Беларусь — чацьвёртая ў Эўропе па гвалце сярод моладзі

Штодня каля 40 маладых людзей ва ўзросьце ад 10 да 29 гадоў гінуць у краінах Эўропы ў выніку гвалту — то бок, больш за 15 тысяч чалавек на год. Прычым, на кожнага з гэтай колькасьці даводзіцца па два дзясяткі параненых у злачынных "разборках". Такія дадзеныя прыводзяцца ў "Эўрапейскім дакладзе аб папярэджаньні злачыннасьці сярод моладзі". Дакумэнт падрыхтаваны Ўсясьветнай арганізацыяй аховы здароўя адмыслова для міжнароднай канфэрэнцыі "Бясьпека-2010", якая пачала працу ў Лёндане. Як на гэтым тле выглядае Беларусь?
У першым такога кшталту эўрапейскім дакумэнце ўдакладняецца, што найбольшая колькасьць выпадкаў гвалту зарэгістравана ў дзяржавах Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Сярод 53 краінаў, дадзеныя пра якія сабраныя ў дакладзе, самы высокі ўзровень гвалтоўнай сьмерці ва ўзроставай групе ад 10 да 29 гадоў зафіксаваны ў Расеі — 15 на 100 тысяч жыхароў. На другім месцы Альбанія — 11 на 100 тысяч жыхароў, трэці — Казахстан (10 на 100 тысяч), наступная — Беларусь (6 на 100 тысяч). Найменшы ўзровень сьмяротнасьці сярод падлеткаў і моладзі ад гвалту ў Нямеччыне — 0,47 на 100 тысяч чалавек.

Намесьніца старшыні камісіі ў справах непаўналетніх Менскага гарвыканкаму Алена Герасіменка кажа, што ў Беларусі гэткія здарэньні можна прыраўноўваць да надзвычайных, але небясьпеку такой тэндэнцыі лічыць перабольшанай:

"На маё глыбокае перакананьне, Беларусь сюды не павінна ўваходзіць. Прынамсі па горадзе Менску такіх выпадкаў гвалту над дзецьмі проста няма. Хутчэй за ўсё, у краінах Эўропы такое адбываецца насамрэч, бо абсалютна ня ўсе жывуць так спакойна, як у нас, людзі ня маюць магчымасьці спакойна гуляць па вечарах, як мы ў Менску ці іншых гарадах краіны".

На ўліку інспэкцыяў у справах непаўналетніх знаходзіцца прыкладна 15 тысяч чалавек.
9 з кожных 10 забойстваў рэгіструюцца ў краінах зь нізкімі і сярэднімі прыбыткамі.
Цягам паўгода да адказнасьці за нанясеньне наўмыснай цялеснай шкоды прыцягнута блізу 250 маладых людзей, але абсалютная бальшыня злачынстваў кваліфікуецца артыкуламі адміністратыўнага кодэксу. Праўда, раз-пораз здараюцца непрыемныя выключэньні: так, у Бабруйску 8-клясьнік забіў 10-гадовага хлопчыка з-за мабільнага тэлефона. Падчас нядаўняй бойкі ў Менску зарэзаны 16-гадовы малады чалавек. Але ў праваахоўных органах кажуць, што гэта адзінкавыя выпадкі, ад якіх застрахавацца немагчыма.

У адрозьненьні ад іншых краінаў, у Беларусі не існуе разгалінаванай сеткі нефармальных моладзевых арганізацый, якія падчас змаганьня за лідэрства ідуць на скрайнія меры. Гэта ж тычыцца радыкальна настроеных заўзятарскіх суполак, якія ладзяць "рытуальныя" бойкі з аматарамі варожых камандаў. Гэтым летам мела месца масавая бойка ў Гарадзеі, дзе гасьцявала каманда з Маладэчна, аднак да сур'ёзных наступстваў справа не дайшла. Ва ўмовах этнічнай аднароднасьці няма асаблівых прычын да пашырэньня "папуляцыі" скінхэдаў ды іншых груповак, сумна вядомых сваімі карнымі рэйдамі супраць замежнікаў у той жа Расеі.

Між тым, як кажа псыхоляг Аксана Говен, і беларускаму грамадзтву ўласьцівыя тэндэнцыі, якія трывожаць заходні сьвет. Многія праблемы дзяцей пачынаюцца зь неўладкаванасьці ў сям'і. А таму сацыяльныя псыхолягі — частыя госьці там, дзе падлеткаў выхоўваюць не бацькі, а вуліца, з усімі наступствамі:

"Такія бацькі праходзяць адмысловы курс псыхоляга-асьветніцкай адукацыі.
Праблемы дзяцей пачынаюцца зь неўладкаванасьці ў сям'і.
Нашы спэцыялісты альбо спэцыялісты адукацыйнай установы, якую раней наведвала дзіця, праводзяць кансультацыі для бацькоў, што дазваляе падвысіць іхнюю бацькоўскую кампэтэнцыю. Таму што зачастую такія бацькі папросту ня ўмеюць кантактаваць са сваімі дзецьмі. Яны нават не здагадваюцца, што зь дзецьмі разам можна пачытаць, паглядзець фільм і потым усё гэта абмеркаваць, што зь дзецьмі ўвогуле трэба гуляць, размаўляць пры тыя справы і падзеі, якія здарыліся ў дзіцяці цягам дня. І галоўная праблема гэтых непаразуменьняў, як правіла, п'янства бацькоў".

Тлумачачы несуцяшальную статыстыку, экспэрты лічаць, што ключавымі фактарамі трэба лічыць зьніжэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва, рост беспрацоўя, а таксама алькагалізм. Дасьледчыкі указваюць, што датычна лідэраў сумнага сьпісу, сувязь паміж станам алькагольнага ап'яненьня і сьмерцю маладых людзей прасочваецца ў першую чаргу.

Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, дзевяць з кожных дзесяці забойстваў рэгіструюцца ў краінах зь нізкімі і сярэднімі прыбыткамі. 80% загінулых — хлопчыкі і мужчыны. Прыкладна 40% гэтых злачынстваў — каля 6 тысяч на год — адбываюцца з ужываньнем халоднай зброі.