Нобэль 2010 па фізыцы за графэн

Сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію па фізыцы атрымалі два народжаныя ў Расеі фізыкі з Манчэстэрскага ўнівэрсытэту, Андрэй Гейм і Канстанцін Навасёлаў, за стварэньне графэну і досьледы над ім.

Абодва пачалі сваю кар’еру фізыкаў у Расеі, а на Захадзе сталі працаваць разам спачатку ў Нідэрляндах, а потым у Вялікабрытаніі. У Гейма (нар. 1958 у Сочы) нідэрляндзкае грамадзянства, а ў Навасёлава (нар. у 1974 на Ўрале) – падвойнае, брытанска-расейскае. Прарыў у тэхналёгіі, які дазволіў ім стварыць у 2004 годзе новы матэрыял – графэн – абодвум навукоўцам удалося дасягнуць у Манчэстэрскім унівэрсытэце, дзе яны сталі працаваць у пачатку гэтага стагодзьдзя.

Графэн – монаатамны пласт вугляроду. Гэты матэрыял выяўляе вялікую колькасьць унікальных уласьцівасьцяў, якія можна вытлумачыць толькі ідэямі квантавай фізыкі. У прыватнасьці, графэн лічыцца самым трывалым матэрыялам на зямлі. Графэн праводзіць электрычны ток і адначасова зьяўляецца празрыстым.

Канстанцін Навасёлаў
Андрэй Гейм

Лічачы зь сёлетняй, Нобэлеўскую прэмію па фізыцы атрымалі 189 ляўрэатаў (48 прэмій далі аднаму ляўрэату, 29 прэмій двум ляўрэатам і 28 прэмій тром ляўрэатам).

Першую Нобэлеўскую прэмію па фізыцы атрымаў у 1901 годзе нямецкі навуковец Вільгельм Рэнтген за адкрыцьцё выпрамяненьня, якое носіць ягонае імя.

Адзін фізык, амэрыканец Джон Бардзін (1908-1991), атрымаў Нобэлеўскую прэмію двойчы – у 1956 за досьледы ў галіне паўправаднікоў і адкрыцьцё транзыстарнага эфэкту (разам з двума іншымі фізыкамі), а ў 1972 за сфармуляваньне тэорыі звышправоднасьці (таксама разам з двума іншымі навукоўцамі).


"Шнобэлі" 2010 і 2009 па фізыцы

На мінулым тыдні ў Гарвардзкім унівэрсытэце ў Бостане "Шнобэлеўскую прэмію" па фізыцы атрымалі тры дасьледніцы з Унівэрсытэту Атага (Otago University) у Новай Зэляндыі, якія даказалі на практыцы, што зімою на абледзянелай дарозе людзі падаюць значна радзей, калі носяць шкарпэткі, нацягнутыя непасрэдна на боты.

Распрацоўка праблемы паданьня атрымала "шнобэля" па фізыцы і ў 2009 годзе. Тады былі прэміяваныя тры амэрыканскія навукоўцы з трох розных унівэрсытэтаў (Гарвардзкага, Тэхаскага і Цынцынацкага) за аналітычнае вытлумачэньне фэномену, чаму цяжарныя жанчыны не перакульваюцца, калі ходзяць.

Нобэлеўскі камітэт ацаніў жартаўлівасьць

Варта адзначыць, што сёлетні ляўрэат Нобэля Андрэй Гейм стаў ляўрэатам "шнобэля" ў 2000 годзе, калі ён атрымаў яго разам з адным брытанскім фізыкам за досьледы, у якіх яны ўзьнялі жабу ў паветра пры дапамозе магнітаў.

Навасёлаў і Гейм, перад тым як стварыць графэн, былі вядомыя ў навуковым асяродзьдзі як вынаходнікі вельмі ліпкага плястыру, які імітаваў ліпучыя ўласьцівасьці ступні яшчаркі-гекона.

Нобэлеўскі камітэт падкрэсьліў гарэзьлівую вынаходлівасьць абодвух навукоўцаў у іхных досьледах, дадаючы да афіцыйнага абгрунтаваньня прызнаньня прэміі даволі незвычайную фразу: "Жартаўлівасьць зьяўляецца адной зь іхных адзнакаў, у гэтым падыходзе заўсёды можна нечаму вучыцца і, хто ведае, аднойчы можна нават сарваць банк".