Колішняя беларуская Нямеччына

Першае, што бачаць на беларускім баку людзі, якія пераяжджаюць дзяржаўную мяжу ў раёне Ельску, — гэта ўказальнік «Роза Люксэмбург». Няйначай, не адзін украінскі госьць падумаў пра глыбокую савецкасьць беларусаў, што імкнуцца надаць сваім паселішчам імёны рэвалюцыянэраў і камуністаў. Але Роза Люксэмбург — назва не зусім выпадковая. Калі збочыць з трасы і праехацца па апусьцелых і зарослых розаўскіх вуліцах, вока зачэпіцца за старыя, закінутыя хаты, крытыя дыхтоўнай гонтай. Сто гадоў таму тут жылі немцы.

Былая выкладчыца беларускай мовы Марыя Вярбіцкая — адна зь нешматлікіх жыхароў найстарэйшай люксэмбургаўскай вуліцы. Калісьці гэтая гасьцінная кабета вяла краязнаўчы гурток у мясцовай школе. І памятае часы, калі тут гучала нямецкая мова.

Карэспандэнт: «Калі гэтая вёска стала Розай Люксэмбург?»

Марыя: «Недзе ў 1919 годзе».

Карэспандэнт: «А дагэтуль як называлася?»

Марыя: «А дагэтуль Анзэльмаўка. Гэта некалі жыў немец Анзэльм, і тут былі ягоныя ўладаньні».

Карэспандэнт: «А ў вашым дзяцінстве, у 50-я гады ў вашым жыцьці прысутнічала, што тут жылі немцы?»

Марыя: «Яны жылі. Іх многа жыло».

Карэспандэнт: «А якія прозьвішчы былі?»

Марыя: «Лопарты, Лопэ, Вэрманы, Ганарты».

Карэспандэнт: «Як так атрымалася, што цэлае нямецкае паселішча апынулася на ўскрайку Беларусі?»

Марыя: «Для акультурваньня земляў былі завезеныя сюды немцы. Тут лес быў, і яны сяліліся па ўчастках. Там участак Наймана, яна і называецца Найманаўка. Тут, дзе лясок, Рэнц жыў, Рэнцава сяло. Там Цылька, там Верманава. Так па ўчастках яны жылі».

Карэспандэнт: «А ў вашым дзяцінстве яны гаварылі па-нямецку?»

Марыя: «Гаварылі».

Карэспандэнт: «Можна было заехаць у Розу Люксэмбург і пачуць жывую нямецкую мову…»

Марыя: «Канечне. Была Гопэ Герда, яна працавала на фэрме, як і мая мама. Дык яны па-нямецку размаўлялі толькі так. І мама навучылася па-нямецку. У іх было два сыны. Дык яны іх навучалі нямецкай мове з самага дзяцінства. Мы па-беларуску размаўляем зь імі, а яны маўчаць, не разумеюць. Таму што іх навучалі зь дзяцінства па-нямецку».

Карэспандэнт: «Ці здараліся канфлікты паміж немцамі і беларусамі?»

Марыя: «У нашай вёсцы не было. Мы не адрозьнівалі, немец ці беларус…»

Васьмідзесяцігадовая ўкраінка, што даўно асела ў Розе, Марыя Брыцун часта сумуе без сваіх нямецкіх сябровак і суседак. Якія масава ад’ехалі на гістарычную радзіму падчас развалу Савецкага Саюзу. І ведае амаль усё пра колішні нямецкі побыт. Быць немцам за Сталіным было нялёгка. Асабліва ў галодныя 30-я гады. Калі сваімі супляменьнікамі, на гора ім, вырашыла апекавацца гітлераўская Германія.

Марыя: «Быў паравы млын. Што з усёй акругі сюды везьлі, як у нас казалі, „пітлюваць“ і крупу, і грэчку, і што хочаш. Ну, а як зрабілася рэвалюцыя, дык багацейшыя давай распрадавацца і эміграваць. А каторыя, не падумаўшы, думалі, што іх ніхто чапаць ня будзе. Ім немцы давалі дапамогу. Гуманітарку. У асноўным прадукты».

Карэспандэнт: «З фашысцкай Германіі».

Марыя: «Так. У 30-я гады хто атрымліваў гэту гуманітарку, іх усіх, як ворагаў народу, расстралялі. Як настаў голад у 32-м».

Новыя выпрабаваньні чакалі немцаў з пачаткам Другой усясьветнай вайны.

Марыя: «Ноччу іх усіх, зь дзецьмі, голых, босых пабралі ўжо нашыя — і ў тыл. І Эма, мая аднагодка, расказвала — як мы нагараваліся. Фронт ідзе, а нас папярод фронту ў тыл, далей і далей. Мароз. А мы па полі. Рускія не пускаюць нас. А дзяцей было ў кожнага. Не пускалі. Ноччу прымярзалі да той зямлі».

Карэспандэнт: «Карацей, падчас вайны яны нацярпеліся ў Расеі».

