Як я хадзіў здавацца...

Даведаўшыся пра затрыманьне Аляксандра Ярашэвіча і ягонай сяброўкі Алены Дубовік, перш за ўсё я адчуў лёгкае варушэньне страху пад дыхавіцай. Гэта значыць, за мной таксама неўзабаве могуць прыйсьці.

Чаму не, калі я, як і Аляксандар, адзначыўся «аказаньнем інфармацыйнай падтрымкі» затрыманым па падазрэньні ў падпале расейскай амбасады, у дадатак сутыкнуўся ілбамі зь віртуальнай іпастасьсю прэс-сакратара ГУУС Менгарвыканкаму па той самай справе. Ня кажучы ўжо аб тым, што ў сеціве за мной трывала замацавалася рэпутацыя анархіста. Сьледчыя ж, падобна, схільныя шукаць «пад ліхтаром, бо там сьветла». Сэрца ёкнула, разыгралася апетая Марціновічам параноя, я замітусіўся па кватэры, ліхаманкава думаючы, што рабіць, што рабіць. Бегчы, хавацца, замятаць сьляды, сядзець ціха...

Нельга з поўнай упэўненасьцю сьцьвярджаць, быццам гэта і ёсьць галоўнай мэтай хаатычных арыштаў - прымусіць усіх патэнцыйна небясьпечных для ўлады грамадзянаў падтуліць хвост і трэсьціся дробнай дрыготкай. Аднак гэткі спадарожны эфэкт дакладна прыйшоўся б уладам даспадобы. Не жадаючы цешыць уладу і спрашчаць ёй жыцьцё, я вырашыў на абсурд адказаць абсурдам - пайсьці і добраахвотна здацца ў Галоўную ўправу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, куды завезьлі Аляксандра Ярашэвіча. Дзеля чаго падрыхтаваў і загадзя апублікаваў у сваім блогу тэкст самаданосу - чыстасардэчнага прызнаньня:

«Паважаныя міліцыянэры (ня ведаю, якія там у вас падраздзяленьні, хто за што адказвае, і ведаць не жадаю)!

Сёньня, 23 верасьня, вамі быў затрыманы мой знаёмы Аляксандр Ярашэвіч, супрацоўнік Інфармацыйна-выдавецкага агенцтва "ПостМэдыя", які, паводле паведамленьняў СМІ, "аказваў інфармацыйную падтрымку затрыманым па падазрэньні ў падпале пасольства Расеі". Чым і прыцягнуў вашую ўвагу.

Паведамляю вам, што я ТАКСАМА аказваў гэтую "інфармацыйную падтрымку", паколькі аказваць падтрымку тым, хто ў ёй мае патрэбу, мяне вучылі сям'я і школа.

Калі ў наш час гэта зьяўляецца падазроным і крымінальна каральным, я гатовы панесьці несправядлівае пакараньне ў знак салідарнасьці з Аляксандрам Ярашэвічам.

Папярэджваю, што калі вы мяне не арыштуеце, я па-ранейшаму, у меру сваіх сіл, буду аказваць інфармацыйную падтрымку тым, хто не ўсьцярогся ад турмы, і фінансавую - тым, хто не ўсьцярогся ад жабрацкай торбы.

Нават, можа быць, вам самім, калі што.

З павагай,
Будзімір»


Як пісаў Міларад Павіч у «Хазарскім слоўніку»: «Калі ты рухаесься ў тым кірунку, у якім страх твой узрастае, ты на правільным шляху». Таму я, папярэдне пастрыгшы пазногці і вымыўшы ногі, каб у найлепшым выглядзе паўстаць перад законам, прыхапіўшы пачак сухарыкаў на ўсялякі выпадак, рушыў на вуліцу Рэвалюцыйную з сшыткавым аркушам, на якім было напісанае чыстасардэчнае прызнаньне.

Натуральна, дзяжурны міліцыянт, не знаёмы з мастацтвам палітычнага пэрформансу, асалапеў ад зьдзіўленьня, выслухаўшы мяне. Але яшчэ болей асалапеў я сам, калі пачуў, як ён кажа сьледчаму па тэлефоне: «Тут прыйшоў грамадзянін N., які просіць яго затрымаць разам з Аляксандрам Ярашэвічам, бо ён таксама аказваў інфармацыйную падтрымку падпальшчыкам расейскай амбасады». Ну ні фіга сабе, думаю, фармулёвачка, такую хоць запісвай на таблічцы і вешай на грудзі, гучыць ня горш за «я партызан, я страляў у нямецкіх салдатаў», зь ёй мяне надоўга зачыняць, пакуль разьбяруцца, што да чаго. Не адзін прэс-сакратар ГУУС ня чуў пра прэзумпцыю невінаватасьці. Давялося сьцісла патлумачыць дзяжурнаму, што не «падпальшчыкам», а «падазраваным у падпале», і гэта істотная розьніца.

Нягледзячы на мае настойлівыя просьбы, мяне ня толькі не затрымалі, але і заяву адмовіліся браць. Дзяжурны гэтак адчайна ад яе адпіхваўся, нібыта я споры сібірскай язвы ў яе загарнуў. Урэшце рэшт, у якасьці апошняга аргумэнту мне паабяцалі: «Ды адпусьцім мы сёньня вашага Аляксандра Ярашэвіча, пагаворым і адпусьцім!». І сапраўды, выпусьцілі.

А са мной, пытаюся, ня хочаце пагутарыць, я ж таксама аказваў інфармацыйную падтрымку? «ТРЭБА БУДЗЕ - ПАГАВОРЫМ!», - ужо злаваўся міліцыянт.

Ня любяць яны, калі грамадзяне ініцыятыву праяўляюць.