Ці будзе "сьвежая асятрына" ў Ярмошынай?

У Беларусі працягваецца фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, якое завершыцца да 30 верасьня. У Цэнтральнай выбарчай камісіі заяўляюць, што дэмакратычныя сілы вылучылі мізэрную колькасьць кандыдатаў. Але ці трапляюць яны ў склад выбаркамаў?

Тэхнічную місію Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, якая сустрэлася з прадстаўнікамі Цэнтравыбаркаму, найперш цікавіла, чым сёлетняя прэзыдэнцкая выбарчая кампанія будзе адрозьнівацца ад папярэдняй. Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, гутарка тычылася ўсіх этапаў выбарчага працэсу — пачынаючы ад фармаваньня камісіяў да падліку галасоў. Ці трапяць сёлета прадстаўнікі апазыцыі ў тэрытарыяльныя выбаркамы?

“Паводле інфармацыі, якую мы маем, вылучэнцаў апазыцыі ў складзе выбарчых камісіяў практычна няма. Я ня буду называць лічбы. Сёньня ў Ярмошынай прэсавая канфэрэнцыя, і яна гэта агучыць. Каб, як кажуць, у яе асятрына была сьвежай, не другой сьвежасьці. Але, калі няма вылучэнцаў, то адкуль зьявяцца сябры камісіяў ад апазыцыі? Вылучэнцаў практычна няма", – паведаміў Лазавік.

Актывіст партыі "Справядлівы сьвет" Валер Ухналёў паінфармаваў, што яго партыя вылучыла 45 сяброў — ува ўсе абласныя, Менскую гарадзкую ды іншыя камісіі. Пакуль няма інфармацыі, што яны недзе ўключаныя ў склад выбаркамаў. Хаця спадар Ухналёў пагаджаецца, што кандыдатаў у склад тэрытарыяльных камісіяў вылучалася ня шмат:
Участковыя камісіі важнейшыя, бо там лічаць галасы...


"Галоўная працэдура адбываецца ва ўчастковых камісіях, а не ў тэрытарыяльных. Участковыя камісіі важнейшыя, бо там лічаць галасы, там адбываецца галасаваньне. Таму асноўны ўпор будзе рабіцца на ўчастковыя камісіі".

Аднак нават невялікую колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі, як паказваюць першыя вынікі, улады не пушчаюць у камісіі. Сябра АГП Уладзімер Кацора з Гомелю вылучаўся партыяй у склад абласной камісіі. І які ж вынік?

"Там, дзе вядома, што прайшлі пасяджэньні выканкамаў і прэзыдыюмаў, нікога не ўключылі. Мяне вылучала АГП у абласную камісію, яшчэ двух чалавек ад Партыі БНФ і "Справядлівага сьвету" — нікога не ўключылі. Яны тлумачылі, што гэта ня іх абавязак некага
Паводле праўладнага сцэнару камісіі павінны кантралявацца цалкам...
ўключаць, гэта іх права. Яны зыходзілі з таго, што туды павінны трапіць людзі, якія маюць добры досьвед працы і так далей. Яны стварылі вялікі конкурс: 78 заяваў на 13 месцаў. Было 6 прэтэндэнтаў на адно месца. Усё яны рабілі гэта штучна, бо толькі тры прадстаўнікі ад апазыцыі прэтэндавалі, а ўсе астатнія — ад праўладных структураў. Насамрэч усё проста бутафорыя. Паводле праўладнага сцэнару камісіі павінны кантралявацца цалкам, што паказваюць першыя вынікі фармаваньня камісіяў. Туды апазыцыю не дапусьцяць", – расказаў Кацора.

У Буда-Кашалёўскую, Калінкавіцкую, Добрускую раённыя і іншыя тэрытарыяльныя камісіі апазыцыю таксама не ўключылі.