Хто атрымае кантроль над фантастычным ($ 36,7 млрд.) бюджэтам Масквы?

Сябар Юрыя Лужкова Іосіф Кабзон паведаміў сёньня, што адхілены ад пасады мэр Масквы будзе аспрэчваць звальненьне ў судзе. У адказ фэдэральная пракуратура паведаміла, што пачынае вывучэньне інфармацыі аб карупцыі ў маскоўскім урадзе.

На думку расейскага апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова, сталага крытыка палітыкі Лужкова, апальны мэр цяпер можа сутыкнуцца зь вялікімі юрыдычнымі праблемамі:

“Адзіная сур'ёзная прэтэнзія да Лужкова – гэта беспрасьветная, бязьмежная карупцыя ў Маскве. Таму Мядзьведзеў будзе вымушаны даць ход крымінальным справам. Калі ён гэтага ня зробіць, тады ён атрымае Лужкова ў якасьці магутнага палітычнага цяжкавагавіка, які аб'яднае вакол сябе пакрыўджаных чыноўнікаў і бізнэсмэнаў і можа, напрыклад, скласьці канкурэнцыю тандэму на выбарах 2012 году, г. зн. стаць кандыдатам у прэзыдэнты”.

У аўторак Лужкоў выйшаў з кіруючай партыі “Адзіная Расея”, якую ён некалі дапамагаў засноўваць. Лужкоў заявіў, што партыя не падтрымала яго і не спыніла паток хлусьні і паклёпу. У той самы дзень на паседжаньні прэфэктаў Масквы Лужкоў заявіў, што плянуе застацца ў палітыцы і будзе змагацца за вяртаньне прамых выбараў рэгіянальных лідэраў. Такія выбары ў 2004 годзе былі скасаваныя Ўладзімерам Пуціным.

З моманту звальненьня Лужкова “Адзіная Расея” імкнецца дыстанцыявацца ад яго. Адзін з партыйных лідэраў, дэпутат Думы Канстанцін Касачоў заявіў, што Лужкоў сам вінаваты ў сваім падзеньні:

“Пры ўсім, абсалютным прызнаньні яго заслугаў перад горадам і перад краінай, перад партыяй, у апошні час у яго, на жаль, стала назапашвацца адчуваньне ўласнай неабмыльнасьці, адчуваньне, што яго стратэгія і тактыка зьяўляюцца адзіна вернымі. Такая пазыцыя раней ці пазьней прыводзіць да канфлікту, што, уласна кажучы, і адбылося”.

Крытыкі Лужкова абвінавачваюць яго ў зьнішчэньні гістарычных помнікаў Масквы, у ігнараваньні транспартных праблемаў гораду і ў дапамозе жонцы-мільярдэрцы Ялене Батурынай весьці будаўнічы бізнэс у сталіцы. Сьцьвярджаецца, што за апошнія 10 гадоў у Маскве зьнікла больш за 1000 будынкаў, якія знаходзіліся пад аховай дзяржавы.

З другога боку, Лужкоў заваяваў павагу працаўнікоў дзяржаўнага сэктару і пэнсіянэраў за кошт падвышэньня іх мізэрных даходаў – гэта робіць настаўнікаў Масквы, міліцыянтаў і дзяржаўных лекараў самымі высокааплатнымі ў Расеі. Натуральна, што гэтыя слаі насельніцтва цяпер турбуюцца, што будзе зь іх даходамі.

Звальненьне Лужкова адкрывае шлях да пераразьмеркаваньня багацьцяў Масквы і яе ашаламляльнага бюджэту памерам 36,7 мільярдаў даляраў.

Чакаецца, што блізкія да Мядзьведзева і Пуціна колы перамогуць у барацьбе за кантроль над сталіцай. Сярод верагодных наступнікаў Лужкова называюць кіраўніка апарату ўраду Расеі Сяргея Сабяніна.