Бізнэс на выбарах: затаіўся ці часткова ажывіўся?

Сярод 17 кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі ёсьць і старшыня рады Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктар Цярэшчанка. Наколькі яго альбо нейкіх іншых прэтэндэнтаў падтрымліваюць бізнэсоўцы?


Высокай актыўнасьці прадпрымальнікаў у выбарчай кампаніі пакуль не заўважана. З гэтым пагаджаецца і кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін:

"Шчыра кажучы, бізнэс наагул ня верыць у гэтыя выбары. І ён не мае намеру шырока карыстацца сваім пасіўным правам, то бок вылучацца, але і актыўным – хутчэй за ўсё меншасьць прадпрымальнікаў прыйдзе галасаваць на выбарчыя ўчасткі".

Да ўжо названай прычыны пасіўнасьці бізнэсоўцаў спадар Балыкін дадае яшчэ дзьве:

"Бізнэс трошкі анархічны. Ён нікому не давярае наагул. Ён памятае савецкія часы, наш час, ён памятае, што яго заўжды да нечага прымушаюць. Таму ён лічыць, што якая б улада не была, усё роўна нічога лепшага чым ёсьць ня будзе.

І трэцяе – да бізнэсу і не зьвяртаюцца. Ні апазыцыя, ні ўлады. Мабыць, лічаць, што бізнэсоўцы не даюць шмат галасоў, каб да іх зьвяртацца. Таму такая сытуацыя і ёсьць. Толькі некаторыя прадстаўнікі бізнэсу праяўляюць грамадзкую актыўнасьць, знаходзяцца ў партыях. Можа, яны і пойдуць галасаваць. Але такіх вельмі і вельмі мала, калі параўноўваць з агульнай колькасьцю бізнэсоўцаў у Беларусі".

Віктар Гарбачоў – старшыня аргкамітэту ў справе стварэньня грамадзкага аб'яднаньня "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва" кажа: прадстаўнікоў бізнэс-структураў найболей у камандах Уладзімера Някляева, Яраслава Раманчука, Андрэя Саньнікава, а не Віктара Цярэшчанкі:

"Бальшыня пра Цярэшчанку ня ведала. Толькі цяпер пачынаюць даведвацца, што нейкі прадстаўнік малога і сярэдняга бізнэсу балятуецца ў прэзыдэнты. Таму і няма ў яго камандзе асноўнай масы прадпрымальнікаў. Доўгі час ён пра сябе не заяўляў, прадпрымальнікаў не абараняў. Дзе яго прапановы, дзе яго праграмы ў падтрымку прадпрымальніцтва?"

Віктар Гарбачоў не пагаджаецца з Сяргеем Балыкіным, што прадпрымальнікі і цяпер пасіўна ставяцца да выбараў кіраўніка дзяржавы:

"Сёньня прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу часткова ажывіліся. Яны непасрэдна ўключыліся ў ініцыятыўныя групы дэмакратычных кандыдатаў. Яны і ў пікетах стаяць, і подпісы зьбіраюць, і на рынках, і ў гандлёвых цэнтрах штодня зьбіраюцца, абмяркоўваюць каго падтрымаць, за каго галасаваць".