Марыя: «Хадзілі пад хатамі, а ў хаты не пускалі. Палавіну сям’і перахавалі. Бяз трунаў, так. Прыкопвалі, дзе стаялі, на полі. Наша разьведка пабачыла і падумалі — ня дай Бог, немцы прарвуць і пабачаць такія зьдзекі з тых немцаў. І давай па людзях хадзіць, каб тых немцаў забралі па хатах, па кватэрах. Як скончылася вайна, яны як папала стараліся прыехаць сюды. Прыехалі ў таварняках. Іхныя хаты пазасялялі. Дзень ці два яны пабылі — ізноў загад. Іх усіх у вагоны і зноў на цаліну».
Выйшлі і на таго паліцая кажуць: калі ты яшчэ рэкнеш дзе, што яна яўрэйка, то мы цябе першага расстраляем. Немцы былі вельмі добрыя людзі.

Калі ў беларускіх вёсках старыя, успамінаючы вайну, гавораць слова «немцы», дык зразумела, што гаворка ідзе пра салдат акупацыйнай арміі. Якія маглі цукерку даць, а маглі і застрэліць. У Розе Люксэмбург пад гэтым словам разумеюць толькі сваіх гаротнікаў-аднавяскоўцаў. Якія, дарэчы, у вайну баранілі габрэяў. Як ад паліцаяў, так і ад сваіх ваяўнічых супляменьнікаў. Слова Марыі Брыцун.

Марыя: «Побач сусед жыве мой. І да іх зьнекуль прыблыталася яўрэйка. А тут жа немцаў трохі пазаставалася. Пахаваліся. І адзін паліцай кажа, што гэта яўрэйка. Прыйшлі да той жанчыны. Яна кажа: „Гэта з Украіны мая сястра“. Але ж немцы добра ведалі, што яна не сястра. Выйшлі і на таго паліцая кажуць: калі ты яшчэ рэкнеш дзе, што яна яўрэйка, то мы цябе першага расстраляем. Немцы былі вельмі добрыя людзі».

Карэспандэнт: «А паліцай быў…»

Марыя: «А паліцай быў беларус».

Калі б не катаклізмы ХХ стагодзьдзя, як разнастайна і страката выглядала б сёньня Беларусь! Колькі б выдатных людзей засталося жыць! Колькі б ацалела помнікаў архітэктуры! А колькі б нацыяў было і моваў гучала! У тым ліку і беларуская. Апошні зь мясцовых магікан, стары немец Бэртольд Вэрман, сядзеў на сваёй прызьбе і чытаў раёнку. Былы калгасны пастух, ссохлы, амаль бяззубы, ён прайшоў са сваім народам усе наканаваныя шляхі. Быў і ў Расеі, быў на цаліне. Вось толькі ў Нямеччыну не падаўся.

Бэртольд: «У 41-м годзе пачалася вайна. Нас выкінулі».

Карэспандэнт: «Выслалі…»

Бэртольд: «Выслалі. У Расею. Да Тамбова».

Карэспандэнт: «А дзе вы там жылі?»

Бэртольд: «Дамы далі. У калгасе працавалі».

Карэспандэнт: «А як да вас там ставіліся, у Расеі? Цяжка было быць немцам?»

Бэртольд: «Выдатна. Хоць ішла вайна, але яны абыходзіліся з намі выдатна. Кацапы. Сталін нас паразганяў, каб, барані Бог, не папалі мы пад Германію. Фэрштэйн?»

Карэспандэнт: «Фэрштэйн».

Бэртольд: «Я па-нямецку забыўся, як гаварыць. Няма з кім. Я лепш рускую мову ведаю, чым беларускую. Бо я ў кацапах вырас. Вы фэрштэйн ці не фэрштэйн?»

Карэспандэнт: «Ну, фэрштэйн».

Бэртольд: «Я? Ну вось».
Расстралялі ў Мазыры. Фэрштэйн?


Карэспандэнт: «А немцаў раскулачвалі ў трыццатыя гады? Пры Сталіну?»

Бэртольд: «Усё было. Двух дзядзькоў забралі. Бо багатыры былі. У дзядзькі млын быў».

Карэспандэнт: «А ад іх былі нейкія весткі?»

Бэртольд: «Расстралялі ў Мазыры. Фэрштэйн? Я? Зэр гут фэрштэйн?»

Карэспандэнт: «Чым адрозьніваліся немцы ад беларусаў?»

Бэртольд: «Ва ўсіх немцаў спэцыяльнасьці былі. Мой бацька быў столяр, а дзядзька быў каваль. Дзед трымаў сваю кузьню. Спэцыялісты былі».

Карэспандэнт: «А вы ведаеце, што Лукашэнка сказаў пра Гітлера?»

Бэртольд: «Цьфу. Я плюну, так? Хай мяне хоць заб’юць. Я сваё аджыў. Загэн гут ці ня гут загэн?»

Карэспандэнт: «Гут!»

Бэртольд: «Гут загэн? Я? Вось так».