Горадня: суд над удзельнікамі пікету за беларускае навучаньне не адбыўся

Судзьдзя Ленінскага раённага суду Горадні Натальля Козел паведаміла прыйшоўшым сёньня на працэс Алесю і Аксане Астроўскім, а таксама Ўладзімеру Хільмановічу, што міліцыя запатрабавала вярнуць складзеныя на іх пратаколы. Прычыны судзьдзя не патлумачыла, а справу не разглядалі.
Нагадаю, што пікет адбыўся 2 верасьня пасьля таго, як адміністрацыя школы №32 не задаволіла канстытуцыйных правоў Астроўскіх, якія зьвярнуліся ў школу з просьбай забясьпечыць іх дачцэ Сьвятлане магчымасьць навучацца на беларускай мове.

Падчас пікету да сям’і Астроўскіх далучыўся журналіст Уладзімер Хільмановіч. Усіх удзельнікаў запрасілі ў гарвыканкам, дзе чыноўнікі паабяцалі, што выправяць сытуацыю. Праўда, потым пікетоўцаў забралі ў пастарунак, дзе склалі на іх пратаколы.

Сёньня ў Ленінскі раённы суд міліцыянты не прапусьцілі журналістаў. Адзін зь іх спаслаўся на вусны загад старшыні суду. На патрабаваньне журналістаў даць ім кнігу скаргаў міліцыянты адказалі адмовай.