Нацыянальны сход адказвае Дзярждуме

Абедзьве палаты Нацыянальнага сходу Беларусі сёньня праводзяць сумеснае пасяджэньне, каб абмеркаваць беларуска-расейскія дачыненьні.

11.45
На сумесным паседжаньні Нацыянальнага сходу абвешчаны перапынак да 16 гадзін. Гэта выклікана тым, што шэраг дэпутатаў заявілі, што праект заявы патрабуе дапрацоўкі.

11.40
"Асобныя сілы ў Расеі хочуць ачарніць усё і ўся ў Беларусі", -- заявіў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Ўладзімер Здановіч 7 кастрычніка на экстраным сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу.

Паводле яго слоў, гэтыя сілы хочуць "пасварыць даўніх сяброў", напрыклад, "перакрываючы вэнтыль або выкарыстоўваючы падкантрольныя СМІ".

Здановіч падкрэсьліў, што дэпутаты павінны перарываць асобныя спробы з боку "расейскіх і нашых дамарослых асоб", якія наносяць шкоду беларуска-расейскім адносінам.


11.15
Адкрываючы сумеснае паседжаньне дзьвюх палат, сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка сказаў, што неабходнасьць такой сэсіі выкліканая "занепакоенасьцю падзеямі, якія разгортваюцца з падачы расейскіх СМІ". Ён згадаў аб "прадузятых выказваньнях некаторых расейскіх палітыкаў пра будучыя выбары ў Рэспубліцы Беларусь".

"У апошні час пад сумнеў ставяцца пытаньні стратэгічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі,-- заявіў спадар Андрэйчанка.-- З кантэксту выступаў кіраўніка дзяржавы вырываюцца асобныя выказваньні, якія тлумачацца ў негатыўным для Беларусі сьвятле".

У той жа час Андрэйчанка лічыць, што паміж дзяржавамі наладжаны цесныя кантакты, якія спрыяюць стварэньню эканамічнай стабільнасьці ў дзьвюх дзяржавах.

"Ніхто не павінен ставіць пад сумнеў неабходнасьць такога супрацоўніцтва. Неабходна, каб дзеяньні палітыкаў насілі канструктыўны характар",-- заявіў сьпікер.

На сумесным пасяджэньні дэпутаты дзьвюх палат Нацыянальнага сходу разглядаюць праект заявы па беларуска-расейскіх адносінах. З дакладам на гэтую тэму выступае Марыя Бірукова:

"Парлямэнты нашых краін павінны зрабіць усё, каб перавесьці адносіны паміж дзьвюма краінамі ў канструктыўнае рэчышча",-- заявіла Бірукова. Пры гэтым яна падкрэсьліла, што "апошнія падзеі ў беларуска-расійскіх адносінах ня ўпісваюцца ў лёгіку брацкіх і саюзьніцкіх адносін".

"Правядзеньне розных войнаў, "малочных","мясных","газавых", увядзеньне Расеяй пошлін на нафту для Беларусі, а таксама паклёпніцкая інфармацыя аб кіраўніцтве краіны ставяць пад пагрозу беларуска-расейскія адносіны",-- падкрэсьліла дэпутат Бірукова.