“Гавары праўду”: адзін суд адмянілі, другі — наперадзе

Менскі гаспадарчы суд прыпыніў вытворчасьць па справе супроць установы «Рух наперад», у межах якой дзейнічае кампанія «Гавары праўду» пад кіраўніцтвам Уладзімера Някляева. Між тым ужо на будучым тыдні ўстанову «Рух наперад» чакае новы працэс у тым жа судзе.

У Менскім гарадзкім гаспадарчым судзе сёньня павінна была разглядацца апэляцыйная скарга Менгарвыканкаму. З чым не былі згодныя гарадзкія чыноўнікі? Улетку гаспадарчы суд першай інстанцыі адхіліў пазоў Менгарвыканкаму, які дамагаўся, каб была прызнана несапраўднай дзяржаўная рэгістрацыя ўстановы «Рух наперад», у межах якой дзейнічае кампанія «Гавары праўду». Управа юстыцыі Менгарвыканкаму з рашэньнем гаспадарчага суду не пагадзілася і спрабавала яго аспрэчыць, падаўшы скаргу ў апэляцыйную інстанцыю таго ж суду. Паседжаньне было прызначана на сёньня, 7 кастрычніка. Між тым напярэдадні да актывістаў «Гавары праўду» дайшлі зьвесткі, што Менгарвыканкам нечакана сваю скаргу адклікаў. Ці гэта так? Сёньня на паседжаньні апэляцыйнага суду пацьвердзілася — гарадзкія ўлады сапраўды адклікалі сваю скаргу і зьвярнуліся да суду з прапановай вытворчасьць па справе спыніць. Пасьля 10 хвілін абмеркаваньня за зачыненымі дзьвярыма судзьдзі гэтак і вырашылі: паколькі пазоўнік сам адклікае сваю скаргу, справу далей ня весьці.

Ці можна павіншаваць установу «Рух наперад» і кампанію «Гавары праўду» зь яшчэ адной судовай перамогай? Віктар Сазонаў, які аказвае юрыдычныя паслугі ўстанове «Рух наперад», кажа, што зь віншаваньнямі трэба пачакаць. Як стала вядома юрысту, Менскі гаспадарчы суд нейкі час таму сам пачаў новую вытворчасьць паводле ранейшага пазову Менгарвыканкаму да ўстановы «Рух наперад» з фармулёўкай «у сувязі з новымі абставінамі». «Новыя абставіны — гэта тое, што была прызнаная юрыдычна нядзейснай дамова аб арэндзе ўстановы „Рух наперад“ зь фірмай „Тина Влати“. З гэтага вынікае, што нібыта ўстанова падала на рэгістрацыю заведама ілжывыя зьвесткі пра юрыдычны адрас. Маўляў, няма дамовы — няма арэнды. Няма арэнды — няма рэгістрацыі», — кажа юрыст.

Віктар Сазонаў: «Наша пазыцыя такая, што ніякіх заведама ілжывых зьвестак установа не падавала. Памяшканьне, пра якое ідзе гаворка, было адміністратыўным і фактычна выкарыстоўвалася для разьмяшчэньня органаў кіраваньня пасьля рэгістрацыі. А закон не патрабуе, каб на момант рэгістрацыі памяшканьні ўжо трэба было выкарыстоўваць».

Карэспандэнт: «Вы не разглядаеце сытуацыю гэтак, што Менгарвыканкам на любой падставе зьбіраецца закрыць установу?»

Сазонаў: «Не магу адказаць. Ёсьць суд, ён скажа сваё слова. Якая ў нас ёсьць судовая сыстэма, такая і ёсьць. Іншая рэч, што калі такія ж патрабаваньні распаўсюдзіць на камэрцыйныя прадпрыемствы, то прыкладна трэцюю частку закрыюць, таму што прызнаюць несапраўднай рэгістрацыю».

Прадстаўнік управы юстыцыі Менгарвыканкаму Зьміцер Антаневіч адмовіўся камэнтаваць тое, што Менгарвыканкам адклікаў адну скаргу і адначасова падтрымлівае пазоў да «Руху наперад» у новай справе.

Новы працэс «Менгарвыканкам супроць установы «Рух наперад» пачнецца 12 кастрычніка ў тым жа Менскім гаспадарчым судзе.

Кіраўнік кампаніі «Рух наперад», магчымы кандыдат на прэзыдэнта паэт Уладзімер Някляеў тлумачыць палітычнымі прычынамі спробы гарадзкіх чыноўнікаў закрыць установу праз суд, скасаваўшы яе рэгістрацыю.