На пачатку верасьня ў Беларусі прайшоў VI Міжнародны кінафэстываль «Магніфікат». Цягам тыдня журы фэстывалю ацаніла 43 стужкі і вызначыла пераможцаў у 13 намінацыях. Старшынявала ў журы пісьменьніца, галоўны рэдактар часопіса «Наша вера» Хрысьціна Лялько.
Міхась Скобла: «Спадарыня Хрысьціна, чаго хапае ў сьвеце, дык гэта кінафэстываляў: іх адбываецца шмат — як у сталіцах, так і ў правінцыйных ці курортных гарадах. Чым адрозьніваецца ад сабе падобных „Магніфікат“?»
Хрысьціна Лялько: «Магніфікат» — каталіцкі кінафэстываль хрысьціянскіх дакумэнтальных фільмаў і тэлепраграмаў. У гэтым яго галоўнае адрозьненьне. Наколькі я ведаю, у нашых суседзяў (апроч Польшчы) падобных кінафэстываляў няма. Калі мне ў 2005 годзе прапанавалі старшыняваць у журы, то мяне гэта прапанова, скажу шчыра, зьдзівіла. Што я, пісьменьніца, буду там рабіць, якое дачыненьне я маю да кіно? — думалася мне тады. Але мяне пераканалі, што гэта каталіцкі кінафэстываль. Урэшце, я ўдзячная Богу, што згадзілася, бо шмат для сябе адкрыла. А перадгісторыя «Магніфікату» наступнная. У 2001 годзе была ўтвораная Ўсясьветная асацыяцыя творцаў кіно, радыё і тэлебачаньня «Signis» у Рыме. У 2003-м у Беларусі была ўтвораная філія гэтай асацыяцыі, дзякуючы якой і ўзьнікла ідэя нашага кінафэстывалю. Наш прамоўтар і ідэйны натхняльнік — вядомы рэжысэр і апэратар Юры Гарулёў. Найперш дзякуючы гэтай асобе зьявілася ідэя «Магніфікату», і рэалізацыя гэтай ідэі належыць таксама найперш Гарулёву«.
Скобла: «А які крытэр адбору стужак ці праграмаў на ваш фэстываль?»
Лялько: «Найперш — мастацкі ўзровень і хрысьціянская тэматыка. Калі мы ладзілі першы фэстываль, было вельмі мала фільмаў, яшчэ пра „Магніфікат“ у сьвеце ня ведалі, мала прыходзіла стужак з-за мяжы. Хрысьціянскімі лічыліся стужкі, у якіх можна было пабачыць купалы храма ці сьвятара на экране. Цяпер жа адчуваецца, як разнастаіцца і паглыбляецца тэматыка, пашыраецца геаграфія
Хацелася б асабліва адзначыць экумэнічны акцэнт нашага кінафэстывалю. Яго дэвіз: „Ot unum sint — каб усе былі адно“.
Скобла: «Якія краіны былі прадстаўлены сёлета на фэстывалі, і якія імёны вы маглі б назваць?»
Лялько: «Сёлета было прадстаўлена 15 краінаў: Вялікабрытанія, Нямеччына, Гішпанія, Італія, Грузія, Латвія, Літва, Украіна, Польшча, Расея, Харватыя, Індыя… Як бачым, даволі шырокая геаграфія. І тут мне хочацца асабліва вылучыць адну краіну, якая прадставіла наймацнейшыя фільмы, — гэта Італія. Італьянскія фільмы сапраўды можна назваць хрысьціянскімі. Як вынік — Гран-пры паехаў у Італію, яго атрымаў Стэфана Саварыёні за фільм «Дзёньнік горнага сьвятара».
Скобла: «Чым фільм італьянца Саварыёні ўразіў журы, у складзе якога былі адны беларусы?»
Лялько: «Галоўны герой фільма — каталіцкі сьвятар — распавядаў пра сваю душу, пра сваё пакліканьне, пра цяжкасьці сьвятарскай працы. Саварыёні сродкамі дакумэнтальнага кіно паказаў душу гэтага чалавека, паказаў праблемы сьвятарства і пакліканьня ўвогуле, таму што гэтае пакліканьне — адно з самых складаных, адно з самых цяжкіх. Здаецца, просьценькі сюжэт — касьцёл у закінутай горнай вёсачцы, служыць малады сьвятар, адарваны ад сьвету, ад сяброў, у яго маленькая парафія. Усё гэта вельмі нагадвае нашы беларускія рэаліі. Так і ўяўляеш нашага беларускага сьвятара, маладога хлопца, якога біскуп пасылае ў нейкую аддаленую вёсачку — і там у яго тыя самыя праблемы, тое ж самае служэньне Богу. На праглядзе мы сядзелі зь Віталем Тарасам. І там быў такі момант — пасьля эўхарыстыі выходзяць бабулькі, яны ўжо забыліся, што толькі што прынялі Хрыста, яны выйшлі і гавораць пра свае звыклыя справы. Віталь павярнуўся да мяне і кажа: „Глядзі, акурат як у нас“. Таксама і ў нас бабулькі, выйшаўшы з касьцёлу, гавораць пра нешта зямное і празаічнае. А сьвятар ізноў застаецца сам-насам са сваімі праблемамі, перажываньнямі, з Богам. Якраз адчуваньне блізкасьці Бога ўразіла мяне ў гэтым фільме. Вельмі часта рэжысэр паказвае нябёсы, якія вельмі блізка навісаюць, плывуць над сьвятыняй, здаецца, шпілі гор працінаюць гэтыя нябёсы. Так рэжысэр паказаў, што Бог вельмі блізка, а калі Бог блізка, то чаго гэта сьвятару перажываць і баяцца? І вось гэтая скразная думка — пра блізкасьць Бога, калі чалавек шчыры з сабою, зь людзьмі і з Богам, — гэта вельмі важна. Вельмі прыгожы і вельмі таленавіты атрымаўся фільм».
