Выйшаў на волю эколяг Уладзімер Валодзін

Уладзімер Валодзін, якога 9 дзён трымалі за кратамі ў ізалятары на Акрэсьціна, выйшаў на волю 17 верасьня.


"Мяне падазравалі ў датычнасьці ажно па трох эпізодах: нападзе на філіял "Беларусьбанку", на Дом прафсаюзаў 30 красавіка і нападзе на ізалятар на Акрэсьціна ў пачатку верасьня. Паступова выстаўлялі гэтыя тры падазрэньні і працягвалі ўтрыманьне пад вартай. Віны сваёй я ні ў чым не прызнаў, але застаюся і цяпер ў стане падазронага. Мяркую, што да мяне, гэта чыста палітычная справа — некалі, відаць, трапіў у сьпісы нядобранадзейных за маю пазыцыю ў пытаньні аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Здаецца, нават міліцыянты на Акрэсьціна зразумелі, што гэта справа палітычная".

Уладзімер Валодзін кажа, што яму не задавалася пытаньняў пра магчымую датычнасьць расейскіх спэцслужбаў да нападу на амбасаду Расеі 30 жніўня. "Што я чуў ад сьледчых, дык гэта пра магчымую маю прыналежнасьць да нейкай экстрэмісцкай групоўкі, але гэта няпраўда", — кажа эколяг.

Па справах аб нападах на амбасаду Расеі і ізалятар на Акрэсьціна за кратамі яшчэ застаюцца анархісты Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч, а таксама актывіст "Правага альянсу" Ігар Чапіга. Уладзімер Валодзін не выключае, што па гэтых справах было больш затрыманых, але іх сваякі не жадаюць пакуль афішаваць іх імёны.