Бел-чырвона-белыя сьцягі вярнуліся ў Менск

Халоднае надвор’я ня дужа спрыяе збору подпісаў на вуліцы.



Ініцыятыўныя групы кандыдатаў на прэзыдэнта падсумоўваюць першыя прамежкавыя вынікі сваёй працы. За 5 дзён групы апазыцыйных кандыдатаў здолелі сабраць ад 13 да 22 тысяч подпісаў. Выбарчыя пікеты кандыдатаў ад партыяў БНФ і БХД упрыгожваюць бел-чырвона-белыя нацыянальныя сьцягі.


Ля выхаду з мэтро «Плошча Якуба Коласа» — чарга ахвотных падпісацца за Андрэя Саньнікава. Стаяць трэба хвілін пяць. Пра матывы свайго жаданьня людзі кажуць наступнае:

Спадар: «Надакучыў Лукашэнка. Ванітуе, як глядзіш на яго. Пара ўжо нешта мяняць. Ён зьнішчае нацыю, па сутнасьці».

Іншы спадар: «Я спадзяюся на зьмены, але ведаю, што гэтага ня будзе, верагодна. Відаць, яны тое самае зробяць, што і заўсёды — фальсыфікуюць выбары».

Спадар кажа, што вырашыў падпісацца за апазыцыйных кандыдатаў, паслухаўшы шматгадзінны выступ Аляксандра Лукашэнкі перад расейскімі журналістамі:

«Так ганьбіць нашу Беларусь! Бачыце, ён ня хоча гаварыць па-беларуску, бо ніяк ня можа перакласьці на беларускую мову словы «негодяи» і «отморозки».

Жанчына знаёміцца зь біяграфіяй Андрэя Саньнікава

Далей на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам — пікеты па зборы подпісаў за Віталя Рымашэўскага ды Рыгора Кастусева. Людзі па чарзе падпісваюцца за ўсіх апазыцыянэраў, адстаяўшы яшчэ дзьве чаргі. Гэтак зрабіў спадар Павел:

«Трэба дапамагчы дэмакратам. Хай яны гуляюць у гэтыя гульні, хаця гэта ўсё безвынікова. Але хай гуляюць. Гэтыя выбары скончацца тым, што Расея пачне яшчэ больш шантажаваць Лукашэнку, што ён нелегітымны, з-за гэтага патрабаваць далейшай русыфікацыі, танных яек, малака і мяса, і мы яшчэ ў большую залежнасьць трапім ад Расеі».

Ля пікетаў часам узьнікаюць дыскусіі з удзелам прыхільнікаў дзейнага кіраўніка Беларусі:

«Лепей, чым у Беларусі, усе так кажуць, ніхто не жыве. Мы жывем спакойна, у нас усё ёсьць. У нас ёсьць праца. Лукашэнку мы вельмі любім, ён усё робіць для народа. Ён малады, на ягонае гатовае ня трэба, каб нехта прыходзіў. Ён узьняў Беларусь з руін».

На пікеце ў падтрымку Рыгора Кастусёва стаіць бел-чырвона-белы сьцяг, на пікеце Рымашэўскага — гэткі ж, але з сымболікай БХД. Міліцыя ніякіх заўваг наконт сьцяга ня робіць — кажа сябра ініцыятыўнай групы Кастусёва Аляксандра Клімовіч.

За 5 дзён яна сабрала больш як 250 подпісаў:

«Кастусёва, можа, ня ўсе ведаюць, таму што ў яго няма магчымасьці выступаць па тэлевізары. Але на БНФ рэагуюць як на вядомую партыю, разумеюць, што гэта такое, на сьцяг рэагуюць добра».

Збор подпісаў за Рыгора Кастусёва ля Камароўскай плошчы,
і ля ГУМа.


Аўгіньня Багінская
зьбірае подпісы за Віталя Рымашэўскага. У час мінулай прэзыдэнцкай кампаніі яна таксама зьбірала подпісы за апазыцыйнага кандыдата. Яна параўноўвае дзьве кампаніі:

«З выбараў 2006 году шмат людзей бязь веры ўжо жыве, нейкая дэпрэсія ў іх. Прыйшла ў грамадзтва дэпрэсія такая, што нават моладзь ужо ня верыць. „Што вы зробіце, — яны мне кажуць, — усё роўна ён сябе абярэ…“ Я кажу: „Дык змагайцеся за сябе, ёсьць плошча, выходзьце на плошчу, пратэстуйце…“ Ну, яшчэ шмат подпісаў трэба. Зьбяром, не зьбяром, — я ня ведаю».


Кіраўнік ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага Павал Севярынец паведаміў, што на сёньня за іхнага кандыдата сабрана каля 16 тысячаў подпісаў, большасьць іх — у рэгіёнах. Сябры гэтай ініцыятыўнай групы ў адзін голас кажуць, што іх не пускаюць у студэнцкія інтэрнаты — нібыта ёсьць адмысловы загад.

  • Тым часам кіраўнік ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава Ўладзімер Кобец паведаміў, што за ягонага кандыдата сабрана 20 тысяч подпісаў.
  • За Ўладзімера Някляева паводле стану на панядзелак было сабрана каля 16 тысяч подпісаў.
  • За кандыдата ад БНФ Рыгора Кастусёва — 13,5 тысяч подпісаў.
  • Мікалай Статкевіч заявіў пра 14 тысячаў сабраных подпісаў. Ініцыятыўная група Яраслава Раманчука заявіла пра збор 22 тысяч подпісаў.

Яраслаў Раманчук, Рыгор Кастусёў і шэраг іншых прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах у бліжэйшыя дні плянуюць наведаць рэгіёны краіны.

Збор подпісаў за Ўладзімера Някляева на Камароўцы



Бліжэй да вечара можна ўбачыць пікеты за Аляксандру Лукашэнку