Марына Бабкіна — зорка на небасхіле беларускай журналістыкі

Сёньня ў Менску родныя, блізкія і сябры разьвіталіся з Марынай Бабкінай, вядомай журналісткай 1990-х гадоў. Паплечнікі ў прафэсіі называюць яе адной зь яркіх прадстаўнікоў новай беларускай журналістыкі.

Інфармацыйная праграма «Ніка» і яе вядучая Марына Бабкіна, якія зьявіліся на экранах БТ напачатку 90-х, сталіся адметнай зьявай як для гледачоў, так і для калег-журналістаў. Намесьніца галоўнага рэдактара «Народнай Волі» Святлана Калінкіна кажа пра журналістку гэтак:

«Я згадваю Марыну як зорку на небасхіле нашай беларускай, досыць шэрай журналістыкі. Марына сама была вельмі прыгожая, чарнявая, яркая ў думках, у слове і стылі. Яна вельмі вылучалася з таго шэрагу журналістаў, якія выйшлі з савецкіх газэт і часоў, з савецкімі думкамі ў галаве, хоць гэта мусіла быць ужо новая Беларусь».

Марына Бабкіна была таксама першай карэспандэнткай «Асашыэйтэд-прэс» па Беларусі. А таксама яна была адной з заснавальніцаў праваабарончай арганізацыі «Лігі правоў чалавека». Неаднойчы яе затрымлівалі падчас вулічных акцыяў разам зь іншымі незалежнымі беларускімі журналістамі, згадвае адзін зь іх — Генадзь Кесьнер:

«Мне Марына Бабкіна запомнілася тым, што часта сустракаліся на розных грамадзкіх і палітычных імпрэзах. Яна працавала ў розных сродках масавай інфармацыі, але мне яна запомнілася як журналістка "Асашыэйтэд-прэс" у Менску. Яна была вельмі добрая жанчына, гатовая была дапамагчы, падзяліцца нейкай інфармацыяй, якую яна ведала. У мяне пра яе засталіся самыя лепшыя згадкі».

Асабісты лёс Марыны Бабкінай таксама ня быў лёгкім: амаль адначасна памерлі бацькі, самастойна гадавала сына, перанесла хваробу, згадвае яшчэ адзін журналіст і паплечнік Леанід Міндлін:

«Яна была тэлежурналістка, яе і мая тэлевізійная маладосьць супалі. Яна таксама шмат займалася праваабарончай дзейнасьцю. Але ў кожнага свой лёс: так склалася, што адзін за другім памерлі бацькі, сама яна зламала нагу і доўга хадзіла з мыліцай. А ўвогуле — мне цяжка было выказаць усе свае словы і эмоцыі, калі я даведаўся пра сьмерць Марыны Бабкінай».