Скобла: «У фэстывальнай праграме было 13 намінацый. У тым ліку „за арыгінальную трактоўку вобраза сьвятара“, „за раскрыцьцё тэмы гістарычнай справядлівасьці“, „за раскрыцьцё тэмы экумэнізму“. Перамаглі ў гэтых намінацыях замежныя фільмы. Хіба нашы беларускія не дацягвалі?»
Лялько: «Заўсёды ёсьць пераможцы і ёсьць тыя, хто трошачкі слабейшы, ня горшы, а слабейшы, і не дацягвае, да Гран-пры. Але на фэстывалі былі паказаныя і цікавыя беларускія стужкі. Мяне вельмі прыемна ўразіла маладая рэжысэрка Вольга Дашук. Яна прадставіла фільм „Белавескі край“. Там няма словаў, там ёсьць менавіта мова кіно, працуе камэра, мы бачым прыроду і нашы беларускія сьвятыні — каталіцкія, праваслаўныя. Сьвятыні, упісаныя ў Белавежу. І працу Вольгі Дашук мы адзначылі. Пасьля — „Храмавае кола“ — фільм пра беларускае Паазер’е, пра Браслаўшчыну (рэжысэр Валерыя Скварцова). У фільме распавядае пра сьвятыні ксёндз Сяргей Сурыновіч. І гэтая прыгожая стужка была адзначаная. Былі дзьве праблемныя стужкі — „Галоўная роля“ і „Лямпа ня гасьне“ — маладога рэжысэра Міхальцова, які дасьледаваў праблему наркотыкаў у жыцьці моладзі.
Нельга сказаць, што беларускі кінэматограф кепска працуе, што ў нас слабая дакумэнталістыка.
Скобла: «Хрысьціна, я магу назваць фільм, які, як мне здаецца, мог бы прэтэндаваць на перамогу ў намінацыі „за раскрыцьцё тэмы гістарычнай справядлівасьці“. Гэта фільм Аляксея Шэіна „Хрыстос забаронены“. Я яго бачыў, гэты фільм вельмі цікавы, але ён быў зьняты з паказу на „Магніфікаце“, прычым, у апошні дзень. Чаму так сталася?»
Лялько: «Я не зьяўляюся арганізатарам фэстывалю, і на гэтае пытаньне мне цяжка адказаць. Як старшыня журы, я разглядала тыя фільмы, якія ўдзельнічалі ў фэстывалі. Я чула, што фільм „Хрыстос забаронены“ быў зьняты. Гэта інфармацыя была вядомая і сябрам журы, і ўдзельнікам фэстывалю. Што тут можна сказаць? Сумна, калі ў нас яшчэ нешта забараняюць. Я думаю, што мы жывем у дэмакратычным грамадзтве, і забарона — гэта ня лепшы мэтад. Хай бы гэты фільм людзі паглядзелі і ацанілі. Думаю, што ніякай шкоды ад гэтага не было б. Паўтаруся, мне невядомыя прычыны, па якіх фільм ня трапіў на „Магніфікат“.
Скобла: „На адкрыцьці фэстывалю ў Менскім архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі прысутнічалі і дзяржаўныя чыноўнікі. А ці дапамагае дзяржава ў правядзеньні самога фэстывалю?“
Лялько: „Дапамагае мясцовая ўлада — Глыбоцкі райвыканкам, Віцебскі аблвыканкам, ёсьць нават спэцыяльныя прызы. Мне хочацца сказаць словы ўдзячнасьці кіраўнікам Глыбоцкага раёну, гасьціннай Глыбоччыне, дзе фэстываль ужо прыжыўся. Там прыемна бываць, гэта вельмі прыгожы край. Звычайна, фэстываль адкрываецца ў паселішчы Ўдзела, там знаходзіцца кляштар францішканаў (паколькі „Магніфікат“ зьвязаны з францішканцкім фэстывалем „Непакалянаў“). Прыгажосьць Мосара заўсёды захапляе нашых гасьцей, асабліва замежных. Таму можна сказаць, што дзяржава ўдзельнічае — на раённым і абласным узроўнях“.
Скобла: „Магніфікат“ сёлета праходзіў ужо шостым разам, і колькасьць паказаных на гэтым фэстывалі за ўсе гады фільмаў складае, мабыць, ужо некалькі соцень. Але ж беларусы іх ня бачаць. Якім чынам можна паглядзець гэтыя стужкі? Наўрад ці Беларускае тэлебачаньне кінецца іх паказваць».
Лялько: «Я за Беларускае тэлебачаньне не адказваю. Справа ў тым, што пасьля заканчэньня „Магніфікату“ ладзіцца адмысловая акцыя — „Рэха фэстывалю“. Рэжысэр Юры Гарулёў са сваёй камандай выяжджае з паказамі, і я ведаю дакладна, што ў мінулым годзе паказваліся фільмы ў Гарадзенскай і Пінскай духоўных сэмінарыях, па касьцёлах. Вядома, хочацца, каб гэтыя фільмы паглядзела як мага больш людзей, бо яны вартыя таго. Калі б Беларускае тэлебачаньне зацікавілася імі, то яно б толькі выйграла ад гэтага».