэнт: «У такім месцы стаяла гэтая штука!»

Ніна: «Калі б тады, у 90-х, адрамантавалі, тады і грошай ня трэба было многа ўкладаць. А так яно стаяла ў аварыйным стане. А дзецям жа не загадаеш, лазілі. Грошай бы ніхто не выдзеліў. Можа, якія б родзічы…»

Той Дворнік, пра якога кажа спадарыня Ніна — гэта ня майстар мятлы і вядра. Гаворка ідзе пра Ўладзіміра Дворніка. Сёньняшняга старшыню Мазырскага райвыканкаму. Колішняга дырэктара саўгасу «Зара». Які даў дабро на знос. На сайце афіцыйнай мазырскай улады спадар Дворнік піша пра радзіму, што гэта «красивый район с богатой историей и древней культурой, где живут и трудятся люди, которые умеют ценить и сберегать его уникальность, умножать славу и известность родных мест». Як памнажаецца слава і ахоўваецца ўнікальнасьць, можна пабачыць на прыкладзе з помнікам клясыцызму. Дакладней, зусім нічога не пабачыць.

Але нельга сказаць, што ўсе местачкоўцы абыякава назіралі за зьнішчэньнем помніка. Настаўніца Ніна Мігрэй, кабета разумная і прыгожая, як магла змагалася за яго.

Натальля: «Сказалі, што надта я разумная. „Калі табе гэта трэба, дык аднаўляй за свае грошы“. Там жыў дварэцкі. Там былі такія калёны! Дык я казала — хай зьнясуць будынак, але хаця б калёны пакінулі. Сказалі, прасьцей прыбраць. А чаму аддзел культуры гэтым не займаўся, я ня ведаю».

Карэспандэнт: «А вы пісалі куды-небудзь?»

Натальля: «Я нікуды не пісала. Я ў аддзел культуры часта езьдзіла. Ён лічыўся помнікам культуры. Але чаму далі дабро зьнесьці, я ня ведаю. Грошай няма, яно стаіць разваленае. Прасьцей зьнесьці. Шкада. Хацелася б яшчэ паглядзець, што ў нашых падвалах робіцца. Там жа падвалы ёсьць. Яны ж пустыя. Ніхто ня хоча гэтым займацца. Пачнеш нешта гаварыць — пачынаюць злавацца».

Карэспандэнт: «А на што ж злавацца?»

Натальля: «Таму што нікому гэта не падабаецца. „Занадта ты разумная, занадта табе шмат трэба“. Мне ня многа трэба. Але мне шкада. Я тут усё жыцьцё пражыла. Хацелася б, каб дзецям засталося. Толькі пачні, капяні — і тут жа цябе папросяць. А куды ўладкуесься? Цябе і на працу нікуды ня возьмуць. Таму сядзі ціхенька і маўчы. Хто ведае, як яно лепей, гаварыць ці маўчаць. Зьнесьлі — і няма. Няма чалавека, няма праблемы. Няма будынку, і ўсё. Выкінулі і забылі».

Цяперашні старшыня Барбароўскага сельсавету Сяргей Бандарэнка жыве каля самай палацавай брамы. Ён кожны дзень можа бачыць, ува што пакрысе ператвараецца помнік.

Сяргей: «Плянуецца гэта ўсё адрэстаўраваць. Уязная брама, прысады і мосьцік — гэта ўсё, што засталося ад пана. Іх было тры браты, па тых часах былі людзі жорсткія, патрабавальныя. Займаліся гандлем, мёдам, садаводзтвам, вінаробствам, багата чым займаліся. І тое, што мы перад вачыма бачым, трэба гэта ўсё адрэстаўраваць. Ёсьць намёткі, пра якія я пакуль памаўчу. Ёсьць падтрымка галавы раёну. Ёсьць вялікае жаданьне гэта ўсё аднавіць».

Фота І.Раманоўскага, 2004 год. Глобус Беларусі
Дом брамніка — ня самая ўтульная тэма для барбароўскага галавы. Хоць сам ён за лёс помніка адказнасьці не нясе.

Сяргей: «Сваякі іхныя сюды прыяжджаюць. Замалёўваюць, фатаграфуюць. Яно ўсё існавала, але прыйшло ва ўбогасьць».

Карэспандэнт: «Карацей, калі яны прыяжджаюць…»

Сяргей: «Сорамна. Неяк на ўсё грошай хапае… Дом брамніка. Ён разбураўся і ўяўляў сабой небясьпеку для дзяцей. І было прынята рашэньне мясцовай ўладай, каб не падвяргаць небясьпецы, яго дэмантаваць, ліквідаваць. Слова нехарошае. Дах праваліўся, былі сьцены, былі прыгожыя калёны. Гэта была руіна. Патрабаваліся сур’ёзныя капукладаньні».

Спадар Бандарэнка хоча за два гады аднавіць браму, добраўпарадкаваць прысады. Не падобна, што ён проста нагаварыў прыгожых слоў, абы адчапіцца ад журналюгі. Бо ўпершыню я сустрэў чыноўніка, які прамовіў слова «сорамна». Але самага галоўнага помніка Барбарову ўжо ніхто ня верне.