Улада хоча трапіць ва “Ўсходняе партнэрства” з “чорнага ўваходу”

Прадстаўнікі грамадзкага сэктару Беларусі — удзельнікі праектаў у рамках праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» — адрэагавалі на заяву кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі і Грамадзка-кансультатыўнай рады Ўладзімера Макея. Чыноўнік даў зразумець, што падпарадкаваная яму рада гатовая прадстаўляць грамадзкі сэктар Беларусі на Форуме грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства». Дагэтуль да дзейнасьці няўрадавых арганізацый з боку дзяржаўных органаў выяўлялі цікавасьц хіба толькі міліцыя ды пракуратура.

ІІ Форум грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» адбудзецца 18–19 лістапада ў Бэрліне. Агульная для ўсіх краін-удзельніц працэдура вылучэньня дэлегатаў завершаная, сьпісы ўдзельнікаў узгодненыя з Брусэлем. Аднак, як кажа палітоляг Уладзімер Мацкевіч, афіцыйны Менск намагаецца трапіць на форум фактычна праз «чорны ўваход», праз асаблівыя адносіны зь некаторымі эўрапейскімі чыноўнікамі:

Уладзімер Мацкевіч
«Ня ўсе, магчыма, ведаюць, што на абмеркаваньне гэтага пытаньня — другога ў парадку дня апошняга паседжаньня Грамадзка-кансультатыўнай рады — прыбыў сам міністар замежных спраў Мартынаў. Вы ўвогуле можаце ў штодзённай працы міністра вылучыць кавалачак, які тычыцца грамадзянскай супольнасьці? Звычайна такога не было. Таму ягоная прысутнасьць сьведчыць пра тое, што ён прыйшоў туды не з уласнай ініцыятывы, а была нейкая нагода — ці праблема, ці прапанова і г.д. Зацікаўленасьць дзяржавы ў асобе МЗС у гэтым пытаньні відавочная. Дарэчы, сама прапанова зробленая дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, што таксама паказальна. То бок, па-першае, ня трэба разглядаць гэта як ініцыятыву Грамадзка-кансультатыўнай рады. Па-другое, гэта ня трэба разглядаць нават як ініцыятыву беларускай дзяржавы. Гэта настойлівая прапанова Эўразьвязу. Адтуль кажуць: дзяржава (адрасуючыся да пэўных асобаў)! Што ж вы робіце такія недыпляматычныя заявы — маўляў, вам не патрэбныя пасярэднікі ва ўзаемадзеяньні з Эўропай у выглядзе грамадзянскай супольнасьці? Навошта ж вы ігнаруеце сваю грамадзянскую супольнасьць?»

Нацыянальны каардынатар Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» па Беларусі Ўлад Вялічка кажа, што цягам апошняга году прадстаўнікі недзяржаўнага сэктару, якія бралі ўдзел у стварэньні нацыянальнай плятформы, рэгулярна сутыкаліся зь незацікаўленасьцю беларускай улады ў наладжваньні дыялёгу. Наадварот, з боку ўладаў калі што і стваралася, то выключна перашкоды. Найбольш паказальныя прыклады — адлічэньне зь Белдзяржунівэрсытэту ўдзельніцы І Форуму Тацяны Шапуцькі, а таксама лісты ад імя беларускай дзяржавы на адрас Эўракамісіі, у якіх адзначалася непажаданасьць удзелу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ў сустрэчах тэматычных плятформаў «Усходняга партнэрства»:

Уладзімер Вялічка
«Канечне, грамадзкі сэктар зацікаўлены, каб дзяржава надавала болей увагі як удзелу ва «Ўсходнім партнэрстве», так і сэктару грамадзянскай супольнасьці. Але нам ня ўсё роўна, якім чынам адбываецца гэты ўдзел. У гэтым сэнсе заява аб зацікаўленасьці сутыкаецца з сур’ёзным супярэчлівым досьведам нашага папярэдняга «супрацоўніцтва», ці, дакладней, — адсутнасьці камунікацый зь дзяржаўнымі органамі, якія ў той ці іншай ступені павінны ўдзельнічаць ва «Ўсходнім партнэрстве». Гэта профільныя міністэрствы, якія адказваюць за працу на тэматычных плятформах, МЗС, якое ў прынцыпе курыруе пытаньне «Ўсходняга партнэрства». Атрымалася, што за 1,5 года нашай працы ў Беларусі праведзены шэраг мерапрыемстваў, грамадзкія слуханьні, падрыхтаваныя аналітычныя матэрыялы наконт разьвіцьця «Ўсходняга партнэрства» і Форуму ў прыватнасьці. І, на жаль, да сёньняшняга моманту не было ніякай рэакцыі з боку дзяржаўных органаў».

Сьпікер Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» Сяргей Мацкевіч перакананы, што цяпер важна высьветліць: ці насамрэч Грамадзка-кансультатыўная рада разглядаецца дзяржавай выключна як спосаб нэўтралізацыі грамадзкага сэктару з заменай яго марыянэтачным аналягам:

Сяргей Мацкевіч
«Тое, што Грамадзка-кансультатыўная рада хацела б удзельнічаць у Форуме грамадзянскай супольнасьці — з аднаго боку, добра. Але мне падаецца, што рада спачатку павінна вызначыцца, чым яна ёсьць на самой справе. Калі гэта група экспэртаў, як яны пазыцыянуюцца, гэткая «рада мудрацоў», то гэта мы ўспрымаем — калі ласка, далучайцеся да агульнага працэсу разам з грамадзкімі арганізацыямі (адразу папярэджу, што варта было б зарэгістравацца ў такой форме, інакш можна патрапіць пад дзеяньне сумна вядомага артыкула 193.1). Але калі гэта структура ўладаў, то, адпаведна, для яе ёсьць іншыя пляцоўкі для ўдзелу ў працэсах «Усходняга партнэрства». Але яны хацелі б накіраваць свайго прадстаўніка на форум, і тут у мяне пытаньне: альбо гэта прадстаўнік уладаў і ён будзе дзейнічаць як гарант інтарэсаў кіраўніцтва краіны, альбо гэта будзе прадстаўнік грамадзянскай супольнасьці, які і так мае магчымасьць паўдзельнічаць у гэтым форуме праз адкрыты працэс, які ўжо паўгода ідзе ўва ўсіх краінах, якія ўдзельнічаюць ва «Ўсходнім партнэрстве».

Your browser doesn’t support HTML5

Улада хоча трапіць ва “Ўсходняе партнэрства”




«Усходняе партнэрства» — шматбаковая структура супрацоўніцтва, якую Эўрапейскі зьвяз прапанаваў шасьці дзяржавам Усходняй Эўропы: Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне. 16–17 лістапада 2009 году ў Брусэлі адбыўся І Форум грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства», дзе беларускія арганізацыі выявілі высокую актыўнасьць, дамогшыся разам з замежнымі калегамі падвышэньня інстытуцыйнага статусу Форуму. Прадстаўнікі Беларусі абраныя ў склад Каардынацыйнага камітэту, а адзін зь лідэраў беларускага трэцяга сэктару, Сяргей Мацкевіч, стаў афіцыйным сьпікерам Форуму грамадзянскай супольнасьці. Неўзабаве ў Бэрліне пройдзе другі па ліку аналягічны форум.