Лукашэнка скарыстае апошні дзень

Сёньня завяршаецца падача дакумэнтаў у Цэнтравыбаркам на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў грамадзянаў, якія зьбіраюцца вылучацца кандыдатамі ў прэзыдэнты. Таксама працягваецца вылучэньне кандыдатураў у выбарчыя камісіі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, сёньня на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў падасьць дакумэнты шэраг патэнцыйных кандыдатаў. Сярод іх лідэр ЛДП Сяргей Гайдукевіч, сябра Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка, адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі, лідэр "Эўрапейскай Беларусі" Андрэй Саньнікаў.

Пра тое, што Аляксандар Лукашэнка прынясе сёньня дакумэнты, паведаміла карэспандэнту "Свабоды" старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна, аднак, не назвала дакладны час. Ці абавязкова, каб дакумэнты прынёс асабіста А.Лукашэнка?

"Гэта не абавязкова. Ён можа даць даверанасьць патэнцыйнаму кіраўніку сваёй ініцыятыўнай групы, і гэтага будзе дастаткова".

У прэзыдэнцкай прэсавай службе пакуль не падаюць інфармацыі аб тым, ці будзе балятавацца А.Лукашэнка на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах, хто будзе кіраўніком ягонай ініцыятыўнай групы. Падчас учорашняй рабочай паездкі па Меншчыне ён нічога не казаў на гэтую тэму, падыходу да прэсы таксама не было.

Сёньня пасьля абеду пойдзе ў Цэнтравыбаркам лідэр ЛДП Сяргей Гайдукевіч. У яго ініцыятыўную групу запісаліся 10 483 чалавек, кіраўніком будзе дэпутат Менскага абласнога Савету Анатоль Хішчанка. Спадар Гайдукевіч лічыць сябе "самым моцным кандыдатам".

"Калі мяне не зарэгіструюць, гэта азначае, што самага моцнага кандыдата здымуць. Але гэта іх праблемы. Для мяне гэта будзе тады проста як лішні доказ таго, хто ёсьць сур'ёзным кандыдатам, і каго насамрэч баяцца".

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў панясе дакумэнты а 10-й раніцы. Кіраўніком яго ініцыятыўнай групы зьяўляецца Ўладзімер Кобец. Спадар Саньнікаў сказаў, што ўсе дакумэнты падрыхтаваныя згодна з дзейным заканадаўствам:

"Падчас усіх гэтых юрыдычных фармальнасьцяў, працэдурных, будуць спрабаваць рабіць перашкоды. Я думаю, і ня толькі па гэтых пытаньнях".


Кандыдат ад стваранай БХД Віталь Рымашэўскі паведаміў, што ў яго ініцыятыўнай групе, якой кіруе Павал Севярынец, будзе каля паўтары тысячы чалавек.

"Гэта ня толькі сябры і прыхільнікі нашай партыі, але, у прынцыпе, мы запісвалі тых людзей, якія могуць зьбіраць подпісы. Зразумела, што калі б мы запісвалі ўсіх нашых сяброў партыі, то было б больш.

Але туды ўвайшлі тыя, хто афіцыйна можа падаць свае прозьвішчы. У зьвязку з тым, што абвясьціла Ярмошына, мы не настойваем, каб тыя людзі, якім можа пагражаць небясьпека на працы, уключаліся ў гэты сьпіс".

У ініцыятыўнай групе Рыгора Кастусёва каля паўтары тысячы чалавек, а яе кіраўнік — лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Таксама працягваецца вылучэньне кандыдатаў у сябры выбарчых камісій. Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік нагадаў пра зьмены, якія ўнесеныя ў выбарчае заканадаўства адносна фармаваньня выбаркамаў:

"Адна траціна павінна быць сяброў партый і грамадзкіх арганізацый. Больш шырокія правы дадзеныя партыям і грамадзкім аб'яднаньням па вылучэньні сваіх прадстаўнікоў у пляне таго, што арганізацыі могуць вылучаць прадстаўнікоў у склад камісій, нават ня маючы ніжэйстаячых структураў. Для іх гэта такая палёгка. І прадстаўнікі суб'ектаў, якія вылучаюць у склад камісій, маюць права прысутнічаць пры фармаваньні гэтых камісій на пасяджэньнях органаў, якія фарміруюць камісіі".

Ці можа атрымацца так, што зарэгістраваныя кандыдаты ня будуць мець сваіх прадстаўнікоў у выбаркамах, як гэта здаралася раней? Спадар Лазавік сказаў:

"Беларускае заканадаўства не прадугледжвае ўключэньне ў выбаркамы прадстаўнікоў кандыдатаў".

Вылучэньне сяброў выбаркамаў працягнецца да 26 верасьня ўключна, а стварэньне саміх камісій завершыцца 29 верасьня.

Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты завершыцца 30 верасьня.